“Я дамалюю свой малюнак”. У Гродне прайшла выстава ад анкахворых дзяцей

Да дабрачыннага канцэрту ў Цэнтральнай бібліятэцы Гродна прымеркавалі адкрыццё выставы малюнкаў ад дзяцей, якія лечацца ў рэспубліканскім анкашпіталі ў Бараўлянах. Дзеці малююць простыя рэчы – партрэт маці, крамы, банкі, жывёл. І вераць, што дамалююць свае працы пасля лячэння.

– У Бараўлянах знаходзяцца дзеці на працяглым лячэнні: гэта тыдні, месяцы – вельмі доўга, – расказвае Ганна Шыкуць з цэнтру “ПАРА”. – Там вельмі добрыя гульнявыя пакоі, з імі знаходзяцца бацькі – тата альбо мама. Там ёсць псіхолагі, выхавальнікі, якія з імі займаюцца. Але дзецям там бывае сумна. Яны знаходзяцца ў адной палаце, не могуць перасоўвацца па іншых паверхах і не заўсёды могуць выйсці на вуліцу.

Традыцыю стварыла гродзенка

Некалькі гадоў таму традыцыю правядзення штомесячнага конкурсу малюнкаў увяла гродзенка Таццяна. Яна там даглядала брата і прапанавала не проста маляваць, а зладзіць цэлую выставу на першым паверсе – «Краіна фантазій». Брат ачуняў, яны вярнуліся ў Гродна, а традыцыя засталася.

"Я дамалюю свой малюнак". У Гродне прайшла выстава ад анкахворых дзяцей
“Очень одинокий варан” ад шасцігадовага Лёшы

– Псіхолагі ўбачылі, што ў дзяцей ёсць стымул. Не проста маляваць з мамай у палаце, а ўбачыць малюнак на выставе, атрымаць маленькі прыз. Псіхолагі імкнуцца задаваць тэмы конкурсаў – любімы казачнай герой, мама, будучыня, – расказвае Ганна.  – Гэта сумесная творчасць з бацькамі, таму што яны ўвесь час знаходзяцца ў думках: «А што будзе заўтра?». А маляванне дазваляе ім нязмушана праводзіць час разам.

Пра назву выставы

Назва выставы атрымалася са шчымлівай гісторыі. Ідучы на ​​аперацыю, дзяўчынка свой малюнак не дамалявала. І напісала над ім: «Я дамалюю свой малюнак». Аперацыя прайшла, дзяўчынка вылечылася. “Мяне крануў факт, што дзяўчынка ў восем гадоў вось такі філасофскі пасыл дала”, – кажа Ганна.

"Я дамалюю свой малюнак". У Гродне прайшла выстава ад анкахворых дзяцей
“Королева касоты” ад Машы

Два гады таму ў цэнтры “ПАРА” пачалі збіраць малюнкі і на іх аснове рабіць магніты, каляндарыкі, паштоўкі.

– Гэта магчымасць паказаць, што гэтыя дзеці – такія ж. Яны так жа пакутуюць, гэтак жа радуюцца, гэтак жа мараць. У іх таксама ёсць дзяцінства. Класічны вобраз такога лысенькага, з кругамі пад вачыма, худзенькага дзіцяці там сустракаецца часцей. Але дзеткі, якія выходзяць у стадыю рэмісіі, зусім іншыя. Яны актыўныя, гарэзлівыя, голасныя. Ніколі не скажаш, што гэта дзіця, якое яшчэ паўгода таму было ў тых сценах.

Падчас выставы і канцэрту ад “Клуба Арганізаваных Бардаў” сабралі грошы, якія пойдуць на канцылярскія падарункі для 15 першакласнікаў з Бараўлян, якія не змогуць сёлета пайсці на першую лінейку. 29 жніўня да іх прыедуць валанцёры і ўручаць персанальны падарунак кожнаму.

"Я дамалюю свой малюнак". У Гродне прайшла выстава ад анкахворых дзяцей
Фота: Наталля Наземцава

– Вельмі хочацца павысіць узровень культуры дабрачыннасці. Каб дабрачыннасць была прыгожай, прыемнай. Каб гледачы атрымалі задавальненне і сышлі з усведамленнем таго, што яны разам зрабілі добрую справу, – кажа Ганна.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: