Людзі і справы

«Дзеці паўсюль аднолькавыя». Як гродзенскі актор стаў Санта Клаусам у эміграцыі

Дзед Мароз, Санта Клаус, Святы Мікалай ці Зюзя патрэбны беларускім дзецям? Гродзенскі акцёр і рэжысёр Аляксандр Енджэеўскі ведае адказ. Ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, але на новым месцы не здрадзіў сабе і прыносіць дзецям падарункі і цуды.

Аляксандр Енджэеўскі — былы акцёр Гродзенскага тэатра лялек, вядоўца і шоўмен. У тэатры лялек працаваў з 1996 года. Граў у спектаклях «Сон у летнюю ноч», «Зімовая казка», «Каралева снягоў», «Пікавая дама», «Прыгоды доктара Д.Д.», «Царэўна-жаба», «Візіт старой дамы» і іншых. Як рэжысёр паставіў спектакль «Ванільнае марожанае з лімонам». У 2020 годзе мадэраваў сустрэчу гродзенцаў з кіраўніком горада Мечыславам Гоем падчас паслявыбарных пратэстаў. У канцы 2021 года яму прапанавалі звольніцца з тэатра лялек па ўласным жаданні. У траўні 2023 быў затрыманы за распаўсюд і захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У Беластоку Аляксандр з сям’ёй аказаўся пяць месяцаў таму. Калі збіралі рэчы і абіралі, што забраць з сабой у эміграцыю, пытання, ці браць строй Санты, не стаяла, падзяліўся ён у выпуску праекта «Беларусы могуць».

Дзедам Марозам ён быў у Беларусі яшчэ з 1990-х, калі вучыўся ў Культпрасветвучэльні (сучасны каледж мастацтваў) і гэта была ягоная вучэбная практыка. Тады Дзеду Марозу трэба было ў прамым сэнсе скакаць і мець вялікую вытрымку. Дзеці ставіліся да яго досыць жорстка, як да клоўна, якога можна было дзёргаць за бараду.

Аляксандр Енджэеўскі. Скрыншот Hrodna.life з праекта «Беларусы могуць»

Пазней Аляксандр працаваў у тэатры, вёў вяселлі і карпаратывы. Ролю Дзеда Мароза выконваў ужо рэдка, але штораз з радасцю. Аднойчы давялося нават плаваць з барадой у басейне: навагодні карпаратыў, куды яго паклікалі працаваць, ладзілі ў аквапарку.

«Два гады таму ў Беларусі мне перакрылі ўсе віды дзейнасці і прыйшлося зноў вярнуцца ў сферу казачнага чараўніка, зноў пачаў дзедмарозіць», — згадвае Аляксандр.

Адмыслова для гэтага ягоная жонка Кацярына, мастачка па касцюмах і мадэльер, распрацавала ўніверсальны строй — спалучэнне Дзеда Мароза і Санты Клауса. «Кашуля — ад вясельнага строя, у нас было тэматычнае вяселле ў стылі піратаў, штаны — пашылі, падцяжкі - купілі, бараду мне падарыў мой сябар, сказаў, у цябе такі Дзед Мароз, што не мае права хадзіць з кепскай барадой», — пералічвае Аляксандр. Да строя абавязкова дадае эфект сівізны на бровы і накладны жывот.

Аляксандр Енджэеўскі. Скрыншот Hrodna.life з праекта «Беларусы могуць»

Больш Аляксандру ўсё ж падабаецца Санта Клаус. «У яго ёсць і місіс Санта, і эльфы. А тут нейкі дзядуля, па-мойму, ён пасварыўся з Мяцеліцай, а ўнучка адна ходзіць…», — смяецца актор.

«Я аднолькава добра стаўлюся і да вобраза Дзеда Мароза, і да вобраза Санта Клауса, і Зюзі. Гэта ўсё выдатныя вобразы са сваёй вельмі багатай гісторыяй, і самае важнае — як ты гэты вобраз падносіш».

Аляксандр Енджэеўскі. Скрыншот Hrodna.life з праекта «Беларусы могуць»

Сярод найгоршых прыкладаў Аляксандр прыгадвае дзіцячы садок, калі чараўнік заходзіць, дзеці пішчаць ад радасці, Дзед Мароз пытае [Аляксандр паказвае тонкім голасам — Hrodna.life]: «Ці пазналі мяне, дзеці?», а дзеці ў адказ: «Так, Алена Іванаўна, гэта вы!». «Мне шалёна шкада гэтых выхавацелек, якіх прымушаюць выконваць Дзеда Мароза, ці на дворніка апрануць». На другім месцы — працаўнікі прадпрыемстваў, якія едуць да кагосьці дадому, ці ходзяць і віншуюць па цэхах, кабінетах. Яны робяць гэта ад душы, але «барада набок, і гэта псуе вобраз Дзеда Мароза». Аляксандр перакананы, што кожны мусіць займацца сваёй справай. Лепш скінуцца па 2 рублі і запрасіць прафесійнага актора, каб і ў дзяцей, і ў дарослых быў сапраўдны Дзед Мароз, ці прынамсі такі, у якога можна паверыць.

Гродзенскі Санта Клаус прыйшоў да беларускіх дзетак у Беластоку. Скрыншот Hrodna.life з праекта «Беларусы могуць»

Найбольш Аляксандр грэбуе аддаваць камусьці сваю бараду — для яго гэта вельмі асабістае. Неяк яму давялося працаваць на двух карпаратывах, якія былі праз дарогу адно ад аднаго. Пакуль на адным быў доўгі перапынак, ён зняў строй, пабег на другое свята і апрануў там іншы строй. А калі вярнуўся, знайшоў у першай установе сябе самога — адзін з супрацоўнікаў падвыпіў, знайшоў строй Аляксандра і апрануў яго разам з барадой. «Я думаў, я вар’яцею, бо бачу сябе, які ходзіць, нешта кажа, водзіць карагоды. І не ведаў, ці не забіць яго, бо ён узяў чужы касцюм. І раззлаваўся, і смяяўся».

Зараз Аляксандр Енджэеўскі прыходзіць у дамы беларусаў у Беластоку ў вобразе Санты Клауса або таго чараўніка, якога чакаюць дзеці.

«Усё адно, у дзіцяці, у дарослага будзе прысутнічаць у душы вобраз нейкага чараўніка, у якога яны будуць нешта прасіць, фізічнае ці метафізічнае».

Аляксандр Енджэеўскі ў вобразе Санты. Скрыншот Hrodna.life з праекта «Беларусы могуць»

Ён кажа дзеткам, што падглядае ў акенца і сочыць, ці добра яны сябе паводзяць. Загадвае ім загадкі, чытае казкі, а таксама адгадвае іх жаданні. «Дзеці паўсюль аднолькавыя. Самае галоўнае, што ў іх сэрцы ёсць месца, дзе жыве гэты самы Дзед Мароз».

Чытайце таксама: Падарункі на Каляды прыносяць не толькі мужчыны-чараўнікі: альтэрнатывы Дзеду Марозу з розных краін

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024