У ровара, які сёлета адрэстаўраваў Мікола, толькі дзве дэталі не арыгінальнай вытворчасці. Навадзельныя ў стогадовым ровары Niemen толькі званочак і кранштэйн для фары. Па словах рэстаўратара, ровараў з такой укамплектаванасцю арыгінальнымі дэталямі ў Беларусі не больш за 15. А некаторыя дэталі захаваліся ўвогуле толькі ў адзінкавых экзэмплярах. Гісторыю рэстаўрацыі расказаў блог пра беларусаў «Суполка».
У рэстаўрацыю Мікола прыйшоў адносна нядаўна і амаль выпадкова. Але менавіта рэстаўрацыя зараз стала сэнсастваральнай часткай яго жыцця.
«Чаму я асабіста гэтым займаюся? У гэтай працы ты нібы ўвесь час выратоўваеш нейкія маленькія кавалачкі нашай спадчыны. Яе нішчаць актыўна. Некаторыя — мэтанакіравана. Некаторыя па няведанні - ламаючы, спальваючы, здаючы на металалом. А ты сваёй працай гэта знішчэнне прыпыняеш і вяртаеш краіне яе спадчыну, яе гісторыю».
Ровары, старэйшыя за 100 гадоў, да гэтага часу знаходзяць у закінутых вёсках Беларусі. Той, якім майстар займаецца зараз, прывезлі з мяжы Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.
«Чалавек набыў вясковую хату і ў нейкім свіране знайшоў гэты ровар. Хто там жыў, нават мясцовыя жыхары не маглі згадаць. Адныя казалі - што землямер. Іншыя — што святар. Але так ці інакш, ровар у яго быў і захаваўся да нашых дзён».
Новаму гаспадару хаты ровар быў непатрэбны. Таму яго прадалі калекцыянеру, а той прывёз на рэстаўрацыю.
«Цікава, калі ў такіх рэчаў ёсць уласная гісторыя — хто на ім ездзіў, — кажа рэстаўратар. — Але часцей бывае так, што рэч дайшла да нашых дзён, а яе гісторыя — не».
Мікола кажа, што гэты ровар яшчэ не стары — 1938 года выпуску. Адметнасць у тым, што амаль цалкам захавалася арыгінальная завадская афарбоўка. Звычайна старыя ровары даходзяць да рэстаўрацыі ці зусім без фарбы, ці перафарбаваныя былымі гаспадарамі, каб абараніць ад іржы. Тады рэстаўратар аднаўляе ўсе малюнкі, надпісы і афарбоўку ўручную.
Прадметам гонару для майстра стала тое, што ровар удалося амаль цалкам сабраць з арыгінальных дэталяў.
«Ён быў некамплектны і амаль кожная дэталь яго мае цікавую гісторыю. Тут не было зорачкі з надпісам Niemen, але ўдалося знайсці яе ў іншым месцы, проста ў грудзе металалому. Такіх зорачак у Беларусі вядома толькі тры штукі».
Таксама ўдалося знайсці арыгінальнае сядло і сумку для інструментаў вырабу польскай фірмы Emkas, якімі ў міжваенны час камплектаваліся ровары Niemen.
Гэтыя рэчы таксама шукаліся паасобку і знайшліся ў розных месцах. «Яшчэ ровар адметны тым, што нават спіцы мае ўсе родныя, — зазначае Мікола. — Звычайна даводзіцца новыя ставіць. А тут проста музейнага стану захаванасць. Не хацелася пераспіцоўваць, пакінуў арыгінальнымі».
Навадзельныя дэталі, па словах майстра, толькі дзве: не ўдалося адшукаць фірмовы званочак з выявай гродзенскага замка і кранштэйн для мацавання фары з літаркай М.
Ровары выпускалі ў Гродне ў 1930-х гадах ХХ стагоддзя на «Крэсовай фабрыцы ровараў і матацыклаў Niemen» (Kresowa fabryka rowerów i motocykli «Niemen»). Стварыў і ўзначальваў завод Нохум Старавольскі, а яго сын Лазар быў галоўным інжынерам. На фабрыцы працавала каля 100 чалавек. За час існавання фабрыка Старавольскіх выпусціла каля 10 000 ровараў. На іх рамах была выява Новага замка ў Гродне і надпіс «Niemen».
Чытайце падрабязней гісторыю бізнес-поспеху Старавольскіх і іх ровараў.
Мікола расказаў, што гэты ровар Niemen — ужо другі, які давялося рэстаўраваць. І менавіта з такога пачаўся яго шлях у рэстаўрацыю. Бо раней ён займаўся толькі кавальствам.
«Рэстаўратарам стаў выпадкова. Мне патрапіўся стары ровар Niemen, які выраблялі ў Гродне ў 30-х гадах і я вырашыў зрабіць яго для сябе. Пакуль аднаўляў, пазнаеміўся з рэстаўратарамі, зацікавіўся ды так і пайшло. Хутка людзі самі сталі звяртацца да мяне за парадамі ці з заказамі».
У рэстаўратарскай справе, па словах Міколы, шмат залежыць ад цярпення і шанцавання.
«Найчасцей сустракаецца нешта масавае, савецкае. Часам патрапляе ў рукі рэч у вельмі кепскім стане, то спрабую неяк ідэнтыфікаваць, высветліць марку. А бывае, што па кошце металалому набываеш нейкі ровар, счышчаеш іржу і бруд і разумееш — гэта ўнікальная рэч. Вось тады радуешся, што знайшоў нешта цікавае».
Самы хвалюючы момант у працы рэстаўратара — першая паездка на адрэстаўраваным ровары.
«Заўжды настае такі момант, калі ты ровар робіш-робіш, ужо зрабіў, і ты тэсціруеш яго — мо што трэба яшчэ падкруціць, падладзіць. Гэта цікавае адчуванне, што едзеш на ровары, якому каля 100 гадоў. І яшчэ такім — сваім, мясцовае вытворчасці. Едзеш такі па дарозе, каларытна так. Уяўляеш, што ты ў 38-м едзеш на свой хутар».
Чытайце таксама: Гродзенскі экскурсавод на стогадовым «Нёмане» стаў удзельнікам міжнароднага рэтравелапрабегу
Мікола расказвае, што рэч, якую рэстаўруеш, робіцца за час працы вельмі блізкай. І што рэстаўратару трэба ўмець падрыхтавацца да раставання з ёй.
«З гэтым лягчэй прымірыцца, калі ведаеш, што адрэстаўраваная рэч патрапіць у добрыя рукі. Я прынцыпова не рэстаўрую ровары, каторыя хочуць вывезці з Беларусі. Мне крыўдна, што вялікая частка нашых гістарычных артэфактаў сыходзяць за мяжу праз тое, што там большы попыт, большая плацёжаздольнасць.
Наконт гэтага замоўцы я ўпэўнены, што ён апантаны калекцыянер і хоча, каб наша гісторыя захоўвалася на нашай зямлі. Ён усё такое збірае і для яго я рэстаўрую з задавальненнем".
Паводле ацэнак гісторыкаў, у міжваенны час на тэрыторыі Беларусі было каля 100 тысяч ровараў. Мікола згаджаецца, што гэта лічба абгрунтаваная: «Як паглядзіш на здымкі з Заходняй Беларусі - там паўсюль ровары. Гэтая гродзенская фабрыка была знакамітай. Нават войска польскае, пошта і пажарныя ды іншыя дзяржаўныя службы замаўлялі такія ровары. Па якасці яны вельмі ўдалыя былі».
Чытайце таксама: «Нёман»: польскі матацыкл з беларускім характарам, пра які не любяць узгадваць
Мікола лічыць, што якасць ровараў з гродзенскай фабрыкі 30-х гадоў была вышэйшай, чым у мінскіх ровараў 60−70-х гадоў. Такія, мінскія, ровары таксама часам прывозяць Міколу для рэстаўрацыі, таму майстар мае магчымасць для параўнання. «Нават шыльдзік з надпісам „Мінск“ бывае прымацаваны дагары нагамі. То фаскі няма, то яшчэ што… Савецкая якасць — проста добра распіяраны міф».
Што да ровара Niemen, то Мікола ўзгадвае і «зорачкі» з надпісам, якія адмыслова замаўлялі для гродзенскіх ровараў, і педальны вузел брытанскай вытворчасці. «Было дорага, але якасна. Гэта паказвае ўзровень фабрыкі і стаўленне гаспадароў да сваёй прадукцыі».
З асаблівасцяў, якія здзівілі ў ровары Niemen асабіста яго, Мікола называе вельмі шырокія колы.
«Было даволі нечакана. Гэта мясцовая такая адметнасць. Не ведаю чаму, але менавіта ў Польшчы і Беларусі ровары мелі шырокія колы, шырокія балотнікі - гэта адметнасць нашага рэгіёну. І руль таксама адметны — з тоўстай трубы, рагамі дагары. Канструкцыя вельмі камфортная. Гэта вельмі зручна, без вялікай нагрузкі на спіну, камфортна і нават вальяжна. І ты едзеш сабе такі важны, проста па-панску».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…