Выстава пра Люблінскую унію, падпісаную 450 гадоў таму, адкрылася ў гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця 21 кастрычніка, піша “Радыё Свабода”.

Экспазіцыя складаецца з 14 стэндаў з фатаздымкамі Любліна — горада, дзе Вялікае Княства Літоўскае і Карона Польская пагадзіліся абʼяднацца. На фота відаць месцы, звязаныя з Люблінскай уніяй, паказаны іхні лёс.

На думку гаспадара Цэнтру гарадскога жыцця Паўла Мажэйкі, Люблінская унія — адзін з найважнейшых момантаў у еўрапейскай гісторыі. Сярод мэтаў выставы — паказаць беларусам, што не варта баяцца лічыць гэтую дзяржаву сваёй.

Павел Мажэйка
Павел Мажэйка

«Гэта нашая дзяржава [Рэч Паспалітая], якую стварылі нашыя продкі, развівалі яе. І мы маем абсалютнае права да таго, каб карыстацца гэтай спадчынай і шанаваць яе. Люблін, як і Гродна, дыхае гісторыяй на кожным кроку. Мы хочам, каб людзі ўбачылі, як можна на гэтым рабіць імя свайму гораду, рабіць яго прыгажэйшым, прывабнейшым. Паказаць, як у суседняй дзяржаве адзначаюць і паважаюць гістарычныя падзеі», — кажа Павел Мажэйка.

Генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк заўважыў, што Люблінская унія — унікальны прыклад таго, што карыснага могуць зрабіць разам розныя народы.

Генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк
Генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк

«Люблінская унія паспрабавала зрабіць дзяржаву двух народаў, але насамрэч большай колькасці народаў: беларусы, армяне, украінцы, яўрэі… Не было пануючага народу. Люблінская унія, можа, апярэджвала сваю эпоху. Сёння варта яе дацаніць. Бо гэта была спроба паразумецца і стварыць супольную дзяржаву для розных, часта спрэчных паміж сабой памкненняў. Гэтая спроба была перакрэсленая гісторыяй, але гэта не значыць, што яна была кепская», — заўважыў Яраслаў Ксёнжэк.

Грэка-каталіцкі святар айцец Андрэй Крот звярнуў увагу, што Люблінская унія стала штуршком для падпісання царкоўнай Берасцейскай уніі ў 1596 годзе.

«Стала магчымым абʼяднанне падзеленых цэркваў, нягледзячы на рознасць, адметнасць кожнай дзяржавы і кожнай канфесіі», — сказаў айцец Андрэй Крот.

Выстава будзе працаваць да 12 лістапада.


Любіць хадзіць па вулачках і шкадуе аб Фары Вітаўта. Консул Яраслаў Ксёнжэк пра жыццё ў Гродне

У Гродне адкрылі выставу, прысвечаную 450-годдзю стварэння Рэчы Паспалітай

У Гродне адкрылі выставу, прысвечаную 450-годдзю стварэння Рэчы Паспалітай

выстава Люблінская унія

выстава Люблінская унія

выстава Люблінская унія

выстава Люблінская унія