Васіль Герасімчык: “Каліноўскі быў бы супраць “Карты паляка”

Гісторык, даследчык паўстання 1863 года і аўтар кнігі “Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда” Васіль Герасімчык спецыяльна для Hrodna.life патлумачыў, чаму лічыць акцыю арганізацыі “Młode Kresy” правакацыяй.

Прадстаўнікі фонду “Młode Kresy”, створанага ў Польшчы студэнтамі ў Гродзеншчыны, напярэдадні перапісу насельніцтва ў Беларусі праводзяць акцыю “Pamiętam Kim Jestem” (“Памятаю, хто я”). У яе рамках пачалі з’яўляцца налепкі ў выглядзе карты паляка з выявай Міцкевіча, Касцюшкі і Каліноўскага. Выкарыстанне асобы апошняга выклікала шэраг водкукаў.

Заклік узгадаць свае карані – гэта выдатная ініцыятыва! У гэтым плане я асабіста падтрымліваю грамадзян Беларусі розных нацыянальнасцяў, якія напярэдадні перапісу шукаюць спосабы дагрукацца да сваіх землякоў, каб тыя задаліся пытаннем: што для тых значыць ідэнтычнасць і якое месца яна займае ў іхным жыцці? У гэтым плане слушна выглядае і акцыя польскай супольнасці ў Беларусі. Але дзейнасць арганізацыі “Młode Kresy” інакш як правакацыяй я назваць не магу.

Зварот да палякаў ці да ўсіх?

Выклікае пытанне іх “Адозва да жыхароў Заходняй Беларусі”. Ёю адразу ставіцца пад сумнеў шчырасць прадстаўнікоў “Маладых Крэсаў” у сваіх дзеяннях, бо звяртаюцца яны, як атрымоўваецца, да ўсіх “жыхароў Заходняй Беларусі”, а не “жыхароў польскага паходжання ў Беларусі”. У такім разе паўстае пытанне, ці сапраўды цікавяць іх “палякі ў Беларусі”?

Тым больш націск на адзін рэгіён, які акрэслілі “Маладыя Крэсы” (відавочная паралель з “Усходнімі Крэсамі” міжваеннай Польшчы), выглядае як адзін з матэрыялаў да вайсковых вучэнняў з так званай “Вейшнорыяй”.

Дарэчы, адозва напісаная па-польску і па-руску, без тлумачэння на беларускую мову, нягледзячы на заяву ў інтэрв’ю незалежным выданням аднаго з прадстаўнікоў арганізацыі “Маладыя Крэсы” пра павагу “да Беларусі, беларускай мовы і культуры”.

Касцюшка, Міцкевіч і Каліноўскі маглі б атрымаць “карту паляка”, але ці хацелі б?

Выкарыстанне выяў персаналіяў агульнай гісторыі на “Карце паляка” – гэта непрыхаваная маніпуляцыя і адкрыты выклік. Апусцім маніпуляванне палітонімам “паляк”, напаўненне якого ў ХІХ стагоддзі было зусім іншым, чым у ХХІ стагоддзі ў дачыненні да адпаведнай нацыянальнасці. І звернемся да таго, як прадстаўнікі “Маладых крэсаў” адлюстравалі месца “жыхароў Заходняй Беларусі” у сваім светапоглядзе.

“Карта паляка” ўжо даўно асацыюецца з магчымасцю бясплатнай візы і доступу ў краіны ЕС, паездкі па закупы, і, у апошні час, працаўладкавання ў Польшчы. Аднак гэта яшчэ не значыць атрыманне польскага грамадзянства і тым больш пераезд патэнцыйных працаўнікоў у саму Польшчу, для чаго менавіта “карта паляка” і задумвалася. Таму першапачаткова яе было атрымаць зусім лёгка, чым і скарысталіся многія кемлівыя жыхары Усходня Еўропы, якія насамрэч палякамі сябе ніколі не лічылі і не палічаць. Цяпер жа “Маладыя Крэсы” бачаць у гэтым вялікую праблему.

У такім разе, сапраўды, і Касцюшка, і Міцкевіч, і нават Каліноўскі маглі б прэтэндаваць на “карту паляка”, але ці б пажадалі яны таго? Такое этычнае, злабадзённае перш за ўсё для Беларусі пытанне “Маладыя крэсы” нават не цікавіць, бо жывуць яны ў зусім іншай краіне, на карысць якой і працуюць. Мяркую, у выпадку Каліноўскага, якому нават не знайшлося месца ў польскіх падручніках па гісторыі і які выступаў супраць усялякіх штучных падзелаў грамадства, тым больш наяўнасці ў ім нейкіх прывілеяваных колаў, пазначаных “картамі”, адказ відавочны.

Я не ведаю, чым насамрэч кіраваліся прадстаўнікі арганізацыі “Маладыя крэсы”, калі браліся за такую правакацыю, але факт застаецца фактам: гэта не на карысць адносінаў беларусаў і палякаў.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: