Беларускае кіраўніцтва запэўнівае Расію, што Беларусь зусім не разварочваецца на Захад. Аднак самі беларусы ўжо даўно развярнуліся ў заходнім кірунку. Прынамсі, у пытаннях працаўладкавання і міграцыі. Сэрвіс Google Trends паказвае, калі адбыўся пералом і які рэгіён краіны цяпер менш за ўсё цікавіцца працай у Расіі.

Ездзіць на заробкі ў іншыя краіны для беларусаў - звычайная справа. Але апошнім часам колькасць мігрантаў хутка павялічваецца і гэта прызнае нават афіцыйная статыстыка.

Самым папулярным накірункам для выезду на заробкі раней была Расія. Падзеі ва Украіне ў 2014 годзе, анэксія Крыму і далейшыя санкцыі абрынулі курс расійскага рубля. Гэта падштурхнула беларусаў да пошуку іншай краіны для працы.

Падзенне курса — падзенне попыту

Працу актыўна шукаюць з дапамогай інтэрнэту. Згодна з дадзенымі Google Trends рост колькасці запытаў «работа в Польше» з Беларусі ў пашукавіку прыйшоўся на пачатак 2015 года. Гэта акурат той час, калі курс расійскага рубля вагаўся ў межах 65 за долар.

Аб'ява на тэрыторыі Польшчы, надалёка ад мяжы з Беларуссю
Аб’ява на тэрыторыі Польшчы, надалёка ад мяжы з Беларуссю
Гэты трэнд захаваўся і ўжо праз год, у пачатку 2016, запыт «Работа в России» саступіў па папулярнасці запыту «работа в Польше». З таго часу колькасць запытаў «Работа в Польше» расце, а колькасць запытаў «работа в России» працягвае падаць.

Расклад па рэгіёнах

Праца ў Расіі больш за ўсё цікавіць жыхароў усходніх рэгіёнаў Беларусі. Але ў 2018 годзе ўжо нідзе ў краіне запыт «Работа в России» не перавышае па папулярнасці «Работа в Польше».

За год толькі ў Польшчу з’язджае цэлы горад

Тое, што ўсё больш беларусаў выбіраюць для працы і міграцыі краіны ЕС пацвярджаюць лічбы Еўрастату.

У 2017 годзе 51 841 грамадзянін Беларусі атрымаў від на жыхарства ў краінах Еўрапейскага саюза. З іх 42 756 атрымалі від на жыхарства ў Польшчы. Апроч гэтага ў 2017 годзе 35 000 беларусаў атрымалі польскія працоўныя візы.

Аб'ява на тэрыторыі Польшчы, надалёка ад мяжы з Беларуссю

Калі скласці гэтыя лічбы, то атрымаецца, што летась толькі ў Польшчу з’ехаў цэлы Жлобін (76 тыс) або дзве Смаргоні.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life