Кожная партыя ў Magic — гэта бітва чараўнікоў. Яны выкарыстоўваюць замовы, разыгрываюць артэфакты, заклікаюць на дапамогу розныя сутнасці, каб перамагчы праціўніка. Турнір па магіі быў адной з падзей фестывалю UNICON & GAME EXPO MINSK 2021, які прайшоў 16 траўня ў Менску.

Самым моцным «чараўніком» і пераможцам усебеларускага турніру па картачнай гульні «Magic the Gathering. Arena» стаў гродзенец Яўген Сахацкі. Яшчэ двое гродзенцаў прывезлі з фестывалю прызы і ўвайшлі ў васьмёрку найлепшых. Для Hrodna.life яны распавялі, як гэта было.

Magic the Gathering, MtG, Беларусь, UNICON & GAME EXPO MINSK
Яўген Сахацкі на турніры. Так выглядае звонку праца чараўніка. Фота: Алена Міронава

У звычайным жыцці найлепшы маг Беларусі Яўген Сахацкі працуе аператарам лічбавага друку ў адным з рэкламных агенцтваў Гродна. Амаль 20 гадоў ён гуляе ў Magic the Gathering. Спачатку гуляў у папяровыя карты. «У 2009 годзе з’явілася электронная версія і захацелася вернуцца ў магію», — распавёў пераможца.

На Unicon Яўген прыехаў упершыню і адразу перамог. Раней ён таксама ўдзельнічаў у тэматычных фестывалях па «Magic the Gathering. Arena» і займаў прызавыя месцы.

Magic the Gathering (MTG, Magic) — калекцыйная картачная гульня. Яе прыдумаў амерыканскі матэматык Рычард Гарфілд ў 1993 годзе. Magic — адна з самых папулярных картачных гульняў. Яна выдадзена на 11 мовах, уключаючы рускую. Гуляць у «Магію» можна ў папяровай версіі і анлайн. У бітве чараўнікоў гульцы выкарыстоўваюць карты з артэфактамі, замовамі, татэмамі. Кошт кожнай карты залежыць ад карыснасці ў гульні і рэдкасці. Цэны на асобныя карты даходзяць да тысяч долараў.

Алмазы за перамогу. Два з трох прызавых месцаў узялі гродзенцы

Адборачны турнір фестывалю прайшоў анлайн 9 траўня. У Мінск прыехалі чацвёра з топ-8 гульцоў. Трое з іх — гродзенцы: Яўген Сахацкі, Максім Капыловіч і Глеб Крапіўніцкі.

«Мы не маглі змарнаваць магчымасць паўдзельнічаць у GAME EXPO. Вырашылі прэзентаваць гульню „Magic the Gathering. Arena“. У яе спаборніцкі характар», — распавёў Hrodna.life Глеб Крапіўніцкі, які заняў чацвёртае месца ў турніры.

«З чатырох чалавек хтосьці сапраўды пераможа, як карта ляжа, у прамым сэнсе», — так ацэньваў шанцы на перамогу перад пачаткам турніру Максім Капыловіч.

Magic the Gathering, MtG, Беларусь, UNICON & GAME EXPO MINSK
Глеб Крапіўніцкі, 20 гадоў. Заняў трэцяе месца ў турніры. Фота: Алена Міронава

Глеб вучыцца на юрыста ў Акадэміі кіравання і працуе ў агенцтве нерухомасці. Ён гуляе ў «Магію» два гады. З 2015 — сябра Гродзенскай асацыяцыі кіберспорту. «Спачатку федэрацыя існавала толькі на паперы. Актыўна развіваць кіберспорт мы пачалі толькі год таму», — распавёў Крапіўніцкі.

Трэцяе месца заняў Максім Капыловіч, адзін з заснавальнікаў федэрацыі кіберспорту ў Гродне. Ён працуе ў пракаце будаўнічых інструментаў. Максім пачаў гуляць у Magic the Gathering 15 гадоў таму. Спачатку гэта было хобі. З 2015 выступае на прафесійным узроўні. Удзельнічаў у турнірах з буйнымі грашовымі прызамі.

Nintendo — бацька ўсіх прыставак

У адной з зонаў пляцоўкі кіберспорту гродзенец Сяргей Баркоўскі прадстаўляў гульнявую прыстаўку Nintendo Switch. «Я сам гуляю і разумею ўладальнікаў Nintendo Switch. Гэтая рэч для многіх навіна. Мы хацелі падтрымаць кліентаў і гульцоў. Я сказаў - хачу вялікую прыстаўку Nintendo! Ёсць маленькая, а мы зрабілі тату-Nintendo, бо Nintendo гэта бацька ўсіх прыставак», — падзяліўся з карэспандэнткай Hrodna.life Сяргей.

Для кія спатрэбіўся адзін вечар і трое сяброў

Ганна Баркоўская прыехала на UNICON & GAME EXPO разам з мужам, Сяргеем Баркоўскім. «Сказалі, трэба быць у касцюме, вось я і прыдумала — буду Малефісентай», — успамінае Ганна. Ідэя прыйшла спантанна, рыхтавала практычна ўсё сама.

Magic the Gathering, MtG, Беларусь, UNICON & GAME EXPO MINSK
Ганна Баркоўская — на фестывалі яна Малефісэнта. Фота: Васіль Несцераў

«Месяц ляпіла па некалькі пёркаў штодзень,» — успамінае Ганна. Кій дапамагалі рабіць сябры: «Разматалі катушку з вяроўкай і цягнулі ў розныя бакі. Адзін трымаў, другі заматывал, трэці мацаваў. Так за адзін вечар зрабілі кій», — распавёў Hrodna.life Сяргей Баркоўскі.

Чытай таксама: Гары Потэр, цмокі і робаты. Фестываль Unicone & Game Expo Minsk 2021 у фотагісторыі ад гродзенскіх фатографаў

Магія як алімпійскі від спорту

У Гродзенскую федэрацыю кіберспорту ўваходзіць 30 чалавек. Сярод іх — Іван Петушок, адзін з арганізатараў спаборніцтваў па «Магіі», а да нядаўняга часу — уладальнік тайм-кафэ «Партал», якое закрылася ў канцы 2020 года. «Наш турнір невялікі. Кіберспорт толькі набірае абароты. На Unicon шмат людзей у тэматыцы, якія любяць гульні і забавы, разам робяць касцюмы і прыемна бавяць час», — распавёў Іван карэспандэнтцы Hrodna.life.

Magic the Gathering, MtG, Беларусь, UNICON & GAME EXPO MINSK
Іван Петушок — адзін з арганізатараў спаборніцтваў па Магіі. Турніры па MtG ён раней ладзіў в своем антикафе «Партал». Фота: Алена Міронава

Зараз арганізатары Беларускай асацыяцыя кіберспорту падрыхтавалі заяўку ў Алімпійскі камітэт. Яны просяць прызнаць кіберспорт афіцыйным відам спорту.

«Мы ўпэўненыя, што атрымаецца», — кажа Сяргей Баркоўскі.

Magic the Gathering, MtG, Беларусь, UNICON & GAME EXPO MINSK
Прызёры турніру «Magic the Gathering. Arena» з Іванам Петушком і Нісай з сусвету Magic the Gathering. Фота: Алена Міронава