Музычныя пастаноўкі да Міжнароднага дня людзей з інваліднасцю ўжо чацвёрты год праводзіць у Гродне каманда валанцёраў і падапечных дзіцячага хоспіса. Сёлета яны падрыхтавалі мюзікл «Смялей, Ева!» Паказ адбыўся 4 снежня ў залі Дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Перад спектаклем гледачы маглі пабачыць выставу мастацкіх прац з акцыі дзіцячага хоспіса «З верай у жыццё і ў людзей».
«Сёлета мы вырашылі скарыстаць для мюзікла казачны сюжэт, каб распавесці пра сапраўдныя праблемы», — распавядае псіхолаг хоспісу Марыя Бразінская. Гэта пад яе кіраўніцтвам валанцёры перайначвалі казку і ўпляталі ў знаёмы сюжэт невядомую для многіх інфармацыю аб правах людзей з асаблівымі патрабаваннямі.
У гэтым годзе, са словаў Марыі, да валанцёрскага атрада хоспіса далучылася шмат цікавых і ініцыятыўных студэнтаў. «Прыйшлі не толькі студэнты, будучыя псіхолагі, педагогі ці лекары, з каторымі мы традыцыйна працуем, але і матэматыкі таксама. Агулам у спектаклі задзейнічана больш 20 актораў».
Разам з валанцёрамі ўдзельнічалі ў спектаклі і падапечныя дзіцячага хоспіса — Карына Насытка і Міша Дзюрдзь. Іх героі на сцэне тлумачылі Еве, што яна мае права на здзяйсненне мараў і дапамагалі на гэтым шляху.
«Я ўжо другі раз удзельнічаю ў мюзікле. Летась чытала вершы, а зараз спяваю. Прыемна іграць асобу, што дапамагае гераіні ў цяжкай сітуацыі. У той момант, калі яна траціць надзею і думае, што ўсё страчана, я даю ёй білет на цягнік, каб яна не спынялася на шляху да мары».
Выканаўца ролі Евы, Людміла Цімашук, студэнтка трэцяга курса факультэта псіхалогіі ГрДУ, таксама не першы раз удзельнічае ў пастаноўцы. Але прызнаецца — усё роўна вельмі хвалюецца. «Я іграла раней, але не выконвала галоўных роляў. Адчуваю адначасова і радасную акрыленасць, і страх памыліцца». Тое, што разам з валанцёрамі на сцэну выходзяць дзеці з асаблівымі патрэбамі, меркаваннем Людмілы, надае моцы:
«З імі вельмі прыемна працаваць. Творчасць, яна для ўсіх, гэта тое, што нас яднае».
Паказ спектакля, створанага камандай дзіцячага хоспіса, упершыню прайшоў у каледжы мастацтваў і адразу сабраў поўную залу гледачоў. Па словах намесніцы дырэктара Аксаны Жураўскай, тэма дапамогі людзям з асаблівымі патрабаваннямі знаёмая навучэнцам каледжа здаўна. Каледж больш за 20 гадоў супрацоўнічае з таварыствам інвалідаў. Навучэнцы і выкладчыкі традыцыйна ладзяць канцэрты і гульнёвыя праграмы для дарослых і дзяцей з асаблівымі патрабаваннямі да Міжнароднага дня інвалідаў і Дня барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі.
«Сёлета наша дабрачынная дзейнасць пашырылася яшчэ і за кошт супрацы з дзіцячым хоспісам. Мы з радасцю прымаем на сваёй сцэне спектакль „Смялей, Ева!“ Гэта вельмі добрая супраца, што вучыць дзяцей заўважаць цяжкасці іншых людзей, вучыць іх міласэрнасці».
Паводле псіхолага дзіцячага хоспіса Марыі Бразінскай, спектакль атрымаўся «моцным і прафесійным», таму хочацца, каб яго змаглі пабачыць не толькі адзін раз.
«Сёлета акцыі, што ладзіць хоспіс, атрымаліся вельмі заўважнымі. Створаная напачатку года экспазіцыя «З верай у жыццё і ў людзей» ужо год падарожнічае па прадпрыемствах горада, дабрачынная выстава «Змяняючы рэальнасць» адкрылася нядаўна ў Дзяржаўнай галерэі Сопата (Польшча), а праект адаптыўнага адзення для інвалідаў-вазочнікаў перамог у конкурсе сацыяльных стартапаў.