У гродзенцаў справедку быў свой бацька — Нёман. Ён даваў жыццё, а таму быў адначасова і маці. Запрашаем у паветранае падарожжа па-над ракой.
Нібы два браты, глядзяць адзін на аднаго берагі Нёмана. У Гродне іх лучаць пяць мастоў: Стары ў цэнтры горада, Новы або Паповіцкі, Румлёўскі, а таксама стары чыгуначны і закінуты былы чыгуначны мост каля Паўднёвай вуліцы.
Гродзенскае жыццё пачыналася на правым беразе прыкладна тысячу год таму. Гісторыкі маюць розныя погляды на гэтае пытанне.
Цяпер тут на Замкавай гары і суседнім пагорку стаяць Стары і Новы замкі, хаваецца пад драўляным дахам Ніжняя царква ХІІ стагоддзя.
Поруч на Каложскім узвышшы — Барысаглебская царква ХІІ стагоддзя, сапраўдны архітэктурны цуд для драўлянага горада тых часоў. Зрэшты і Каложа прыдбала сабе драўляную сцяну сто гадоў таму.
На некалькі стагоддзяў пазней недалёка на беразе пабудавалі палац, які належаў родам Сапегаў і Агінскіх. У канцы ХІХ стагоддзя яго перабудавалі ў самы буйны на той час бровар у горадзе, што таксама падтрымлівала жыццё пэўных гродзенцаў.
Комплекс будынкаў перад Старым мостам, што захаваўся да сёння, — былыя казармы. Да нядаўняга часу там месціўся тонкасуконны камбінат. Цяпер у гэтых памяшканнях вучацца будучыя юрысты. Тэрыторыю вакол упарадкавалі. Таму тут любяць рабіць фотасесіі каля фантана і на прыступках, а па вечарах збіраецца моладзь.
Габрэйскі квартал з сінагогай на левым беразе не захаваўся.
З левага берага адкрываецца, бадай што, самая прыгожая панарама горада. Адтуль стваралі свае рысункі Ёхан Адэльгаузер, Томаш Макоўскі, пісаў панараму Гродна Напалеон Орда. У хуткім часе на Левабярэжнай адкрыюць аглядальную пляцоўку, каб турысты ды гараджане маглі лепей разглядзець горад.
Самай велічнай пабудовай на Левабярэжнай можна назваць Францішканскі касцёл.Цяпер на ўзбярэжную Нёмана прыходзяць пашпацыраваць, пазагараць на пляжах: Цэнтральным, Румлёўскім і ў Пышках. Заўсёды сядзяць рыбакі, хоць, кажуць, што пасля пабудовы ГЭС рыбы паменела. Па вечарах гродзенцы адпачываюць у «Карчме ля прычала».
Па самым Нёмане сплаўлюцца на байдарках, ходзіць цеплаход «Вольга Соламава», пачало дзейнічаць рачное таксі.
youtu.be/6g_T_Cpd_sc