Яшчэ год назад Вадзім Мазан працаваў у кабінеце на адным з прадпрыемстваў горада, але ў адзін момант зразумеў, што такім чынам нічога ў жыцці не даб’ецца. Ён звольніўся з працы і прысвяціў сябе свайму хобі - вырабу чэрапаў з гіпсу. Сёння заказы на прадукцыю гродзенца прыходзяць з розных гарадоў свету.

25-гадовы Вадзім працаваў на мэблевым прадпрыемстве ў Гродне, але заўсёды марыў аб уласным бізнесе. Таму і кінуў працу, каб займацца любімай справай.

«Усё пачалося з таго, што ў знаёмага байкера ўбачыў чэрап — ён яго сабе замовіў з Кітая, — распавядае Вадзім. — Я тады захапляўся працамі з гіпсу і падумаў: а чаму б мне не зрабіць нешта падобнае? Пачынаў са свінні, а пасля ўзяў у знаёмага той самы кітайскі чэрап і зрабіў з яго форму. Заліў і атрымаў сваю першую працу».

Першы заказ — з Чарапаўца

Чарапы заказваюць не толькі ў Гродне, але і з розных гарадоў усходняй Еўропы.

«Першы заказ за мяжу быў у сімвалічны горад Чарапавец у Расіі. А самы далёкі - у Есентукі, гэта каля 1500 км ад Гродна, — кажа Вадзім. — Заказаў хапае і я задаволены, што стаў займацца любімай справай, а не проста сядзець у кабінеце за камп’ютарам. Я чалавек веруючы і раблю чэрапы, таму што гэта прыносіць мне задавальненне і заробак. Нічога асабістага, гэта бізнес. Я раблю такія сувеніры, каб людзі, гледзячы на ​​іх, разумелі, што ў жыцці трэба пакінуць нейкі след, а не проста чэрап».

«Мама спачатку шарахалася». Гродзенец робіць чэрапы на продаж
Апошнія працы Вадзіма. Некаторыя чэрапы служаць падстаўкамі і скарбонкамі

Мама не адразу ацаніла хобі

Навакольныя да работ Вадзіма спачатку ставіліся з асцярогай. Але праз нейкі час зразумелі, што для хлопца гэта спосаб рэалізацыі сябе як творчай асобы.

«Першы час, калі мама заходзіла да мяне ў пакой, была ў шоку. Яна ўсюды шарахалася, таму што чарапы з часам у мяне былі ўсюды па хаце — сушыў іх на батарэях і падваконніках. З кожным днём заказаў станавілася ўсё больш і мама стала разумець, што гэта мая праца. Дзесьці яна нават паказвала сваю цікавасць і выказвала сваё меркаванне».

«Мама спачатку шарахалася». Гродзенец робіць чэрапы на продаж
Вадзім апошнім часам выходзіць як рамеснік гандляваць на вуліцу Савецкую ў Гродне

Мэта — выйсці на міжнародны ўзровень

За год Вадзім зрабіў больш за 100 розных чэрапаў. Заказваюць сувенірную прадукцыю розныя людзі. Быў нават заказ ад аматараў цёмных сіл.

«Рабіў для адной дзяўчыны заказ са спецыфічнымі знакамі і надпісамі. Але прадукцыя да яе не адразу дайшла — пачаліся праблемы на пошце, не жадалі аддаваць. З горам папалам яна атрымала свой заказ, хоць і трохі пашкоджаны. А так работы даходзяць да адрасата хутка і ўсе задаволеныя».

«Мама спачатку шарахалася». Гродзенец робіць чэрапы на продаж
Вадзім робіць не толькі чэрапы, але і іншыя сувенірныя работы з гіпсу
Чарапы гродзенца анатамічна правільныя. У планах у Вадзіма выйсці з імі на міжнародны рынак.

«Усе працы стараюся выконваць правільна, хоць і сапраўдны чэрап ніколі ў руках не трымаў. Але я шмат часу выдаткаваў на вывучэнне структуры чэрапа. Цяпер мае працы хочуць бачыць у мастацкіх школах, тату-салонах. Хацелася б, каб маю прадукцыю прадавалі ў буйных крамах не толькі Гродна, але розных гарадоў свету.

У будучыні я хацеў бы сабраць самую вялікую калекцыю чэрапаў у Беларусі, а можа і ў Еўропе. У ЗША ёсць вядомы майстар, які робіць чэрапы з пластыку — у яго ў інстаграме паўмільёна падпісчыкаў. Я пакуль толькі пачынаю працаваць у гэтай сферы, і ў мяне працы з гіпсу — лічу што гэта лепш, гэта надае ім натуральнасці".

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life