30 гадоў таму ў цэнтры Рыгі знаходзілася турма КДБ. Зараз там музей. Экскурсія туды нагадала пра мае адчуванні падчас затрымання ў жніўні 2020 года ў Гродне. Падобныя ўражанні маглі б быць і ў астатніх 13 тысяч затрыманых у Беларусі пасля выбараў. Сучасныя беларускія ізалятары адрозніваюцца ад савецкіх нязначна: ружовыя сцены і свежыя дошкі робяць іх крыху ярчэй. А ўспаміны нават аб кароткім знаходжанні там застаюцца на ўсё жыццё.
Як падтрымаць рэдакцыю Hrodna. life?
Каб рэдакцыя магла ўтрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай.
Назад у СССР
Турма ў будынку КДБ у цэнтры Рыгі працавала з 1940 года, калі ў Латвію прыйшла савецкая ўлада, да распаду СССР у 1991 годзе. Часам у невялікія камеры набівалі па некалькі дзясяткаў чалавек. У турме быў свой расстрэльны пакой. У незалежнай Латвіі ў падвалах будынка захавалі 44 камеры, у якіх нічога не мянялі.

Вернемся ў Гродна
У жніўні 2020 года я сам апынуўся ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Гая ў Гродне. Патрапіўшы ў ІЧУ, я адразу ўспомніў гісторыі герояў сваіх кніг, якія прайшлі праз падобнае ў 1940-х гг. Людміла Тупіцына, якая нарадзілася ў 1930 годзе, падчас нямецкай акупацыі некалькі месяцаў правяла ў гродзенскай турме. Ёй было 12 гадоў.
«У камеры было шмат людзей, прайсці нідзе нельга было. Іншым разам ледзь не спалі седзячы. Кармілі нас тры разы ў дзень: раніцай кавалачак хлеба з пілавіннем і штосьці тыпу кававага напою; на абед давалі пару бульбін і буракі, якія раслі на тэрыторыі турмы; а ўвечары была зацірка. Жудасна было сядзець, нас нават на шпацыр не выводзілі. Жанчын і дзяцей трымалі асобна ад мужчын. З намі ў камеры сядзела сям’я са Скідзеля. Памятаю, што ў адной жанчыны захварэлі дзеці, так немцы іх узялі нібыта лячыць і не вярнулі. Гэтая жанчына за адну ноч пасівела. Чым займаліся некалькі месяцаў у турме? У акно глядзелі пастаянна».
Так і я ў 2020 годзе ўвесь час глядзеў у акно ў ізалятары. У маім выпадку пра законныя прагулкі на вуліцы таксама гаворкі не ішло. Свежае паветра ў камеру паступала з ледзь адкрытага акна, на якім было некалькі слаёў крат. З гэтага акна можна было разгледзець нейкія гаражы і фрагмент гіпермаркета «Карона» на вуліцы Янкі Купалы.

Камера, у якой мяне трымалі да суда, была разлічана на двух чалавек, але часам нас было шасцёра.
Пасля суда мяне перавялі ў новую чатырохмясцовую камеру. Калі ў ізалятар прыводзілі новых асуджаных, камеры перапаўняліся і сваім спальным месцам даводзілася дзяліцца яшчэ з кім-небудзь.
«Спальнае месца», мабыць, занадта прыгожыя словы для драўлянага насцілу, на якім мы тры дні спалі без матрацаў і бялізны. У ізалятары такія месцы называюць «нарамі».
Паміж двух’яруснымі «нарамі» — стол для прыёму ежы. У некалькіх метрах ад яго — туалет і рукамыйніца.

Прыкметы ізалятара
Ежа. Нас пакармілі толькі на трэці дзень пасля затрымання. Да гэтага адзін з ахоўнікаў сказаў, што чалавек можа пратрымацца на вадзе 30 дзён. Пасля перажытага стрэсу і есці толкам не хацелася. Пазней нас усё-ткі пакармілі. Казалі, што ізалятар заказваў абеды ў суседнім кафэ, таму ежа была нармальная: суп, хлеб і макароны з катлетай.
Патрэба. Туалет аддзяляе ад «нар» невялікая перагародка. Рукамыйніца працякала, таму каму-небудзь з зняволеных пастаянна даводзілася выціраць падлогу. Першыя некалькі гадзін я не адважваўся піць ваду з гэтай рукамыйніцы, але выбару не было. Сцены камеры пафарбаваныя ў ружовы колер, напэўна, для добрага настрою асуджаных. Пастаяннае святло ў камеры не дае магчымасці заснуць.
Вочка для ахоўніка. У камеру вядуць жалезныя дзверы з вочкам для ахоўнікаў. У дзверы ўбудаваная фортка, якую называюць «кармушкай». Праз яе перадаюць ежу. Па правілах такія фортачкі ў ізалятарах павінны быць зачыненыя, але ў спякоту «кармушку» ахоўнікі часам адкрываюць.

У нас у ізалятары яе адкрывалі ўсяго некалькі разоў: калі перадавалі перадачу і таблеткі, калі вырашылі пакарміць на трэці дзень і адзін раз, калі было горача.
У ізалятары я правёў амаль трое сутак з сямі, якія даў суд Кастрычніцкага раёна. Яшчэ ў ІЧУ разам з адвакатам мы падалі абскарджанне ў абласны суд і ён адмяніў рашэнне суда Кастрычніцкага раёна. Судзімасць з мяне знялі, але праведзены ў ізалятары час пакінуў след.
Тысячы беларусаў з 9 жніўня апынуліся ў зняволенні і правялі па некалькі сутак у турме або ізалятарах часовага ўтрымання за сваю грамадзянскую пазіцыю. Многія яшчэ сядзяць. Дзяржаўнае тэлебачанне кажа пра добрыя ўмовы, амаль як у санаторыях, і нармальнае стаўленне з боку аховы, але гэта далёка ад ісціны.
У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.
Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай.
З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.
Чытайце таксама:
- «Не дзеля грошай, а для супольнасці». Менеджарка Hrodna. life пра тое, як не даць замаўчаць незалежнаму медыя
- «Няёмка, калі нас называюць героямі». Рэпарцёр Hrodna. life аб тым, адкуль яна бярэ сілы
- Чаго мы не можам. Галоўны рэдактар пра тое, што зрабіць, каб незалежныя медыі не замаўчалі
- «Забастовка» на Hrodna.life. Как протестуют журналисты и как поддержать независимое медиа
- «Я быў пазначаным». Руслан Кулевіч распавёў ўсё пра затрыманне, суд і цкаванне пасля «сутак»