14 студзеня літоўскія мытнікі арыштавалі кантрабанду цыгарэтаў з Беларусі, якія былі вельмі хітра схаваныя ў жалезабетонныя блокі. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.

Гэта першая для літоўскіх мытнікаў буйная партыя кантрабандных цыгарэт у гэтым годзе – 30 тысяч пачкаў на 106 тысяч еўра.

Усё адбылося ў чыгуначным пункце пропуску на станцыі Кена. Спачатку нічога не здалося дзіўным: будаўнічая кампанія адправіла з Беларусі цягніком 68 штук падмуркавых блокаў.

Аказалася, пад пластом жалеза і бетону схаваныя цыгарэты. Гэта выявілася пасля ўзважвання двух, здавалася б, аднолькавых блокаў. Толькі розніца ў вазе паміж імі склала каля 100 кг.

Каб дастаць цыгарэты, прыйшлося ўзяцца за інструмент і нямала папрацаваць: прабіць бетон, прапілаваць жалезную арматуру і «скрыначку» з металу, у якой знаходзіўся сам тавар.

Мытнікі ўпэўненыя, што кантрабанду схавалі ўнутр падчас адліўкі блокаў: з-за парушанай ізаляцыі «скрыначкі» некаторыя цыгарэты апынуліся мокрымі.

Як адзначаюць у ведамстве, кантрабанда цыгарэт па чыгунцы – адзін з трэндаў апошніх гадоў. Падобныя блокі затрымлівалі і раней: летам у грузавіку з Беларусі так дасталі прыкладна 79 тысяч пачкаў цыгарэт. Падвох заўважылі, калі ў звычайна суцэльных блоках выявіліся запоўненыя чымсьці паражніны.

Тое, што гродзенскія цыгарэты можна купіць ці не ва ўсіх краінах Заходняй Еўропы – сакрэт Палішынеля. Але як яны туды трапляюць? Як сталі лідарам сярод кантрабандных тавараў? І колькі сёння можа зарабіць звычайны кантрабандыст? Hrodna.life пагутарыў з Алегам, Максімам і Янэкам, якія добра памятаюць, як развіваўся кантрабандны бізнес на памежжы.

Вазілі спірт і… рыдлёўкі

Цыгарэты не адразу сталі асноўным памежным таварам. У 90-х з Беларусі ў Польшчу часцей за ўсё вазілі спірт, а да яго – самыя розныя тавары: рыдлёўкі, гумовыя боты, золата са срэбрам ды медзь з алюмініям. Адтуль вазілі, напрыклад, яблыкі. А вось беларускія цыгарэты тады яшчэ не мелі за мяжой такой шалёнай папулярнасці.

Але каньюнктура змяняецца. І так на змену спірту і металам прыйшлі цыгарэты і паліва. А тавары ўжо вязуць не ў Польшчу, а наадварот.

Крамы для кантрабандыстаў

У Гродне дастаткова аптовых крамаў, якія гандлююць цыгарэтамі па 24 гадзіны ў суткі. Ёсць і дробныя гандляры, але ў іх сваё кола кліентаў і дадатковая рэклама ім не патрэбна. Алег кажа, што калі ў такіх крамах нехта купляе 5-10 карабоў “Фэста” ці “Мінска”, то прадавец зусім не здзівіцца. Наадварот, пры яшчэ большых аб’ёмах можа прапанаваць зніжку.

Купіць за 80 капеек, прадаць за 8 рублёў. Былыя кантрабандысты расказалі пра шлях цыгарэт з Гродна на Захад
Адна з аптовых крамаў на выездзе з Гродна ў польскім накірунку

Візы па 500 еўра

Да 2010-11 гадоў атрымаць доўгатэрміновую візу было складана. Толькі з’яўленне візы “па закупы” значна спрасціла справу. Раней тыя, хто не меў сваякоў у Польшчы, маглі заплаціць за візу “пад ключ” нават 300-500 еўра.

Алег кажа, што гэтыя грошы можна было хутка адпрацаваць. Штрафы былі не такія вялікія як зараз, а праехаць мяжу было прасцей.

Купіць за 80 капеек, прадаць за 8 рублёў. Былыя кантрабандысты расказалі пра шлях цыгарэт з Гродна на Захад
Адна з аптовых крамаў на выездзе з Гродна ў польскім накірунку

Не больш за “норму”

Хоць цыгарэты ў ЕС з Беларусі патрапляюць рознымі шляхамі, аўтамабільны шлях для шэраговых грамадзян Алег лічыць самым папулярным. Але не самым вялікім па колькасці.

Каб не рызыкаваць аўтамабілем, большасць кантрабандыстаў вазілі не больш за “норму”: не 2 пачкі, як сёння, і не 10, як можна было раней, а столькі, каб не перавысыць норму, пасля якой, акрамя штрафа, канфіскоўваюць аўтамабіль. Раней гэта было 50 блокаў – адзін кораб, потым стала 40 блокаў.

Папяццот

Максімум, які можна было зарабіць з аднаго блока цыгарэт – 15 долараў, прынамсі на памяці Алега. Гэта было ў непрацяглы перыяд, калі ў Беларусі моцна прасеў курс рубля. Так, вазіўшы па 40 блокаў, з адной паспяховай паездкі можна было зарабіць 500 долараў.

Такі перыяд доўжыўся некалькі месяцаў і частка яго выпадала на часы абмежавання паездак раз на 5 дзён. Самы вялікі штарф за такую колькасць цыгарэт тады складаў каля 1000 долараў. Звычайна, па словах Алега, заробак быў меншы – 7-10 долараў з блока.

Купіць за 80 капеек, прадаць за 8 рублёў. Былыя кантрабандысты расказалі пра шлях цыгарэт з Гродна на Захад
Тытунёвая фабрыка “Нёман”

Штрафы – як падаткі

Не патрапляць на штрафы – немагчыма. Хіба што, калі ты пачынаючы кантрабандыст і ў цябе чыстая біяграфія, цябе ніхто не ведае – тады можна пэўны час ездзіць бяспечна. Але гэта латарэя. Нехта можа адпрацаваць год, нехта крыху больш, але можна патрапіць на штраф і з першага разу.

Тыя, хто працуе на сталай аснове, да штрафаў ставяцца як да сплаты падаткаў. Часам можна пайсці ў мінус. Можна працаваць два-тры месяцы ў плюс, а потым за адзін месяц заплаціць два-тры штрафы. Атрымаецца, што нічога не зарабіў.

Акрамя цвярозага разліку і добрых схованак, вялікую ролю грае выпадак. Нехта паспяхова праязджае мяжу 5-10 разоў у месяц цягам году і толькі 2-3 разы трапляецца. А нехта ці не ўвесь год працуе на штрафы і ў выніку сыходзіць з бізнесу. Асаблівасць у тым, што дзейнічае нарастаючы каэфіцыент: кожны наступны штраф большы за папярэдні.

Гэта проста “бомба”

Сёння нехта возіць 5-10 блокаў, іншы 25-30, але ўжо больш за 40 бяруць нямногія. Настолькі моцна загружаныя машыны называюць “бомбамі” – яны дакладна падлягаюць канфіскацыі. Але такіх аўто няшмат, запэўнівае Алег. Добра схаваць больш за 50 блокаў (1 кораб) у аўтамабіль, нават перароблены, вельмі складана. Так рызыкаваць могуць толькі тыя, у каго ёсць “падушка бяспекі”.

Літоўцы з фантазіяй

Перарабіць аўтамабіль можна не толькі ў Беларусі, але і ў самой Польшчы. Але, па словах Алега, найлепшыя спецыялісты ў гэтым – літоўцы. Робяць якасна і фантазія працуе. Кошт пераробкі можа дасягаць 1500-2000 еўра.

Большасць, па словах Алега, спраўляюцца сваімі сіламі. “Там-сям зробяць дадатковыя дзіркі. Нешта падрэжуць, выкінуць шумаізаляцыю ці яшчэ што

Але калі машына патрапіць на сканер ці будзе працаваць вопытны сабака – ніякія схованкі не дапамогуць”.

Купіць за 80 капеек, прадаць за 8 рублёў. Былыя кантрабандысты расказалі пра шлях цыгарэт з Гродна на Захад
Машына з тайнікамі, якую затрымалі літоўскія мытнікі.

Працавалі цэлымі “фірмамі”

Гродзенец Максім у 2007-2008 гадах працаваў кіроўцам: завозіў аўто на “ўпакоўку”, дзе яго пакавалі цыгарэтамі. За гэта плацілі 25-30 долараў, у залежнасці ад складанасці працы.

Потым трэба было забраць аўтамабіль і ў патрэбны дзень завесці цыгарэты ў Польшчу. За адзін рэйс плацілі 30 долараў. Калі машына трапляла на штраф – усе выдаткі браў на сябе ўласнік.

Купіць за 80 капеек, прадаць за 8 рублёў. Былыя кантрабандысты расказалі пра шлях цыгарэт з Гродна на Захад
Знаходка ў адной з фур на польскай мяжы, фота Польскай мытні

На “фірме”, дзе працаваў Максім, “дырэктар” адкрываў візы сваім кіроўцам. А пазней распрадаў усе машыны, згарнуў справу і наладзіў у Гродне легальны бізнес. Максім ведае нямала прыкладаў, калі сённяшнія бізнесоўцы зараблялі стартавы капітал на кантрабандзе.

Чэргі бываюць, калі працуе “добрая” змена

Як цыгарэты даязджаюць да Англіі і Іспаніі, распавёў Янэк, былы кантрабандыст з Беластока.

Далей у Заходнюю Еўропу едзе большасць цыгарэт з Беларусі, Украіны і Расіі. Тыя, хто возіць больш за 5-10 блокаў, прадаюць іх аптавікам, а тыя ўжо або самі вязуць далей углыб Еўропы, або зноў жа па аптовых цэнах перапрадаюць тым, хто вязе. Такі пасрэднік пры перапродажы зарабляе 1-2 долара з блока.

Сам Ян некалькі год вазіў цыгарэты з Беларусі. “Мой сябра працаваў мытнікам, таму я заўжды меў інфармацыю, калі лепей ехаць, а калі лепей затрымацца ў Беларусі і пачакаць”. Аднойчы, каб дачакацца “добрай” змены, давялося затрымацца ў Гродне больш за суткі.

Купіць за 80 капеек, прадаць за 8 рублёў. Былыя кантрабандысты расказалі пра шлях цыгарэт з Гродна на Захад
Кантрабанда амаль на мільён еўра. Кузьніца, зіма 2011

У такім рытме Янэк працаваў каля трох год, пакуль не патрапіў у рукі беларускіх мытнікаў. На радзіму давялося вяртацца пешшу. Затое сярэднямесячны заробак у той перыяд быў 1500-2000 долараў.

Янэк сцвярджае, што чэргі на беларуска-польскай мяжы ў буднія дні бываюць толькі, калі на польскім баку працуе больш-менш “добрая” змена. Калі змена дрэнная, ды яшчэ працуюць “чорныя” [мытнікі] з сабакам, чэргаў не будзе. Тады едуць або навічкі, або тыя, хто кантрабандай не займаецца.

Рынак перанасыціўся – цэны ўпалі

Часам цэны цыгарэт на чорным рынку падалі – з-за перанасычанасці рынку. Калі праз нейкую мяжу, няважна польскую ці літоўскую, паспяхова праязджалі 5-10 фур з цыгарэтамі, або праязджаў састаў па чыгунцы, цэны пачыналі падаць. Людзей, якія працуюць такімі сур’ёзнымі аб’ёмамі, Янэк не ведае. Кажа толькі, што і ў Польшчы, і ў Літве ёсць месцы, дзе можна оптам набыць кантрабандныя цыгарэты ў карабах. Гэта акурат той тавар, які ехаў у фурах або цягніках.

Купіць за 80 капеек, прадаць за 8 рублёў. Былыя кантрабандысты расказалі пра шлях цыгарэт з Гродна на Захад
Фура з цыгарэтамі, якую затрымалі ў Кузніцы. Фота: Падляшскае аддзяленне Польскай памежнай службы

Англія – самы папулярны накірунак

Пасля фіяска на беларуска-польскай мяжы, Янэк не пажадаў завяршаць “кар’еру”, але вырашыў змяніць накірунак. Ён набыў іншы аўтамабіль і перарабіў яго ў Польшчы за 9000 тысяч злотых – больш 2000 еўра. На ім Янэк планаваў вазіць цыгарэты з Польшчы ў Англію, але ўжо на першай спробе яго затрымалі…

Янэк тлумачыць, што Англія – самы папулярны накірунак, бо на гэтым кірунку можна зарабіць найбольш. Гэтак, у 2016 годзе BBC паведамляла, што ў Вялікабрытанію трапляе ажно 12% усіх кантрабандных цыгарэт з Беларусі.

Перавезці праз мяжу – не апошні крок

Для беларускіх кантрабандыстаў перавоз цыгарэт праз мяжу звычайна з’яўляецца апошнім крокам – далей цыгарэты вязуць палякі ці літоўцы. Але, хаця межаў у Еўрасаюзе няма, гэты шлях няпросты. Гэтак, у ваколіцах Аўгустова польскія памежнікі і мытнікі рэгулярна спыняюць літоўскія бусы, поўныя цыгарэт. На дарогах Падляшша таксама нярэдка спыняюць легкавыя аўто мясцовых жыхароў з багажнікамі поўнымі цыгарэт без польскіх акцыз. Звычайна пасля праверкі ў гаражах і дамах гэтых людзей знаходзяць вялікія партыі тавару.

Гэтак, 20 чэрвеня памежнікі затрымалі ў Беластоку BMW мясцовага жыхара: у аўто былі 1400 пачак цыгарэт. Дома ў кіроўццы знайшлі яшчэ 10000 пачак, а таксама 335 літраў кантрабанднага дызеля. Такія затрыманні параўнальна дробных перакупшчыкаў – звычайная справа на памежжы.

Купіць за 80 капеек, прадаць за 8 рублёў. Былыя кантрабандысты расказалі пра шлях цыгарэт з Гродна на Захад
Па тэрыторыі Польшчы скупленыя цыгарэты часам возяць проста адкрыта ў багажніку. Гэты тавар чакае яшчэ доўгая дарога на Захад