Ужо пяць гадоў сям’я Таццяны Касатай і Дзмітрыя Герасюка жыве у цэнтры Гродна на Падольнай 8а. Іх кватэра знаходзіцца на апошнім паверсе ў трохпавярховым доме з мансардай. Улетку тут горача, а ўзімку мала сонечнага святла. Але гэта ўсё нюансы, бо сваім жыллём сям’я задаволена. Карэспандэнтка Hrodna.life наведала гэту кватэру і даведалася пра яе гісторыю.

У праекце «Мой дом у Гродне» Hrodna.life збірае самыя незвычайныя гісторыі людзей, іх кватэр і дамоў.

«Мы марудныя і трохі лянівыя, і таму, калі мы выбіралі кватэру, для нас было важна адразу засяліцца. Калі б мы пачалі рамонт, гэта працягнулася бы на гады», — распавядае Таццяна.

Планіроўка, сцены, падлога, шпалеры, кухня — усё было так пры ўездзе ў кватэру. Пяць гадоў таму тут жыла сям’я з Санкт-Пецярбурга з двума дзецьмі. Яны прадалі гэту кватэру, самі з’ехалі ў вёску пад Мінскам, каб займацца там авечкагадоўляй, а потым перабраліся ў Віцебск. За грошы ад продажу жылля яны змаглі купіць дзве кватэры. Але праз некаторы час Таццяна і Дзмітрый сустрэлі іх у Гродне: яны вярнуліся, бо не знайшлі лепшага горада, чым Гродна. «Цяпер мабыць шкадуюць, што прадалі нам кватэру».

Дагэтуль сям’я Таццяны і Дзмітрыя жыла ў арэнднай кватэры на Янкі Купалы. Там яны пражылі два гады. «Адзіны плюс у тым месцы — гэта Румлёўскі парк побач. Больш там плюсаў не было», — кажа Таццяна.

Таццяна і Дзмітрый шукалі кватэру, якая адпавядала б некалькім крытэрыям.

1. Кватэра павінна быць у цэнтры

«Мы не разглядалі іншых варыянтаў, абавязкова ў цэнтры. Бо ў цэнтры ёсць магчымасць хутка вырашыць шматлікія пытанні, адмовіцца ад грамадскага транспарту і мінімізаваць выкарыстанне машыны. Таксама ў цэнтры прасцей сустракацца з сябрамі і знаёмымі, такім чынам падтрымліваць цесныя і сталыя стасункі з імі», — распавядае Дзмітрый.

«Дом будавалі для супрацоўнікаў тэкстыльнага камбінату». Як выглядае кватэра сям'і гісторыка і праграміста ў Гродне
Дзмітрый гатуе каву на кухні, на руках ён трымае малодшага сына Ігната

2. Дом павінен быць не шматкватэрны, максімум, каб было чатыры паверхі

«Для нас вельмі важная камунікацыя з суседзямі, важная гэта супольнасць, якая тут жыве. Мы разумелі, што набыць вялікую і прыгожую кватэру ў месцы, дзе няма камунікацыі з суседзямі, значыць застацца адным».

Гэты крытэрый супаў. У доме тры паверхі і адзін пад’езд, у якім 12 кватэр. Таццяна і Дзмітрый пачалі займацца кветнікамі ў двары, а суседзі выходзяць і ім дапамагаюць. «А была яшчэ такая сітуацыя, якраз на гэтым тыдні, — успамінае Таццяна. — Мы збіраліся паехаць у Мінск, выйшлі ўжо амаль што з рэчамі, а ў нас кола спусціла. І ўсе суседзі, што выходзілі, проста нам дапамагалі: хтосьці інструмент прынёс, хтосьці кола дапамог памяняць. Зараз я гэта вельмі моцна адчуваю, тады гэты крытэр быў не такі яўны. Цяпер я разумею, што мы не прагадалі».

«Дом будавалі для супрацоўнікаў тэкстыльнага камбінату». Як выглядае кватэра сям'і гісторыка і праграміста ў Гродне
Правілы сям'і Таццяны і Дзмітрыя вісяць на дошцы на кухні

3. Мы хацелі кватэру з высокімі столямі і вялікімі вокнамі

Гэты крытэрый не апраўдаўся. У кватэры столі - 2,7 метра. Паколькі кватэра знаходзіцца на мансардным паверсе, то ў некаторых пакоях ёсць скосы, таму столі там 2,5 метра.

Вокны тут таксама невялікія. «На жаль, вокны ў нас маленькія. Цяпер я разумею, што гэта плюс, таму што іх можна вельмі хутка мыць. За адзін дзень я магу памыць усе вокны і не трэба драбінкі прыстасоўваць для гэтага. З практычнага боку — гэта добра, але сонца ў зімова-восеньскі перыяд не вельмі хапае», — кажа Таццяна.

«Замест высокіх вокнаў мы маем шырокія і нізкія падваконні, на якіх так утульна і прыемна пасядзець з кубкам гарбаты. Таксама вялікім плюсам нашых вокнаў з’яўляецца від з іх — зялёныя дрэвы і трохі Нёмана», — дапаўняе Таццяну Дзмітрый.

«Дом будавалі для супрацоўнікаў тэкстыльнага камбінату». Як выглядае кватэра сям'і гісторыка і праграміста ў Гродне
Від з акна ў кватэры на Падольнай, 8а

Таццяна і Дзмітрый хочуць у будучым пашырыць вокны ў гасцёўні ўверх і ўніз, каб ў пакоі было больш сонечнага свету, а таксама змяніць прастору, зрабіць яе больш утульнай.

4. Месца павінна быць спакойным

«Нам было важна, каб месца было далёка ад вялікага скаплення людзей». Да сямейнага жыцця Таццяна жыла ў кватэры ў самым цэнтры горада на Карла Маркса. Вокны выходзілі на дарогу. «Гэта было насупраць галоўпаштамта, там было вельмі шумна, і я не магла адчыніць фортку для праветрывання ў пакоі, дзе жыла. Гэта было вельмі нязручна. Таму, мы разумелі, што нам патрэбны супакой, тым больш ўсё ж такі для дзяцей важны дзённы сон».

«Дом будавалі для супрацоўнікаў тэкстыльнага камбінату». Як выглядае кватэра сям'і гісторыка і праграміста ў Гродне
Маленькі Ігнат гуляецца ў працоўна-дзіцячым пакоі
елена пекарь
Елена Пекарь
специалист по продаже недвижимости
агентства «Магазин недвижимости»

Як паказвае мая практыка, многія людзі часта выбіраюць жылплошчу або празмерна рацыянальна, або занадта эмацыйна. У такім выпадку, яны прыдзіраюцца да дробязяў, зацягваюць працэс пакупкі кватэры, а часам нават кідаюцца ледзь не на першы варыянт, які патрапіцца.

Рэкамендую не зацыклівацца пры пошуку кватэры мары, а даверыцца свайму агенту. Калі вы напісалі спіс з трыццаці абавязковых параметраў, а ваш агент кліча паглядзець нешта іншае — не адмаўляйцеся. Дазвольце яму прапанаваць больш розных варыянтаў - у выніку вы можаце знайсці кватэру сваёй мары ў нечаканым месцы.


«Мы панаехаўшыя і жывём у цэнтры»

У кватэры на Падольнай тры пакоі: гасцёўня, спальня, і працоўна-дзіцячы пакой. «Мы яго так называем, таму што дзеці там працуюць, а Дзіма гуляе», — жартуе і ўсміхаецца Таццяна. Плошча кватэры 53 квадратных метры. Кухня тут невялікая, таму гасцей сям’я звычайна прымае ў гасцёўні: там ёсць круглы стол, за якім зручна і паесці, і паразмаўляць.

«Мы вельмі задаволеныя. Нават калі мы чакалі высокую столю, нас гэта не расчаравала. Я сярэдняга росту, Дзіма трошкі вышэйшы, але мы не адчуваем сябе, як у доміку Дзюймовачкі. Няма адчування, што штосьці давіць».

Калі нарадзіліся дзеці, Таццяна адчула ў гэтай кватэры як плюсы, так і мінусы. Плюсы ў тым, што каб патрапіць у пешаходную зону на ўзбярэжнай і спакойна там прагуляцца, ім не трэба пераходзіць тысячу дарог праз светлафоры. А ў летні сезон яны ходзяць на пляж, дзе цэлыя соткі пяску. «Дзеці там могуць корпацца і гуляцца. Такія вялікія „пясочніцы“ нас уратоўваюць. Нам там хапае атракцыёнаў: то выратавальнікі прыязджаюць на вучэнні, то пажарныя. Для дзяцей гэта таксама важна і цікава». Недалёка ад дома знаходзіцца школа. Побач з ёй ёсць невялікі сквер, дзе дзеці могуць пабегаць сярод дрэў і змяніць абстаноўку.

«Але ёсць канешне невялікі мінус, з якім нам даволі складана было справіцца. У нашым доме няма ні ліфта, ні пандуса. Я ведаю, канешне, што гэта праблема ўсіх цэнтраў. Але калі Дзіма яшчэ працаваў у офісе, то я без ліфта спускала люльку з дзіцяткам уніз і падымала наверх. А на першым і другім паверсе няма вялікай пляцоўкі, каб можна было пакінуць вазок. І мы падымалі вазок на нашу пляцоўку, на трэці паверх». Цяпер Таццяна гэтага мінусу не адчувае, таму што Дзмітрый працуе з дому і дапамагае ёй, а дзеці падраслі і могуць ужо самі спускацца і падымацца па лесвіцы.

Дзмітрый працуе праграмістам, а Таццяна — гісторык і навуковец. Яна займалася вывучэннем мінуўшчыны Гродна, пісала артыкулы па гісторыі горада. Таццяна запісвала ўспаміны старажылаў Гродна. Вынікам гэтай справы стала выданне кнігі «Зусім іншы горад». Яе Таццяна падрыхтавала разам з гісторыкам Андрэем Вашкевічам. Цяпер Таццяна займаецца дзецьмі: старэйшаму сыну Сымону тры гады, а малодшаму Ігнату — два.

«Дом будавалі для супрацоўнікаў тэкстыльнага камбінату». Як выглядае кватэра сям'і гісторыка і праграміста ў Гродне
Таццяна Касатая разам з гродзенскім гісторыкам Андрэем Вашкевічам выдалі кнігу «Зусім іншы горад»

«Мой сябар неяк пажартаваў, што ў Гродне толькі прыезжыя жылі ў цэнтры горада. І сапраўды, у часы Расійскай Імперыі тут жылі прадстаўнікі дзяржаўнай службы з Расіі, у міжваенныя часы палякі прыязджалі сюды, займалі пасады і жылі ў цэнтры, у савецкі час — ваенныя. Так вось, мы таксама такія панаехаўшыя і жывём у цэнтры», — кажа Таццяна, бо яна родам з Мёраў Віцебскай вобласці, а Дзмітрый са Скідзеля.

елена пекарь
Елена Пекарь
специалист по продаже недвижимости
агентства «Магазин недвижимости»

Кватэры і дамы ў цэнтры Гродна пакупаюць як людзі з іншых гарадоў, так і людзі з іншых краін. Замежнікі вельмі выбарчыя пры выбары жылля ў Гродне!

Важнае значэнне для іх, напрыклад, мае від з акна. Выбар будзе на карысць кватэры з відам на архітэктурныя помнікі, цэрквы, або на прыгожую набярэжную. Гасцей з іншых краін прыцягвае развітая інфраструктура, наяўнасць культурнага жыцця і забаў. Прычым для многіх важныя не столькі рэстараны і тэатры, колькі супермаркеты або фітнэс-клубы.

Важнымі фактарамі для іх таксама з’яўляюцца высокія столі ў кватэры, прыгожы фасад будынка, светлыя і прасторныя пад’езды, а таксама невялікая аддаленасць кватэры ад офіса (калі плануюць працаваць у горадзе і хадзіць пешшу). Вельмі важная інвестыцыйная прывабнасць аб’екта.

Кватэры ў спальных раёнах замежнікі купляюць досыць рэдка.


Гісторыя дома і планіроўка

Дом на Падольнай, 8а пабудавалі ў 1956 годзе. Таццяна знайшла старыя фотаздымкі, як забудоўвалася гэта вуліца. На іх можна заўважыць, што раён быў агароджаны платамі. А на адным фатаздымку нават відаць, як будавалі мансарду дома Таццяны і Дзмітрыя. Гэта пацвярджае, што мансарду будавалі адразу з домам, а не дабудоўвалі пазней, як кажуць некаторыя маладыя жыхары дома.

Чытайце таксама: Амаль машына часу. У пад’ездзе на Падольнай вісіць графік уборкі 1954 года

«Дом будавалі для супрацоўнікаў тэкстыльнага камбінату». Як выглядае кватэра сям'і гісторыка і праграміста ў Гродне
Забудова вуліцы Падольнай. За дамамі бачна, як будуецца мансарда ў доме 8а

Суседзі, якія жывуць у доме з самага пачатку, расказвалі, што гэтыя дамы будаваліся для супрацоўнікаў тэкстыльнага камбінату. «Суседзі распавядалі, што самі супрацоўнікі пасля працы дапамагалі будаваць дамы, каб гэта было хутчэй».

«Планіроўка на дадзены момант для нас зручная», — кажа Таццяна. Знаёмыя прапаноўвалі сям'і знесці сцяну паміж гасцёўняй і спальняй і зрабіць адзін вялікі пакой. «Але мы разумеем, што да нас вельмі часта прыходзяць госці. Мы заўсёды збіраемся ў гасцёўні, таму што на кухні няма месца. І мы не хочам, каб ў адным пакоі была і спальня і гасцёўня, таму што спальня — гэта вельмі інтымны куток кватэры, дзе я б не хацела бачыць шмат людзей».

Улетку ў кватэры горача, таму сям’я набыла перанасны кандыцыянер. «Мы ўстаўляем яго ў акно. Ён апускае тэмпературу на тры, чатыры градусы і гэта ўжо вельмі адчуваецца. З другога боку, у міжсезонне мы не мерзнем».

«Мы як плюшкіны»

«Мы як плюшкіны, мы шмат чаго збіраем», — распавядае Таццяна. Стол у гасцёўні - гэта стол бабулі Дзмітрыя. Ён яго пафарбаваў, трохі падцёр, каб стол выглядаў сапраўды старым. «Яго мама распавядала, што вось гэты стол яны рассоўвывалі і разам з яе братам гулялі на ім у настольны тэніс».

«Дом будавалі для супрацоўнікаў тэкстыльнага камбінату». Як выглядае кватэра сям'і гісторыка і праграміста ў Гродне
Таццяна Касатая і яе старэйшы сын Сымон за сталом бабулі Дзмітрыя

Дубовая сталешніца, за якой працуе Дзмітрый у працоўна-дзіцячым пакоі, ад бабулі Таццяны. «Мы яе таксама пачысцілі. Гэта ручная праца майго дзеда, таму яна для нас вельмі каштоўная. Ёй ужо 100 гадоў».

«Дом будавалі для супрацоўнікаў тэкстыльнага камбінату». Як выглядае кватэра сям'і гісторыка і праграміста ў Гродне
Працоўнае месца Дзмітрыя і дубовая сталешніца, якой ужо 100 гадоў

У кватэры няма тэлевізара, затое вельмі шмат кніг. Паколькі ў дзяцей няма іншай альтэрнатывы, то яны, таксама як і бацькі, шмат часу праводзяць у кнігах. «Мы пачалі асвойваць бібліятэку. Ужо разумеем, што набываць кнігі фізічна не можам, таму што не змяшчаем усіх кніжак».

Дзмітрый чытае больш кнігі па працы, а Таццяна гістарычную і спецыялізаваную літаратуру.

У кватэры ёсць карціны гродзенскай мастачкі Наталлі Клімовіч: выява вуліцы Карла Маркса і брыгіцкага касцёла. «Гэты касцёл мае вельмі вялікае значэнне для нашай сям'і, таму што з яго наша сям’я пачала сваю гісторыю — мы там бралі шлюб. На мой погляд, гэта самы прыгожы касцёл у Гродне», — расказвае Таццяна.

«Дом будавалі для супрацоўнікаў тэкстыльнага камбінату». Як выглядае кватэра сям'і гісторыка і праграміста ў Гродне
Карціны Наталлі Клімовіч і Івана Русачака вісяць у гасцёўні. Таццяна і Дзмітрый аформілі іх у рамкі самі.

Яшчэ на сцяне ў гасцёўні вісяць тры карціны гродзенскага мастака Івана Русачака, які падараваў гэтыя працы Таццяне, калі яна выпадкова завітала да яго ў майстэрню.

«Мы таксама любім маляваць, таму ў нас у працоўна-дзіцячым пакоі заўсёды ёсць папера. Звычайна дзеці вельмі любяць фарбамі маляваць».

«Дом будавалі для супрацоўнікаў тэкстыльнага камбінату». Як выглядае кватэра сям'і гісторыка і праграміста ў Гродне
У працоўна-дзіцячым пакоі на сцяне вісяць гітары, кожны дзень малодшы Ігнат цягне адну з іх да сябе і пачыне на ёй іграць, як на кантрабасе.
«Дом будавалі для супрацоўнікаў тэкстыльнага камбінату». Як выглядае кватэра сям'і гісторыка і праграміста ў Гродне
У працоўна-дзіцячым пакоі на сцяне вісяць гітары, кожны дзень малодшы Ігнат цягне адну з іх да сябе і пачыне на ёй іграць, як на кантрабасе.
елена пекарь
Елена Пекарь
специалист по продаже недвижимости
агентства «Магазин недвижимости»

Сёння кватэра з мансардай — гэта сучаснае зручнае жыллё з незвычайнай планіроўкай. Выбіраюць такую ​​кватэру, калі хочуць рамантыкі і асаблівага інтэр'еру. Існуе шэраг прычын, чаму можна разглядаць куплю кватэры з мансардай:

— Нават пры самым простым рамонце кватэра будзе пакідаць незвычайнае ўражанне і добра запамінацца гасцям;

— Вокны на мансардным паверсе часта размешчаны пад нахілам, а часам знаходзяцца гарызантальна на столі. Гэта дазваляе прапусціць унутр сапраўды вялізарную колькасць сонечнага святла;

— Дамы з мансардамі звычайна размешчаны ў раёнах з адносна невысокай забудовай. Гэта азначае, што від з вокнаў, хутчэй за ўсё, будзе дзівіць уяўленне. Калі ж вокны размешчаны прама на столі, то можна ўсталяваць ложак пад імі і кожную ноч любавацца зоркамі перад сном;

— Кватэра на мансардзе нярэдка дазваляе прадуктыўна выкарыстоўваць прастору даху і праводзіць незвычайныя пікнікі пад адкрытым небам.


Чытайце таксама тэксты праекта «Мой дом у Гродне»: