Рэстаран «Беласток» размесціцца на цокальным паверсе бізнес-цэнтра «На Віленскай». Установу рыхтуюць да адкрыцця ўжо некалькі месяцаў. Калі пашанцуе, «Беласток» адкрыецца да канца 2018 года.

Пра канцэпцыю ўстановы і дату адкрыцця ўладальнік гаварыць не спяшаецца. Вядома, што ў яго ўжо ёсць даволі паспяховы рэстаран у Міры. Там акцэнт зроблены на беларускую кухню. Ёсць верагоднасць, што і ў гродзенскай установе будзе нешта падобнае.

Назву «Беласток» уладальнік выбраў не проста так. У гэтым жа будынку, толькі паверхам вышэй, з 1974 года працаваў вядомы ў горадзе рэстаран «Беласток». З 1985 года памяшканне пуставала, рэстаран пераехаў у будынак на скрыжаванні Гараднічанскай і Тэльмана. Праз 32 гады, у лютым 2017 года, у памяшканнях былога рэстарана адкрыліся фірмовы магазін і кавярня «Камунарка».

Даведка

Праект арыгінальнага рэстарана «Беласток» выконвалі беластоцкія архітэктары, элементы інтэр'еру, мэблю і сервіроўкі прывезлі з Польшчы. Польскія акцэнты былі і ў меню: можна было, напрыклад, замовіць «татар» — так у Польшчы называюць страву з сырой прапушчанай праз мясарубку ялавічыны з цыбуляй і сырым жаўтком. «Беласток» доўгі час лічыўся адным з лепшых месцаў Гродна, у нейкім сэнсе нават элітным. Туды не проста хадзілі паабедаць, а адпачыць.

Вяртанне легенды: рэстаран "Беласток" зноў адкрыюць у цэнтры Гродна
Рэстаран «Беласток» 1970-я г.
У «Беластоку» ўпершыню рэстаранныя музыкі працавалі на прафесійнай аснове. Там можна было не толькі паслухаць якасную жывую музыку, напрыклад каверы «Бітлз», але і патанцаваць. Менавіта таму ўвечары ўваход у рэстаран быў платны — 1 рубель 50 капеек.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life