З 18 кастрычніка на вуліцы Савецкай адкрылася кавярня «Джэзва». Яна прыйшла на змену «Кофейня Я», якая працавала ў гэтым месцы апошнія тры гады. Новая ўстанова — зусім іншага фармату.

Унутры былой кавярні памянялася ўсё. Уладальнікі запланавалі рамонт яшчэ ў студзені і толькі ў сярэдзіне кастрычніка здолелі запусціць новы праект.

«Прайшоў час таго праекта, цяпер трэба крочыць у нагу з часам, — кажа ўладальнік Павел Папялушка. — За апошні час у Гродне з’явілася шмат моцных гульцоў са свежай кавай і мы прынялі рашэнне гуляць у гэтую гульню далей, бо вельмі моцна любім каву. У свой новы праект мы ўклалі душу і сілу. Мы можам не саромецца „Джэзвы“, па інтэр'еры і абсталяванні мы можам параўнацца з вядомымі еўрапейскімі кавярнямі».

У джэзве — толькі specialty

Назва гаворыць сама за сябе: асноўны спосаб прыгатавання кавы тут — на пяску і ў джэзве.

«Сёння мы адзіныя ў горадзе, дзе можна выпіць такой кавы. Гэта эксклюзіў. Для стандартных кававых напояў мы маем свежаабсмажаную каву, якую для нас робяць спецыяльна нашы партнёры з Мінска. У джэзву выкарыстоўваем толькі свежае зерне арабіка і зерне класу Specialty».

«Джэзва» разлічана на 22 пасадачных месцы. Ёсць барная стойка і ўласная кухня. Інтэр'ер выкананы ў класічным стылі з адкрытай арыгінальнай муроўкай, што паказвае гісторыю аб’екта.

«Мы думаем, у нас спадабаецца гродзенцам і гасцям горада, — дадае Павел. — У меню мы практычна адмовіліся ад паўфабрыкатаў і замарозкі, на 90% усё выпякаем на месцы. Гэта бэйглы, круасаны, венскія вафлі і іншае. Не забыліся і пра вегетарыянцаў, для іх у нас адмысловыя стравы».

У меню ёсць таксама моцны алкаголь і віно.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life