Цягам месяца, ад 3 лістапада да 3 снежня, гродзенцы маюць магчымасць сустрэца з відавочнымі і неверагоднымі аптычнымі ілюзіямі. Выстава, што адкрылася ў OldCity, цалкам інтэрактыўная. З кожным прыборам наведвальнікі могуць і павінны ўзаемадзейнічаць. Мабільная экспазіцыя распрацавана Цэнтрам навукі «Капернік» і падарожнічае ўжо чатыры гады. У Беларусі раней за Гродна аптычныя ілюзіі пабачыў толькі Гомель.

Як тэорыя выглядае на практыцы

«О! Мы гэта ў мінулым семестры праходзілі!» — ускліквае фізік-першакурснік, і пачынае распавядаць сяброўцы пра лінзы і прамяні святла. «Я помню, як вы нам гэта тлумачылі», — звяртаецца хлопец ужо да доктара навук, выкладчыка ГрДУ Аляксандра Маскевіча. Студэнты і выкладчыкі-фізікі - адны з першых наседвальнікаў навуковай выставы «Відавочнае-неверагоднае».

image00002

«Маем надзею, — кажа арганізатарка выставы Аксана Ялава, — што яны будуць тут далёка не адзінымі. Чакаем у госці ўсіх жыхароў горада — і вялікіх, і малых». Паводле яе, інтэрактыўная выстава здольна зацікавіць любога менавіта сваёй адкрытасцю.

image00007

Тут усё можна памацаць ці пакруціць, каб атрымаць уласны досвед узаемадзеяння з прыстасаваннямі і пабачыць, як тэорыя выглядае на практыцы. «Наша задача — азадачыць вас. Каб вы ўсё паглядзелі, а вярнуўшыся дадому, палезлі ў інтэрнэт разбірацца, што гэта было. Каб дзеці пасля сталі распытваць бацькоў ці настаўнікаў пра з’явы, што пабачылі у нас».

Чары і казкі

«Для нашага горада гэта ўнікальная падзея, — кажа Андрэй Герман, дэкан фізіка-тэхналагічнага факультэта ГрДУ. — Інтэрактыўных музеяў робіцца ў свеце ўсе больш. Наш універсітэт таксама мае амбіцыі некалі арганізаваць уласны музей навукі. Таму зараз вельмі цікава пазнаёміцца з экспанатамі, атрымаць першы досвед і ўражанні ад узаемадзеяння».

image00004

Навуковец лічыць, што праз такога кшталту імпрэзы можна прышчапіць дзецям і юнацтву цікавасць да дакладных навук, паказаць фізічныя з’явы з нязвыклага боку, абудзіць творчы надыход да навукі. «Можа, дзіця пабачыць тут чары, фокусы ды казкі. Можа, у яго душы застанецца зярнятка цікавасці да „каралевы навук — фізікі“ і тое зярнятка некалі прарасце».

image00008

Прамень святла ў цёмным царстве

У памяшканні дзе ўсталяваны аптычныя прыборы — паўзмрок, каб больш ярка выглядалі рознакаляровы промні святла, з якімі мае справу оптыка. Прамяні адбіваюцца ад люстэркаў рознай формы, ламаюцца і знікаюць. Ці множаць адлюстраванні і падманваюць зрок.

image00015

Адрозніць сапраўднае ад ілюзій робіцца ўсё больш складана. Падаецца, што гэта фокус, але фокус — гэта чыстая праўда. «Выпуклая лінза збірае паралельныя промні ў адной кропцы. Гэта кропка называецца фокусам — распавядае Аляксандр Маскевіч, загадчык кафедры агульнай фізікі ГрДУ. — Лінза іншай формы можа рассейваць прамяні, а спалучэнне розных лінз стварае іншыя падобныя эфекты. Можна атрымаць з шырокага пучка промняў вузкі ці наадваарот». Выкарыстоўваюцца падобныя прылады, напрыклад, у галаграфічных устаноўках.

youtu.be/hqAKKEeBN90

З прытоенай усмешкай «галоўны спецыяліст універсітэта па оптыцы» прапануе дакрануцца да пярсцёнка, што дэманструецца на адной з вітрынаў выставы. Аднак жа аказваецца, што «бачыць вока, ды ляжыць далёка». Рука праходзіць праз «пярсцёнак» наскрозь.

image00014

Яго няма, але ёсць поўнае ўражанне што ён тут. Такі эфект робіць сферычнае люстэрка. Яно стварае выяву прадмета ў прасторы, а сам прадмет знаходзіцца ў іншым месцы.

Перамяшчэнне «аптычных ілюзій» зусім не ілюзія

Уласна і канцэпцыя навуковай выставы вельмі да аптычных з’яваў падобная. Яна перамяшчае цудоўны свет навукі ў прасторы ад горада да горада. Цэнтр навукі «Капернік» у Варшаве мае стацыянарную экспазіцыю. Яна больш шырокая, але не прызначана для падарожжаў.

[cincopa+AMMANzdR647D]

А вось мабільная выстава здольна паказаць забаўляльную навуку нават тым, хто жыве далека ад сталіц. Паводле арганізатараў, выстава прысвечаная оптыцы — «цэласная і комплексная», што дае шанец сфакусаваць не толькі промні святла, але і ўвагу гледачоў. Да таго ж, гэта вельмі цікава і прыгожа.

Што па чым

Асобнаму наведвальніку квіток на выставу абыдзецца ў 4 рублі. Для сямей з дзецьмі прадугледжаны зніжкі - за чатыры асобы трэба будзе заплаціць 13 рублёў. Пры наведванні выставы групамі школьнікаў цана за кожнага складзе 3 рублі (група ад 10 чалавек), а выхаванцаў дзіцячых дамоў запрашаюць наведаць экспазіцыю бясплатна.

image00005

Пад час школьных канікул выстава будзе працаваць ад 10.00 да закрыцця гандлёвага цэнтра. Пасля канікул праца выставы будзе пачынацца ў 11.00.