У Гродне абвясцілі аб першым наборы ў кібершколу. Запрашаюць падлеткаў ад 10 да 16 гадоў. Можа, вам таксама аддаць туды сваіх дзяцей? Hrodna.life сабраў адказы на пытанні, якія часцей за ўсё задаюць бацькі падлеткаў.

1. Кіберспорт? А што гэта такое?

Гэта інтэлектуальныя спаборніцтвы. Прыкладна як шахматы або шашкі, толькі па відэа — ці камп’ютэрных гульнях. Самых папулярных кіберспартыўных дысцыплін чатыры. Шутэры, яны ж стралялкі, такія як Counter Strike: Go або VALORANT. Сімулятары спартыўных гульняў, напрыклад футбола. Стратэгіі ў рэальным часе, такія як DOTA 2. І картачныя гульні тыпу Magic: The Gathering / MTG: Arena.

2. А майстрам спорту там можна стаць? І паехаць на Алімпіяду?

І так, і не. Спартыўныя разрады і званні па кіберспорце можна атрымаць у тых краінах, дзе ён афіцыйна прызнаны. Напрыклад у Кітаі, Паўднёвай Карэі, ЗША, Швецыі, Даніі, Расіі і Украіне — больш, чым у 20 краінах. Беларусь пакуль да іх не адносіцца. Але «Асацыяцыя кіберспорту» ўжо падала заяўку на прызнанне кіберспорту афіцыйнай спартыўнай дысцыплінай. На Алімпіяду таксама пакуль не атрымаецца паехаць. Затое ёсць шмат іншых міжнародных турніраў з высокімі прызавымі фондамі. Адзін з іх — Чэмпіянат свету па Magic. Яго прызавы фонд складае $ 1 мільён.

3. Зразумела. Гэта проста гульні. А школа навошта?

Каб выйсці на прафесійны ўзровень, трэба займацца на магутных кампутарах. Дома не ўсе могуць дазволіць сабе такія машыны. А на базе камп’ютарнага клуба кіберарэны «Skynet» вучні будуць займацца адразу на прафесійным абсталяванні. Са школьнікамі будуць працаваць трэнеры. Яны навучаць з нуля гуляць у кампутарныя гульні, раскажуць усе сакрэты праходжання ўзроўняў. Яшчэ ў кібершколе можна сабраць сваю каманду, каб разам удзельнічаць у турнірах.

4. А хто будзе вучыць дзяцей?

Трэнерамі школы стануць чальцы «Гродзенскай федэрацыі кіберспорту», Іван Петушок, Міхаіл Лук’янчыкаў, Максім Капыловіч і іншыя прафесійныя гульцы. Каб стаць трэнерамі кібершколы, яны прайшлі спецыяльны курс навучання і атрымалі дыпломы. З улікам досведу працы іншых кібершкол і ўласнага досведу гродзенцы падрыхтавалі праграму курса.

5. Што наогул добрага ў гэтых кампутарных гульнях?

Па першае, дзецям яны падабаюцца. З карыснага — такія гульні развіваюць стратэгічнае мысленне, логіку і дробную маторыку. Яшчэ — вучаць працаваць у камандзе і зніжаюць агрэсіўнасць. У падлеткаў з’яўляецца ўсвядомленасць дзеянняў і дысцыпліна.

6. А дзецям не шкодна доўга сядзець за кампом?

Усё добра ў меру. Заняткі ў школе будуць доўжыцца па 2 гадзіны 2 разы на тыдзень. Кожны занятак складаецца з дзвюх частак — 40 хвілін тэорыі і 1 гадзіну 20 хвілін адпрацоўкі ведаў на практыцы. Каб было зручна, кампутарныя крэслы ў зале для заняткаў - эрганамічныя. Яны дапамагаюць правільна трымаць выправу ў час працы за кампутарам.

7. Гэта ж, напэўна, вылеціць у капейчыну?

Лічыце самі: кошт аднаго двухгадзіннага занятку — 5 рублёў. У месяц будзе 8−9 заняткаў. Курс навучання разлічаны на 2 месяцы. У канцы курсу будзе турнір паміж вучнямі. Усе выпускнікі атрымаюць дыпломы. Пасля можна будзе працягнуць вучобу на прасунутым курсе.

8. А ўступныя іспыты ў школе будуць?

Не. На першы навучальны курс возьмуць усіх ахвочых ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў. Каб трапіць у школу, трэба запоўніць анкету анлайн. Пасля гэтага з вамі звяжуцца і запросяць на тэставанне. Па ўзроўні пачатковай падрыхтоўкі дзяцей падзеляць на групы да 10 чалавек у кожнай. Займацца можна па раніцах або вечарамі.

9. Так, а якім гульняў будуць вучыць?

У школе дзеці асвояць тры гульні: Counter-Strike: GO, DOTA 2 і MTG, Magic. Сутнасць гульні Counter-Strike: GO у тым, што каманды па 5 чалавек дзеляцца на тэрарыстаў і спецназ і змагаюцца адзін з адным. У каго большы лік у раўндзе, той і перамог. DOTA 2 — адна з самых папулярных гульняў у свеце. Вы становіцеся магічным персанажам і з камандай ідзяце знішчаць варожую крэпасць, выкарыстоўваючы воінскія навыкі сваіх персанажаў. MTG, Magic — калекцыйная картачная гульня. Гуляць у «магію» можна ў папяровай версіі і анлайн. Вы становіцеся чараўніком і з дапамогай карт з артэфактамі, замовамі, татэмамі змагаецеся супраць іншага чараўніка.

10. Як стаць чэмпіёнам, навучаць?

Трэба паспрабаваць, прыходзьце. Каб стаць чэмпіёнам, трэба займацца па 3−4 гадзіны на дзень, прапампоўваць свае навыкі ў гульнях і ўдзельнічаць у турнірах. Таксама як і ў іншых відах спорту, на турніры прыходзяць прафесіяналы і трэнеры. Яны сочаць за гульцамі і запрашаюць найлепшых у прафесійную каманду. Такім чынам да дваццаці гадоў можна ператварыць хобі ў прафесію, удзельнічаць у турнірах і зарабляць.

Чытайце таксама:

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life