Як выбраць, дзе ў летку пасядзець на вуліцы з кавай ці ліманадам? У Гродне летніх пляцовак — дзясяткі, як і кавярняў ды бараў. Рэдакцыя Hrodna.life выбрала самыя адметныя з іх: у кожнай свае непаўторныя асаблівасці і прычыны выбраць менавіта яе.
Самы маляўнічы від -«Наше место»
Кавярня «Наше место» знаходзіцца на высокім левым беразе Нёмана, на вуліцы Дарвіна, 24. У летні перыяд кавярня выстаўляе на тратуар, побач з уваходам, два столікі і крэслы. Парасона няма.
Калі зрабіць некалькі крокаў ад кавярні, то кубачак кавы можна выпіць на высокім беразе Нёмана з відам на старую частку горада. У кавяррні, вам могуць прапанаваць раскладныя крэслы і пледы. Таму ў вас будзе і прыгожы від, і зручнае месца для сядзення.
Паглядаючы на Гродна зверху, узгадайце, што цягам стагоддзяў менавіту адсюль малявалі наш горад мастакі: Адэльгаўзер, Макоўскі, Орда.
Час працы:
Панядзелак — ядзеля: 9:00 — 23:00
Самае таямнічае месца — «Гости»
Двухпавярховая рэстарацыя-бровар «Госці» знаходзіцца на вуліцы Замкавай, 3. Ці ведалі вы, што гэта ўстанова таксама выставіла летнюю пляцоўку? Яна схавана за будынкам, з боку сквера, дзе калісьці знаходзілася Фара Вітаўта. Убачыць яе з вуліцы Замкавай амаль немагчыма.
Увечары пляцоўка ў выглядзе ззяючых святлом прашклёных паўсфер выглядае асаблівы прыгожа!
Час працы:
Панядзелак — чацвер: 14:00 — 01:00
Пятніца — субота: 14:00 — 03:00
Нядзеля: 14:00 — 01:00
Самае гістарычнае месца — «Беласток»
Рэстаран «Беласток» знаходзіцца побач з гандлёвым домам «Нёман» — у падвале будынка на вуліцы Віленскай, 2. У гэтым жа будынку, толькі паверхам вышэй, з 1974 года працаваў вядомы ў горадзе рэстаран з такой жа назвай. З 1985 года ўвесь будынак пуставаў - яго закрылі на рамонт, які доўжыўся больш за 30 гадоў!
Калі ўявіць сабе, што сённяшні «Беласток» працягвае традыцыі колішняга, то гэта безумоўна будзе старэйшая рэстарацыя горада.
У летні час «Беласток» выстаўляе сваю невялікую вулічную пляцоўку побач з уваходам.
Час працы:
Панядзелак — чацвер: 11:00 — 23:00
Пятніца — субота: 11:00 — 01:00
Самае тусовачнае — «Джезва»
Кавярня «Джезва» размяшчаецца на Савецкай, 5. Калі прайсці праз кавярню альбо абыйсці навокал суседні будынак на Савецкай, 7, то можна патрапіць ва ўнутраны дворык. Ён упрыгожаны рознакаляровымі ліхтарыкамі, а пасярод дворыка стаіць адметны жоўты запарожац.
Летам кавярня выстаўляе драўляныя крэслы і сталы, час ад часу там выступаюць DJ і музыкі. Таму ў летні вечар знайсці вольнае месца можна быць складанай задачай. Усе ж любяць ежу, віно, музыку і тусоўкі.
Час працы:
Панядзелак — нядзеля: 8:00 — 23:00
Самае высокае — лаўнж-кафэ «Крыша Мира«
Лаўнж-кафэ размяшчаецца на даху гандлёвага дома «Нёман». Адтуль адкрываецца панарама на цэнтральную частку Гродна. Там можна не толькі паеці і адпачыць, але і зрабіць сэлфі з відам ці не на любую частку горада. Хочаш — на фоне Фарны касцёл, хочаш — гарвыканкам, хочаш — Каложскі парк або гарадскі стадыён.
Падняцца ў кафэ можна на панарамным ліфце альбо па лесвіцы ў будынку ўнівермага. Падказка ад Hrodna.life: калі да ліфта чарга, то ўнутры будынка ёсць яшчэ тры (!) ліфты. На іх можна даехаць да апошняга паверху, а далей прайсці праз «Большой буфет» і выйсці па лесвіцы на дах. Эканомія часу!
Час працы:
Панядзелак — чацвер: 10:00 — 23:00
Пятніца — субота: 10:00 — 00:00
Нядзеля: 10:00 — 23:00
Самае беларускае — кафэ «Дранікі»
Кафэ «Дранікі» знаходзіцца на вуліцы Ажэшкі, 35а. Там падаюць традыцыйныя беларускія дранікі з разнастайным начыненнем: ялавічынай, свінінай, рыбай. Варта зайсці хаця б таму, што ў траўні 2022 года беларускія дранікі прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю краіны. Акрамя гэтага, у кафэ можна заказаць пяльмені і пакаштаваць самае смачнае ў горадзе самаробнае марожанае.
Летняя пляцоўка: уладальнікі выставілі ля ўваходу два столікі з крэсламі. Мінус — дастаткова шумная і рухлівая вуліца зусім побач.
Час працы:
Панядзелак — нядзеля: 10:00 — 22:00
Самае італьянскае — піцэрыя «Форно»
Піцэрыя размяшчаецца на 1-ай Працоўнай вуліцы, 10. Яе ў 2018 годзе адкрыў італьянец і ўсталяваў там традыцыйную італьянскую печ на дровах. Менавіта ў ёй гатуюць піцу.
Летняя тэраса: стандартныя драўляныя сталы і крэслы, а таксама парасоны ад «Лідскага».
Час працы:
Панядзелак — чацвер: 12:00 — 23:00
Пятніца — субота: 12:00 — 00:00
Нядзеля: 12:00 — 23:00
Самае новае — кафе «Street food«
Побач з летняй тэрасай «Клевер» у траўні 2022 года адкрылася кафэ «Street food». Там можна паесці шаўрму, бургеры, хот-догі, а таксама закускі. Але ўласнікі кажуць, што ў звыклай для гродзенцаў форме яны падаюць новыя смакі: з больш вострымі соўсамі, бліжэйшыя да паназіяцкай кухні. Спосаб прыгатавання мяса таксама, як кажуць, адрозніваецца. Ёсць веганская шаўрма з фалафелем.
Пляцоўка: вялікы крыты памост з вялікім сталамі і канапамі ды асобнымі меншымі столікам з высокімі крэсламі. У агароджы вакол пляцоўкі - жывыя кветкі ў гаршках.
Час працы:
Панядзелак — нядзела: 12:00 — 23:00
Самае разнастайнае месца — Маставая, 31
У будынку былой пальчаткавай фабрыцы на Маставой, 31, размяшчаецца адразу некалькі ўстановаў. Сярод іх: бары, рэстарацыі і кавярня. Некаторыя нават параўноўваюць гэтае месца з мінскім вуліцамі Кастрычніцкай і Зыбіцкай.
«SPRAVA»
Летняя пляцоўка ў кавярні «SPRAVA»: драўляны насціл з крэсламі і столікамі кавярня размясціла ва ўнутраным дворыку. На тэрасу можна патрапіць з памяшкання кавярні, праз арку ў будынку з вуліцы Маставой або праз шлагбаўм з боку Дома быту.
Час працы:
Панядзелак — чацвер: 09:00 — 23:00
Пятница — субота: 09:00 — 01:00
Нядзеля: 10:00 — 23:00
Чытайце таксама: Гродна — беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў «за» ад экспертаў
«Гранат»
У меню рэстабара «Гранат» ёсць ланчы, пасты, сушы. Летняя пляцоўка: драўляны насціл са столікамі і лавамі з падушкамі, накрытымі парасонамі. Пляцоўка знаходзіцца з боку вуліцы Маставой.
Час працы:
Панядзелак — чацвер: 12:00 — 01:00
Пятніца: 12:00 — 05:00
Субота: 16:00 — 05:00
Нядзеля: 16:00 — 01:00
«Верден»
«Гранат» — не адзіны рэстаран, які размяшчаецца ў будынку былой пальчаткавай фабрыкі. Летнюю пляцоўку выстаўляе гастрабар «Верден»: столікі і лавы з подушкамі наўпрост на тратуары. Замест парасонаў - адзін вялікі дах з тканіны, які можна складваць і раскладваць пры патрэбе.
Час працы:
Панядзелак — чацвер: 08:00 — 00:00
Пятніца — субота: 08:00 — 02:00
Нядзеля — 08:00 — 00:00
У сутарэннях будынка таксама размяшчаюцца бары «Урбанист» і «PODVAL». Амаль насупраць увахода ў кавярню «SPRAVA» размяшчаецца бар «SVABODA». Ён выстаўляе летнюю пляцоўку на вуліцы Маставой побач з плошчай Савецкай. У хуткім часе на Маставой, 31 адкрыцца новы бар «Молодость», у якога таксама будзе летняя пляцоўка — яе ўжо амаль замантавалі.
Самая экалагічнае месца — «ТЕПЛО»
Кавярня «Цяпло» размяшчаецца ў дворыку навабуда на Вялікай Траецкай, 37. Яе адкрылі ў сакавіку 2022 года. Падчас узвядзення новага будынку ў дворыку не сталі спілоўваць старое дрэва, яго пакінулі і зрабілі фішкай установы.
На падворку побач з кавярняй уладальнікі выставілі драўляныя крэслы і сталы. Парасонаў няма, таму выпіць філіжанку кавы альбо кубак гарбаты пад дажджом і застацца сухім не атрымаецца.
Час працы:
Панядзелак — чацвер: 09:00 — 22:00
Пятніца — субота: 09:00 — 23:00
Нядзеля: 09:00 — 22:00
Чытайце таксама: Дзе ў кавярнях Гродна папрацаваць з ноўтбукам. Глядзіце месцы ў цэнтры горада