Праз суткі пасля паведамлення аб тым, што Літва закрывае два пункты пропуску на мяжы, цэны на білеты з Гродна ў Беласток засталіся ранейшымі. Гродзенскія перавозчыкі раздзяліліся: нехта сам спрабуе зразумець план далейшых дзеянняў, іншыя — ужо паведамляюць аб частковай адмене рэйсаў. Якімі будуць цэны з 1 сакавіка 2024 года, пакуль не ведае ніхто.

Цэны пакуль не змяніліся

21 лютага — у дзень, калі Літва аб’явіла аб хуткім закрыцці пунктаў пропуску «Прывалка — Райгардас» і «Катлоўка — Лаворышкес» — дабрацца з Гродна ў Беласток можна было за 90−100 рублёў ($ 27−30). Такія цэны былі ў гродзенскіх перавозчыкаў «Інтакс», «Гродна Экспрэс», «Трансагенцтва Фаварыт», «Пазітыў-тур» і іншых. За такую ​​ж суму прадавалі білеты і на 1−2 сакавіка — дні, калі пастанова літоўскага ўрада набудзе моц і праз «Прывалку» ўжо не будуць прапускаць у Літву.

Не змяніліся пакуль цэны і ў польскіх перавозчыкаў. Gaja Express (партнёр «Трансагенцтва Фаварыт» з польскага боку) у дзень, калі стала вядома аб закрыцці мяжы, прапаноўваў квіткі за 96 злотых (каля $ 24). Перавозчык «Jaćwing» прадаваў квіткі за 140 злотых (каля $ 36). Такія ж цэны стаялі і на квіткі на 1 сакавіка.

Што будзе на мяжы пасля 1 сакавіка?

Што чакае маршрут «Гродна — Беласток» пасля закрыцця Прывалкі? Пад выглядам пакупніка журналіст Hrodna.life патэлефанаваў у чатыры гродзенскія кампаніі - датэлефанавацца атрымалася да двух (яшчэ ў двух фірмах спрацоўвала галасавая пошта).

«Нічога няма, ніякай інфармацыі. Самі вось толькі пачыталі ў інтэрнэце, ніякай інфармацыі больш. Самі ў кіроўцаў пытаемся, што там на мяжы. Можа, зачыняць, можа, не зачыняць, можа, іншае што адчыняць. Пакуль невядома нічога», — сказалі ў фірме «Інтакс».

Канкрэтнай інфармацыі няма і ў фірмы «ЗЭТ»: «Пакуль ніхто не ведае, як што пойдзе. У нас той маршрут, што з Мінска ішоў ["Мінск — Беласток — Варшава» — Hrodna.life], больш на Гродна не будзе заходзіць, толькі праз Ліду. Прыйдзецца да Ліды дабірацца і там — на Брэст. Да канца лютага гэтыя маршруткі будуць хадзіць праз Гродна, а далей — не. Па коштах пакуль незразумела, рублёў на 5−10, можа, даражэй стане. Гэта што тычыцца нашых кіроўцаў, пра іншых не ведаю, кожны перавозчык сам вырашае".

«Прывалка» была галоўным пунктам пропуску для гродзенцаў

Урад Літвы 21 лютага прыняў рашэнне закрыць два з чатырох пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Сярод іх — найбліжэйшы да Гродна пагранпераход «Райгардас» (з беларускага боку «Прывалка»). Менавіта на яго пераарыентавалася большасць перавозчыкаў, калі ў лютым 2023 года Польшча закрыла пункт пропуску ў Баброўніках.

Цэны на білеты з Гродна ў Беласток тады выраслі адразу на 33−38%, час у дарозе — на некалькі гадзін.