3 лютага 2017 года ўступіў у дзеянне Кодэкс аб культуры. Яго ў дзяржаўных СМІ паспелі назваць дакументам, «які не мае аналагаў» на постсавецкай прасторы. Адсутнасць аналагаў - яшчэ не паказнік патрэбнасці і важнасці дакумента. Мы жывем у горадзе, які паспеў пабыць «культурнай сталіцай Беларусі» ды часам называецца «горадам-музеем». Для Гродна, з яго сотнямі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, новаўвядзенні кодэкса могуць быць адчувальнымі.

Артыкулы пра ўсё, нават пра дыскатэкі

Кодэкс аб культуры ўключыў у сябе дзясяткі прынятых раней нарматыўных актаў. Тут законы аб бібліятэках, музеях, кінематаграфіі, тут і знакаміты закон «аб трох чарапках», закліканы спыніць дзейнасць чорных капацеляў і знішчэнне помнікаў археалогіі…

У 257 артыкулах законатворцы паспрабавалі ўрэгуляваць розныя культурныя справы, нават упісаўшы асобны артыкул пра правядзенне дыскатэк (асобнага закону аб дыскатэках раней не было). Напрыклад, вызначаецца статус творчага работніка, незалежна ад таго, з’яўляецца ён членам нейкага творчага саюза або не.

Член ці не?

Палажэнні кодэкса можна выкарыстаць людзям, якія афіцыйна не працуюць, але займаюцца творчай працай. Фармальна ім нельга выставіць рахунак па «дэкрэту аб тунеядцах», але сваю творчаць мабыць прыдзецца нейкім чынам даказваць. Можа чытаць вершы або нешта станцаваць.

Тут бачна відавочная недапрацоўка. Паводле дэкрэту № 3 ад збора вызваляюцца творчыя работнікі, якія з’яўляюцца членамі творчых саюзаў, а паводле кодэкса творчы работнік не абавязкова павінен быць членам саюза! Такіх нестыковак з іншымі дакументамі ў кодэксе дастаткова шмат.

Пашыраць спісы спадчыны змогуць на месцы

Аднак самыя цікавыя змены датычаць нашага горада ў сферы гісторыка-культурнай спадчыны. Раней пытаннямі ўключэння старых будынкаў у спіс спадчыны займалася спецыяльная навукова-метадычная рада ў Мінску. Цяпер усе будынкі 3-й катэгорыі, да якой адносіцца значная частка гістарычнай забудовы Гродна, пераходзяць у ведамства «базавых органаў улады», фармальна гар- і райвыканкамаў, але фактычна да абласных выканаўчых камітэтаў.

Пры абласных выканаўчых камітэтах будуць створаны ўласныя рады, якія будуць рэкамендаваць прымаць або не прымаць новыя будынкі ў спіс помнікаў. Ці яны будуць прымаць канчатковае рашэнне, ці толькі даваць рэкамендацыі ў Мінск, пакуль не зразумела.

У іх не будзе права выключаць аб’екты са спісу — і гэта выдатна, бо так складалася, што мясцовыя ўлады з ахвотай скідваюць з сябе цяжар аховы старых будынкаў і археалагічных помнікаў. Добра ў гэтай навіне і тое, што ў гродзенскую раду ўвойдуць мясцовыя гсіторыкі і архітэктары, якім, мабыць, будзе няпроста адмаўляць у папаўненні спіса спадчыны, паколькі іх у Гродне ведаюць і грамадскі кантроль будзе мацнейшы.

З другога боку паўстае пытанне кампетэнтнасці - ці ёсць у Гродне гісторыкі, археолагі, архітэктары, якія аднолькава кампетэнтна змогуць ацэньваць вартасці нейкіх аб’ектаў у Гродне ці, скажам, у Астравецкім раёне. Ва ўмовах, калі на мільён жыхароў вобласці археалагічнымі раскопкамі па заканадаўству могуць займацца толькі 2 або 3 асобы (іншыя не маюць адкрытых лістоў), то вялікае пытанне — ці будзе такая камісія ў стане банальна кантраляваць сітуацыю.

Фармальна ахову помнікаў таксама могуць кантраляваць назіральныя рады з прадстаўнікоў грамадскасці, якія з правам дарадчага голаса могуць прысутнічаць на паседжаннях абласной рады. Але і тут пытанне — хто з грамадскасці захоча такую раду ствараць ды сачыць за працэсам?

Новы кодэкс — больш няяснасці?

Артыкул 117 кодэкса прадугледжвае абавязковую атэстацыю навуковых кіраўнікоў, якія адказваюць за гісторыка-культурныя каштоўнасці. Ва ўмовах Гродна, калі архітэктары вельмі неахвотна бяруць на сябе навуковае кіраўніцтва старымі дамамі (гэта невыгадна з матэрыяльнага пункту гледжання і небяспечна з прававога) гэта фактычна абазначае, што большасць старых будынкаў з часам застанецца без навуковых кіраўнікоў.

Як запрацуюць усе гэтыя «ўдасканаленні» пакуль невядома, але пакуль выглядае, што новы кодэкс унясе ў і без таго не самае лепшае становішча нашай гісторыка-культурнай спадчыны яшчэ больш няяснасці.