Людзі і справы

«Апошняя гарадская бібліятэка адкрылася 33 гады таму». Ці паспяваюць гродзенскія бібліятэкі за сусветнымі тэндэнцыямі

Моладзь чытае больш, чым пенсіянеры, а ў бібліятэках праводзяць мерапрыемствы ў падтрымку анкахворых. Нечакана? Разам з гродзенскім бібліятэкарам Hrodna.life разбіраецца, як працуе бібліятэчная сістэма ў Гродне, навошта бібліятэцы прывабная архітэктура і чаму чытачам не хапае кніг.

«Не ўсё можна знайсці ў сеціве»

Яшчэ ў час СССР асноўнымі функцыямі публічных бібліятэк вызначылі культурна-асветніцкую і інфармацыйную. Зараз да іх далучыліся сацыякультурныя функцыі - калі бібліятэка выступае як месца сустрэч, правядзення вольнага часу, адукацыі, задавальненняў і асалоды.

— Сёння ўжо ніхто не звязвае будучыню бібліятэк толькі з будучыняй кнігі. Мы носьбіты адукацыі і асветы, мы клапоцімся аб прадастаўленні доступу: няма розніцы, да якіх фарматаў - электронных ці друкаваных, — расказвае Наталля Свірыда, намесніца дырэктара Дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Гродна».

Наталля кажа, што можна адшукаць нешта ў сеціве, але далёка не ўсё. Чытач, якому неабходны якасныя веды, дакладная і поўная інфармацыя, абавязкова стане карыстальнікам бібліятэкі. А як ён атрымае інфармацыю — прыйшоўшы ў бібліятэку асабіста ці праз сайт — гэта ўжо вырашаць самому чытачу.

У гродзенскіх бібліятэках анлайн-наведванні складаюць прыкладна 20% ад агульнай колькасці. Каб забяспечыць доступ да інфармацыі, у бібліятэцы сталі ствараць электронныя рэсурсы, бібліяграфічныя і фактаграфічныя базы дадзеных. А на сайце прадстаўлены ўсе магчымасці для аддаленага карыстання паслугамі бібліятэкі.

70% чытачоў - дзеці і моладзь

Сетка цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна складаецца з 13 бібліятэк. Гэта гарадская цэнтральная бібліятэка імя Макаёнка, чатыры дзіцячыя бібліятэкі-філіялы, шэсць бібліятэк-філіялаў для дарослых і дзяцей, дзве спецыяльныя бібліятэкі - для інвалідаў па зроку і польскай літаратуры. У мікрараёнах — Альшанка, Вішнявец, Дзевятоўка, Фолюш — дзейнічаюць чатыры бібліятэчныя пункты. Але плошчы не хапае для арганізацыі паўнавартаснага абслугоўвання жыхароў мікрараёнаў.

Штогод у бібліятэкі прыходзіць каля 50 000 чытачоў. Ім штогадова выдаюць каля 1 млн дакументаў. 70% чытачоў - дзеці і моладзь. Каля 9% - людзі пенсійнага ўзросту. Першыя звяртаюцца па веды, другія часцей прыходзяць на сустрэчы і ў клубы па інтарэсах. Бібліятэкі прапануюць 20 такіх клубаў.

У Цэнтральнай бібліятэцы імя Макаёнка дзейнічае пяць клубаў: інтэлектуальны «Паходня ісціны», аматараў здаровага ладу жыцця «Здравушка», аматараў раслін «Флора», духоўна-асветніцкага развіцця «Дзянніца», экалагічны дзіцячы «Мурашы», клуб аўтарскай лялькі пры філіяле № 3 «Гарадзенская лялька». Для ўзросту 50+ паспяхова праводзіць мерапрыемствы клубы «Званы госць» філіяла № 9, «Сябрына» філіяла № 1, «Кнігалюб» філіяла № 4, «Ветэран» філіяла № 10. Запісацца ў іх можна на сайце. На фота — сустрэча клуба «Паходня ісціны».

«Каб людзі наведвалі бібліятэку, у ёй павінна быць лепш, чым дома»

— Праекціроўшчыкі сучаснага бібліятэчнага асяроддзя звычайна арыентуюцца на правіла: каб людзі наведвалі бібліятэку, у ёй павінна быць лепш, чым дома. Мы вельмі імкнемся паспяваць за бібліятэчным развіццём у свеце. Бібліятэка як арганізм выжывае на аснове чатырох складнікаў: фонды, карыстальнікі, кадры, матэрыяльна-тэхнічная база. З апошнім у гарадскіх бібліятэках Гродна сітуацыя складаная. Таму камфортныя ўмовы для працы і адпачынку, сучасныя дызайн залаў і мэблю, тэхнічнае абсталяванне мы не можам прапанаваць чытачу ў пераважнай большасці нашых устаноў.


У Гродне з’явіўся новы каворкінг: гэтым разам у бібліятэцы


На фота — адна з бібліятэк Кіева. Сучасная публічная бібліятэка — гэта адкрытае кнігасховішча са зразумелай навігацыяй, свабодны доступ да стэлажоў з кнігамі, каманда актыўных і крэатыўных бібліятэкараў, бясплатны доступ да інтэрнэту, камп’ютарызаваныя рабочыя месцы з разеткамі і асвятленнем, кандыцыянеры, прасторныя і ўтульныя залы для прэзентацый і сустрэч, канцэртаў, пастановак і канферэнцый, пасяджэнняў клубаў і працы кружкоў, месца для групавых заняткаў, гульнявыя пакоі для дзяцей з кнігамі і інтэлектуальнымі гульнямі, куточкі для знаходжання з кнігай «сам насам», чып-кантроль, гардэроб, буфет, туалет.

Стратэгіі развіцця няма

Стратэгіі ці Канцэпцыі развіцця бібліятэк Беларусі ў выглядзе нейкага распрацаванага дзяржаўнага дакумента няма. І гэта не станоўчы прыклад, калі арыентавацца на сусветнае бібліятэчнае развіццё. У многіх рэгіёнах Расіі прымаюцца канцэпцыі развіцця бібліятэчнай справы і гэта дапамагае ў развіцці.

У Беларусі ў 2016 годзе ўступіў у дзеянне Кодэкс аб культуры. Ён улічыў толькі асноўныя заканадаўчыя моманты, на якія можа абапірацца публічная бібліятэка. Пытанні колькасці бібліятэк у рэгіёне, іх штатаў, развіцця на перспектыву аддадзены на разгляд мясцовых уладаў. Прымаюцца дзяржаўныя праграмы «Культура Беларусі» на пяцігодку, якія ўтрымліваюць некаторыя статыстычныя паказчыкі. Але гэта не канцэпцыя, не стратэгія развіцця, гэта план кропачных лічбавых дасягненняў для публічных бібліятэк.

Ёсць Стратэгія развіцця інфарматызацыі ў Беларусі на 2016−2022 гады. Задача бібліятэк там — алічбоўка фонду, каб доля фондаў у электроннай форме была не менш за 30%. Гэты накірунак патрабуе нямалага фінансавання і пакуль такой працай могуць займацца толькі буйныя бібліятэкі краіны. Мэта — стварэнне адзінай нацыянальнай электроннай бібліятэкі краіны.

Сёння бібліятэкі маюць чатырохпрацэнтную акупляльнасць. Ёсць платныя паслугі, але пераважную большасць паслуг дзяржаўная публічная бібліятэка прадастаўляе бясплатна, як і ў іншых краінах. Пазабюджэтныя даходы вытрачаюцца на сацыяльна-культурныя праекты і павышэнне заработнай платы супрацоўнікаў.

Чаму знешняя прывабнасць бібліятэк — таксама важна

Сучасны дызайн і архітэктура — гэта вельмі важная ўмова для прыцягнення чытача ў бібліятэку. Гарадскую бібліятэку Амстэрдаму наведваюць штодзённа 5−7 тысяч чалавек, як і бібліятэкі Амерыкі ці Канады. Гэта прыгожыя і адметныя будынкі, прастора са шматлікімі сэрвісамі для дзяцей і дарослых. У Маскве з 2012 года Дэпартамент культуры ажыццяўляе праграму мадэрнізацыі грамадскіх бібліятэк. Грошы ідуць з гарадскога бюджэту. У такіх бібліятэках усё бясплатнае, акрамя рэстаранаў ці кафэ.

Гарадская бібліятэка Амстэрдама
З боку Беларусі пакуль няма замовы на аналагічныя ўстановы культуры новага тыпу, якія прадстаўляюць кнігі, прастору, свабоду, інфармацыю, самаадукацыю і забавы.

— Нажаль, пытанне мадэрнізацыі ці проста рамонту гарадской публічнай бібліятэкі ў Гродне паўстае пакуль толькі ў штогадовым планаванні, але не падмацоўваецца ні фінансамі, ні праектамі. Архітэктурна-будаўнічы план развіцця горада не прадугледжвае бібліятэк у новых мікрараёнах: ні самастойных, ні ў складзе комплексных цэнтраў культуры. Не прадугледжана будаўніцтва ці мадэрнізацыя абласной ці гарадской цэнтральнай бібліятэкі паводле спецыяльнага архітэктурнага праекта, — кажа Наталля Свірыда.

Бібліятэка ў Хельсінкі
Апошні раз новая бібліятэка-філіял у Гродне адкрылася яшчэ ў БССР — у 1986 годзе. Гэта быў філіял на вуліцы Пестрака. Затым да гарадской сістэмы былі далучаны спецыяльныя бібліятэкі: польскай літаратуры (1991) і для невідушчых (2009). З таго часу адкрылася некалькі бібліятэчных пунктаў і дзве бібліятэкі пераехалі ў іншы будынак ці памяшканне.

Як сёння працуюць бібліятэкі: падбор кніг

12% ад фінансавання бібліятэк ідзе на папаўненне фондаў. Прыкладна палова ідзе на перыядычныя выданні - 150−160 назваў. Кнігі падбіраюцца на аснове супрацоўніцтва з выдавецтвамі. У 2018 годзе ў фонды бібліятэк паступіла больш за 10 000 экзэмпляраў новых кніг.

Наталля Свірыда рэкамендуе найбольш цікавыя і рэдкія кнігі: серыя «Галасы Утопіі» Святланы Алексіевіч — пяць кніг на беларускай мове без цэнзарскіх правак. Гэта выданне ёсць ва ўсіх філіялах і цэнтральнай бібліятэцы. У цэнтральнай бібліятэцы ёсць падборка кніг серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка», якая была перададзена выдавецтвам «Лімарыус» з Мінска. Гэта пакуль што адзіны ў Беларусі зборнік дзённікаў і эпісталярнай спадчыны асобаў розных эпох.


Кнігі для шчасця, поспеху і сэнсу жыцця: у бібліятэцы на Белуша адкрыўся фонд псіхалагічнай літаратуры


300 кніг на рускай мове падарыў Дом рускага замежжа імя Салжаніцына з Масквы. Гэта кнігі гуманітарнага профілю, выданні аўтараў-эмігрантаў, працы сучасных даследчыкаў і пісьменнікаў па тэматыцы рускага замежжа, даведнікі, фотаальбомы, мастацкія і літаратуразнаўчыя выданні. Сярод мастацкіх твораў ёсць лаўрэаты літаратурных конкурсаў і прэмій Расіі. Многія выданні ў Беларусі - у адзіным экзэмпляры.

Як у бібліятэках дапамагаюць інвалідам

За 2018 год у бібліятэках Гродна праведзена больш за 1700 масава-інфармацыйных мерапрыемстваў, каля 223 — у клубах па інтарэсах, арганізавана 380 выстаў літаратуры.

Сярод іх — свята дзіцячай кнігі і цыкл адпаведных мерапрыемстваў, дабрачынная акцыя «Прачытаў сам — падары іншаму» да Міжнароднага дня кнігадарэння 14 лютага, акцыя адначасовага чытання найлепшых твораў «Чытаем дзецям пра вайну» да Дня Перамогі, Бібліяноч, «Тралейбус-чытальня», пляцоўкі пад адкрытым небам у летні перыяд і праца з дзіцячымі прышкольнымі лагерамі адпачынку, цыкл мерапрыемстваў «БібліяСад» з выхаванцамі дзіцячых садкоў і іншыя.
— Нам вельмі прыемна займацца выхаваннем сваіх будучых чытачоў з ранняга маленства, тым больш, што разумных і зацікаўленых бацькоў, якія не раздзяляюць працэсы адукацыі дзіцяці і чытанне, у горадзе хапае, — кажа бібліятэкар.

Бібліятэкі да прыярытэтных накірункаў работы адносяць сацыякультурную адаптацыю інвалідаў. Асобны цыкл мерапрыемстваў праводзяць філіялы № 3 і № 4 для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання. Бібліятэкі-філіялы № 5 і № 8, аддзел абслугоўвання дзяцей цэнтральнай бібліятэкі імя Макаёнка дзейнічаюць сумесна са спецыяльнымі агульнаадукацыйнымі школамі-інтэрнатамі для дзяцей з парушэннем слыху і зроку, Дапаможнай школай № 1 для дзяцей з асаблівасцямі ў псіхафізічным развіцці.


«Я дамалюю свой малюнак». У Гродне прайшла выстава ад анкахворых дзяцей


У філіял № 4, напрыклад, у 2018 годзе прыходзілі наведвальнікі Дзённага цэнтру для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі пры Гродзенскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа, у філіяле № 6 праходзілі мерапрыемствы для сем’яў, якія знаходзяцца пад апекай СДУ «Центр ПОРА» і выхоўваюць дзяцей з анказахворваннямі. Улетку 2018 года аддзел бібліятэчнага маркетынгу арганізаваў каля бібліятэкі па вуліцы Цітова дабрачынны бардаўскі канцэрт «Подых лета» ў падтрымку дарослых і дзяцей, якія сутыкнуліся з анкалогіяй.
— Наша спецыяльная бібліятэка для інвалідаў па зроку і аддзел маркетынгу ажыццявілі яркія і значныя праекты для невідушчых у 2018 годзе. Быў завершаны праект па агучванні і выданні аўдыякніг гродзенскіх гісторыкаў і краязнаўцаў «Гродна — гісторыя ў гуку». Аўдыявыданні прызначаны перш за ўсё для невідушчых, яно даступнае на нашым сайце для спампавання. За рэалізацыю гэтага і іншых праектаў для невідушчых («Цёплыя кнігі» — стварэнне тактыльных кніг), «Гісторыя на кончыках пальцаў» — перавод кніг па гісторыі Гродна ў шрыфт Брайля) мы атрымалі Дыплом І ступені на конкурсе Міністэрства культуры.

Як будуць мяняцца бібліятэкі і чытач?

Навошта ўвогуле чытаць, і як гэта ўплывае на чалавека? Наталля Свірыда пераканана, што іншага спосабу стаць адукаваным і паспяховым у жыцці проста няма.

— Чытанне станоўча ўплывае на агульную пісьменнасць, кругагляд, досвед чалавека. Важна сёння чытаць на беларускай мове. Склалася катастрафічная сітуацыя, калі многія дзеці проста не ведаюць роднай мовы. Таму роля і значэнне беларускай мастацкай літаратуры і бібліятэкі ў гэтай сітуацыі павялічваецца.

Спадзяюся, у Гродне бібліятэкі будуць мяняцца больш хуткімі тэмпамі, каб паспяваць за «прасунутым» новым пакаленнем карыстальнікаў, за патрэбамі інфармацыйнага грамадства. Спадзяюся, што як і ў свеце, важным слупом пры гэтым з’явіцца архітэктура і дызайн, якія будуць падмуркам, каб гарадская бібліятэка прываблівала наведвальнікаў усіх узростаў, нават увайшла ў турыстычныя маршруты. На прыемны, змястоўны і пазнавальны адпачынак заўсёды будзе попыт, — кажа бібліятэкар.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024