Гэтыя будынкі маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а яго сучасныя ўладальнікі - статус банкрутаў. Да вайны тут рабілі кафлю для ўсяго Гродна, у 1950-х — плітку для Сталінградскай ГЭС. Убачыць былую кафлярню князёў Друцкіх-Любецкіх можна на вуліцы Чырвонаармейскай, каля дарожнай развязкі. Зараз будынкі пустуюць і руйнуюцца. Іх беспаспяхова спрабуюць прадаць з аўкцыёну. Hrodna.life адшукаў 5 фактаў з гісторыі прадпрыемства.
Калі б не пажар, нічога б не было
Пажар 1885 года знішчыў амаль палову Гродна. Ён тады быў у асноўным драўляным. Каб аднавіць горад, патрэбна была цэгла. Яе выраблялі на Гродзенскім цагляным заводзе князёў Друцкіх-Любецкіх. У 1895 годзе яны пашырылі бізнес і адкрылі завод па вытворчасці кафлі. У першы час на заводзе працавалі 28 чалавек.
Гродзенскую кафлю рабілі з мясцовай гліны. Яе капалі ў кар’ерах за горадам. Зараз у тым месцы пачынаецца мікрараён Дзевятоўка. Адна з вуліц, па якіх вазілі сыравіну, называлася Глінянай (з сярэдзіны 1930-х гадоў - вуліца Жвірка, а з 1939 года — Чкалава — заўв. Hrodna.life).
Да канца 1930-х гадоў тут рабілі печкавую плітку і арнаменты, кафляныя лазні і ганчарныя вырабы на заказ. Кантора кампаніі знаходзілася на Тэатральнай плошчы (цяпер плошча Тызенгаўза. — Заўв. Hrodna.life). Пасля прыходу Савецкай улады кафлярню нацыяналізавалі.
Рабілі плітку для Сталінградскай ГЭС
Вытворчасць на кафляным заводзе аднавілі пасля Другой сусветнай вайны. У студзені 1950 года ў Гродне стварылі камбінат будаўнічых матэрыялаў, аб’яднаўшы цагляны, чарапічны і вапнавы заводы. У яго склад увайшла і кафлярня.
Тут выпускалі шэрую і глазураваныя плітку, кафлю, тэракоту. Адну з самых вялікіх партый гродзенскай глазураванай кафлі замовілі на будаўніцтва Сталінградскай ГЭС (цяпер — Волжская ГЭС. — Заўв. Hrodna.life).
Прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю
У 2015 годзе адзін з будынкаў завода па вытворчасці кафлі купіла фірма «Леўта і С». На вытворчасці гэтага прадпрыемства займаліся устаноўкай і ачысткай брудаахоўных дывановых пакрыццяў.
Праз год пасля куплі ўсе пабудовы завода прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Для рэканструкцыі давялося ўзгадняць праект з Міністэрствам культуры. Фасад будынка пакінулі, якім ён быў. Замянілі вокны і дзверы і часткова перабудавалі. Да рамонту будынак быў аднапавярховы, але ў ходзе работ на гарышчы зрабілі яшчэ адзін паверх. На ім размясцілі офісы, а на першым паверсе — пральню.
Андрэй Разін з «Ласкового мая» хацеў, але так і не купіў
Спявак прыязджаў у Гродна ў 2019 годзе. Ён казаў, што яго продкі валодалі фарфоравай фабрыкай на вуліцы Чырвонаармейскай, 71А. Разін хацеў аднавіць будынак і аднавіць вытворчасць. Праўда, пры ўмове, што пабудовы аддадуць яму бясплатна ці за сімвалічную плату.
Чытайце таксама: Замест кітайцаў - «Ласкавы май»? Андрэй Разін хоча адкрыць у Гродне цэнтр творчасці і адрадзіць вытворчасць фарфору
Таргі не адбыліся, кошт знізілі ўдвая
Уладальнік асноўнай часткі завода — трэст «Гроднагарбуд». Гэтая арганізацыя збанкрутавала і цяпер распрадае ўсю сваю маёмасць. Комплекс пабудоў на Чырвонаармейскай выставілі на продаж у канцы жніўня 2021. На таргі ніхто не заявіўся, і аўкцыён не адбыўся. Кошт лота знізілі напалову. Зараз кавалачак прамысловай гісторыі Гродна ацэньваюць усяго ў 879 100 рублёў.
Чытайце таксама: