Каля 30 рэканструктараў, якія займаюцца часамі Стэфана Баторыя, а таксама ранняга сярэднявечча, прыехалі ў Гродна з Польшчы 13 ліпеня. За час свайго чатырохдзённага візіту яны плануюць бліжэй пазнаёміцца з Гродна, а таксама выступіць перад гараджанамі.
Увечары першага дня рэканструктары ўжо пачалі выбудоўваць лагер каля Новага замка. Ужо тады гараджане маглі пазнаёміцца з некаторымі гасцямі. Для большасці рэканструктараў гэта не першы побыт у Гродне — яны ўжо былі тут у снежні 2016 года.
«Нас доўга на мяжы трымалі, але нічога — галоўнае, што мы прыехалі, — распавядае рэканструктар з пад Варшавы Барташ Седляр. — Заўсёды рады прыехаць у гэты выдатны горад, у якім жыў кароль Стэфан Баторый. У першую чаргу ў Гродна прыязджаем, каб ушанаваць яго памяць, а ўжо пасля выступаем для людзей. Нам гэта падабаецца, мы робім гэта дзеля ідэі».
Барташ Седляр заўважае, што хоць гродзенскі замак Баторыя сёння выглядае не вельмі добра, для іх гэта не галоўнае. Галоўнае, што кароль быў тут і тут праходзілі сур’ёзныя падзеі звязаныя з нашай гісторыяй. Польскія госці радыя былі б, каб замак прывялі ў парадак. У Польшчы з гістарычнай спадчынай справы ідуць лепей, бо на гэта ёсць грошы, кажуць палякі.У пятнiцу, 14 лiпеня, рэканструктары будуць адпачываць. Асноўныя мерапрыемствы — паказы баёў, выступленні лучнікаў і іншае — пройдуць 15 ліпеня на тэрыторыi Новага замку.