Беларускую літаратуру вывучаюць у школе цягам васьмі гадоў, ад пятага да адзінаццатага класа. За гэты час вучні знаёмяцца з творчасццю больш як 200 аўтараў. Жанчын сярод іх толькі 11. Такі ўзровень шкляной столі ўсталяваны ў беларускай літаратуры. На думку гендарнага даследчыка Уладзіслава Гарбацкага школьныя праграмы па літаратуры не адлюстроўваюць змены ў сучасным свеце: «Яны нібыта застыглі ў часе». Пісьменніца Ганна Янкута кажа, што нават вяртанне ў праграму пісьменніц не вырашыць праблему школьных праграм: «Варта цалкам перагледзець падыход да навучання літаратуры».
Чаму складальнікі школьнай праграмы не хочуць заўважаць жанчын-аўтарак і што варта змяніць у вывучэннні літаратуры, Уладзь Гарбацкі і Ганна Янкута расказалі для канала «Тётя Ира Разрешила» .
«Сістэма адукацыі Беларусі застаецца гендарна сляпой»
Адукацыю і, у прыватнасці, літаратуру варта разглядаць як частку публічнай прасторы, лічыць Уладзіслаў Гарбацкі. У недэмакратычных культурах гэтыя сферы знаходзяцца пад моцным уплывам традыцыйных, патрыярхальных установак.
![Жанчынам слова не давалі. Чаму ў школьнай праграме па літаратуры так мала пісьменніц](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2022/09/1890_oooo.plus_.png)
«Сістэма адукацыі Беларусі застаецца гендарна сляпой, гендарна малачуллівай, часта ігнаруе заходнія ды ўласныя напрацоўкі ў сферы гендарных студыяў, наогул не інтэгруе гендарную прызму ў навуку. У адукацыйнай сістэме краіны працуюць людзі з пэўнымі аднабаковымі і кансерватыўнымі ўстаноўкамі, традыцыйным бачаннем сьвету. Менавіта гэтыя людзі вызначаюць курс, складаюць праграмы, пішуць падручнікі. Таму ў школьных праграмах па літаратуры зусім мала жанчынаў - яны недаацэненыя, не ўключаныя».
![Жанчынам слова не давалі. Чаму ў школьнай праграме па літаратуры так мала пісьменніц](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2022/09/jankuta.png)
«Калі паспрабаваць разабрацца, чаму школьная праграма па беларускай літаратуры выглядае так, як выглядае, — разважае Ганна Янкута, — варта звярнуць увагу на два чыннікі: савецкі літаратурны канон і палітычная воля цяперашняга кіраўніцтва»
Разглядаючы другі чыннік, пісьменніца прыводзіць у прыклад выключэнне са школьнай праграмы па рускай літаратуры твораў набелісткі Святланы Алексіевіч. Пра літаратурны канон яна тлумачыць больш падрабязна.
Чытайце таксама: Ажэшка посціла б кветачкі, Цётка — акцыі пратэстаў. Беларускія літаратаркі мінулых стагоддзяў «завялі» Instagram
Жанчына-аўтарка — канон ці не канон?
«У літаратуразнаўстве „канон“ — гэта сукупнасць твораў, якія лічацца важнымі для пэўнай нацыянальнай літаратуры. Іх вывучаюць у школе, даследуюць, перавыдаюць, па іх здымаецца кіно і г. д, — кажа Ганна Янкута. — Калі зусім спрашчаць, то раней у каноне былі ў асноўным творы аўтараў-мужчын, бо навукай, у тым ліку літаратуразнаўствам, займаліся пераважна мужчыны. Праз гэта творы, што пісалі жанчыны, часта здавалася ім нецікавым, другасным».
![Жанчынам слова не давалі. Чаму ў школьнай праграме па літаратуры так мала пісьменніц](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2022/09/storitelling-problema-aktivizacija-reshenie_0x683_87c.jpg)
Пазней у навуку і грамадскае жыццё прыйшлі жанчыны і прадстаўнікі/прадстаўніцы іншых груп. Гэта змяніла ўяўленні пра канон. У ім з’явіліся творы жанчын, аўтараў з карэнных народаў і г. д. Паняцце канону пачало размывацца.
«У беларускай літаратуры падобныя працэсы таксама ідуць: ёсць даследаванні жаночай літаратуры, з’яўляюцца анталогіі жаночых твораў, адкрываюцца новыя імёны. Варта згадаць зборнік казак прабабулі Максіма Багдановіча Рузалі Асьмак, якія сабраў і падрыхтаваў Антон Францішак Брыль. То бок ствараецца нешта накшталт новага канону жаночай літаратуры. Але гэтыя жывыя працэсы, на жаль, ніякім чынам не закранаюць школьную праграму, не адлюстроўваюцца ў ёй, бо ёсць згаданы вышэй другі чыннік. Таму праграма, хоць і зазнае касметычныя змены, па сутнасці застаецца такой жа, якой была ў савецкія часы».
«Адсутнасць афіцыйнай крытычнасці не дазваляе ставіць пад сумнеў існыя падручнікі і спісы класікаў, асабліва савецкага перыяду, — адзначыў Уладзіслаў Гарбацкі. — А там, вядома, дамінуць мужчыны - Лынькоў, Лужанін, Танк, Шамякін, Брыль, Мележ, Навуменка і інш.»
Яшчэ адной прычынай таго, што творы жанчын не ўключаюць у літаратурны канон і навучальныя праграмы, Гарбацкі называе стэрэатып пра «нібыта неўніверсальнасць, вузасць жаноцкай тэмы ў творчасці».
![Жанчынам слова не давалі. Чаму ў школьнай праграме па літаратуры так мала пісьменніц](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2022/09/pisatelnica.-ruki-800x557.jpg)
«У Беларусі, — кажа даследчык, — пытанне дасюль не ўспрымаецца, як праблема. Улады, міністэрства, дзяржаўныя выдавецтвы працягваюць ігнараваць як гендарныя прапановы ў адукацыйнай педагагічнай дзейнасці, так і рэальныя чаканні моладзі, новых пакаленняў беларусаў/ак».
«Ад жанчын чакаюць іншага»
Вобраз «геройскага пісьменніка» ў савецкім каноне — пераважна мужчынскі, зазначае Уладзіслаў Гарбацкі: «Толькі зрэдчас [гэта вобраз] патрыётак і рэвалюцыянерак, як Цётка. Яна — хутчэй выключэнне».
![Жанчынам слова не давалі. Чаму ў школьнай праграме па літаратуры так мала пісьменніц](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2022/09/tsyetkin_yubilyauskas_3.png)
Яшчэ адну праяву савецкага маскуліннага канону ён бачыць у надзвычайнай ідэалагічнасці ў выбары класікаў: «Той ці тая, хто ідэйна не пасуе, у падручнікі не трапляе. Так сталася з Ларысай Геніюш, Наталляй Арсенневай, Святланай Алексіевіч і др. Канечне, пры гэтым і многія мужчыны іншай ідэалогіі таксама не трапляюць у спіс, каго можна чытаць шкалярам: Ф. Аляхновіч, В. Быкаў, А. Адамовіч, А. Бахарэвіч і г. д.»
«Гендарная слепата часта выкліканая патрыярхальнай устаноўкай, стэрэатыпам, што жанчыны створаныя для іншага: сям'і, дзяцей, прыватнай сферы. Вельмі часта ад жанчынаў чакаюць іншага ў кансерватыўных грамадствах — не пісьма, не твораў, а так бы мовіць „абслугоўвання мужчынаў“. І часта многія жанчыны даюць веры ў гэта, адмаўляюцца ад сваіх мараў і амбіцыяў».
Чытайце таксама: Роўнасць на літару «Х» або Жаночы тузін на мапе Гродна
На філфаку — адны дзяўчаты, а сярод аўтараў - большасць мужчын
Беларускія літаратуразнаўцы спрабуюць рэабілітаваць і вярнуць з нябыту забытых пісьменніц і паэтак. Напрыклад, складзена анталогія беларускай жаночанй паэзіі міжваеннага перыяду «Бліскавіцы». Але часта вернутыя імёны застаюцца вядомымі толькі ў вузкіх колах спецыялістаў/так. У школьныя і нават універсітэцкія праграмы яны не трапляюць.
Такая нягнуткасць, на думку Уладзіслава Гарбацкага, ігнаруе змены часу ды інтарэсы моладзі.
«Сярод студэнцтва [філалагічных факультэтаў] ўсё больш дзяўчатаў, ці нават іх абсалютная большасць. А ім цікава і важна чытаць не толькі досвед мужчынаў-аўтараў, але і аўтарак-жанчынаў, якіх проста няма ў падручніках і хрэстаматыях. Не варта забываць, што мастацкая літаратура з’яўляецца моцнай і важнай крыніцай ідэнтыфікацыі для маладых, важым арыентырам. А беларуская школьная праграма па літаратуры проста не дае арыентыраў нашым дзяўчатам, якія мусяць арыентавацца на мужчынаў».
![Жанчынам слова не давалі. Чаму ў школьнай праграме па літаратуры так мала пісьменніц](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2022/09/stock-photo-student-reading-book-800x534.jpg)
Ці былі ў нас пісьменніцы да Ажэшкі і Цёткі?
Пісьменніцы, аўтаркі, паэткі, літаратаркі заўсёды былі і ёсць у беларускай літаратуры. Колькасць жанчын у літаратуры павялічваецца, але ў школьныя праграмы іх творы не трапляюць. «Рэдкія жанчыны ў падручніках — Цётка, Алена Васілевіч, Еўдакія Лось, Яўгенія Янішчыц і некаторыя іншыя дазваляюцца толькі таму, што яны лічацца ідэйна і ідэалагічна нейтральнымі і аўтарытэтнымі», — кажа Уладзіслаў Гарбацкі.
Даследчык кажа, што ў мінулым, акрамя Ажэшкі і Цёткі, і нават да іх, існавала цэлая кагорта іншых дасюль малавядомых шырокаму колу літаратарак ХІХ — першай паловы ХХ стст. Сярод іх — Пузына Альбіна Габрыеля, Эма Дмахоўская, Зоф’я Тжашчкоўская, Марыя Косіч, Алена Цэпрынская, Ванда Лявіцкая, Вольга Сахавара ды іншыя.
![Жанчынам слова не давалі. Чаму ў школьнай праграме па літаратуры так мала пісьменніц](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2022/09/stock-photo-woman-with-books-800x533.jpg)
Таксама ігнаруецца сістэмай адукацыі літаратурная спадчына дыяспары. «Беларускія дыяспарныя пісьменніцы, ад Ніны Абрамчык, Аляксандры Саковіч, Зоры Кіпель да Міры Лукшы, Ірыны Варабей ды іншых, цалкам адсутнічаюць у школьных праграмах».
Вяртанне жанчын у праграму — пытанне часу. Ці гэтага дастаткова?
На думку Гарбацкага, развіццё літаратуразнаўства змяняе сітуацыю. Колькасць жанчын-літаратарак павялічваецца. Гісторыкі літаратуры вяртаюць нам імёны забытых аўтарак.
«У будучыні гэтыя працэсы прывядуць да таго, што школьная праграма па літаратуры будзе абавязкова перагледжана, у тым ліку з гендарнага пункту гледжання. Усё толькі пытанне часу».
![Жанчынам слова не давалі. Чаму ў школьнай праграме па літаратуры так мала пісьменніц](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2022/09/girl-995187_1280-800x581.jpg)
На думку Ганны Янкуты, пераглядзець трэба ўвогуле падыход да складання школьнай праграмы па літаратуры.
«Мне здаецца, што недастаткова проста дадаць у школьную праграму па літаратуры больш пісьменніц ці кагосьці яшчэ. Варта цалкам перагледзець падыход да навучання літаратуры, зрабіць яго гнуткім і сучасным, зразумець, як і чаму мы хочам вучыць дзяцей у школе. Тады ўжо можна будзе складаць новую праграму, у якой будуць нароўні прадстаўленыя творцы-жанчыны і мужчыны, пісьменнікі/пісьменніцы, якіх заўсёды памяталі і чыталі, і тыя, чые галасы былі заглушаныя, аўтары і аўтаркі, якія пісалі на мове ідыш, творцы, якім давялося пісаць за мяжой, — усё багацце літаратуры, якая стваралася ў Беларусі».
Чытайые таксама: «Белы спеў» адважных жанчын. У Германіі вышла кніга з гісторыямі беларусак. Сярод іх ёсць гарадзенкі