Гродзенскія мастакі Павел Іваноў і Максім Карповіч за два тыдні намалявалі ў двары гандлёвага цэнтра ABC вялікую выяву старога Гродна. Сцяна стала практычна дакладнай копіяй панарамы Гродна, якую маляваў Напалеон Орда ў сярэдзіне 19-га стагоддзя.

Чарговая выява ў двары гандлёвага цэнтра ABC з’явілася на сцяне плошчай каля 80 кв.м. Побач ужо ёсць некалькі маштабных малюнкаў з відамі старога Гродна. Іх малявалі восенню 2017 года.

«На першых малюнках у нас былі вуліцы старога Гродна, а зараз мы вырашылі намаляваць панараму горада, — распавядае заказчык Андрэй Сурба. — Эскіз, якога мы прытрымліваліся, быў узгоднены з мастацкім саветам, гандлёвым домам „Нёман“ і ABC. Выніковая праца, мне здаецца, атрымалася нядрэнная».

Па матывах Напалеона Орды: у двары гандлёвага цэнтра ABC з'явілася выява старога Гродна
Дадалі некалькі дамоў

За аснову малюнка мастакі ўзялі панараму Гродна, якую маляваў Напалеон Орда ў сярэдзіне 19-га стагоддзя. Мастак сядзеў на левым беразе Нёмана і замалёўваў горад.

Па матывах Напалеона Орды: у двары гандлёвага цэнтра ABC з'явілася выява старога Гродна
Панарама Гродна з левага берага Нёмана. Аўтар Напалеон Орда
«На малюнку Орды аказалася мала збудаванняў - прыватных дамоў, у выніку нам давялося крыху дадумваць, каб насыціць карціну. Прагледзеўшы іншыя выявы Гродна таго перыяду, мы дадалі пару пабудоў. За час працы да мастакоў не раз падыходзілі турысты і пыталіся, як бы ім патрапіць у тое ці іншае месца, якое намалявана на сцяне. Мы хочам верыць, што двор гандлёвага цэнтра ABC стане ўлюбёным месцам гараджан і турыстаў. Па нашых выявах экскурсаводы змогуць распавядаць гісторыю Гродна», — дадаў Андрэй Сурба.

Пасля фестывалю нацыянальных культур мастакі прыступяць да чарговага малюнку ў двары гандлёвага цэнтра ABC. Там з’явяцца знакавыя асобы Гродна.