«Пане, Пётрэ, гэта капец! Тут многа, а тут мала!» — Кацярына паказвае лекару на свае грудзі. Зараз яны розныя. Бо з правага боку — імплант. «Выбіралі самы меньшы, але ўсё роўна ён большы, чым была мая натуральная грудзь. Лекар аджартоўваецца ў адказ: «Заробіш грошай, зробіш і другую такую ж». Насамрэч, тут усім не да жартаў, бо ў Кацярыны рак грудзей. Яна прайшла праз аперацыю мастэктаміі і пачала хіміятэрапію. У мінулым засталіся раскошныя кучаравыя валасы. У бліжэйшай будучыні «свеціць» промневая тэрапія. Пра тое, як жывецца і працуецца падчас лекавання, як ставяцца да хваробы яе дзеці, што найбольш страшыць і што дае надзею, Кацярына Ваданосава расказала для Hrodna.life.
«У прынцыпе, я яго чакала»
«Мне сніўся сон, нібыта я параненая, — узгадвае Кацярына пра адну „цудоўную“ ноч пасля пераезду ў Польшчу. — Я прачнулася з рукою на грудях». Па адчуваннях, пад далонню быў вялікі гузак, ад якога разыходзіўся боль. «Іду ў прыбіральню, уключаю святло, гляджу ў люстэрка і разумею — ён там ёсць, я яго бачу. Хаця у прынцыпе балела не пухліна. Мабыць ад таго, што гэты гузак вырас вельмі хутка, балелі тыя тканкі, на якія ціснула пухліна. Не вельмі моцна балела, але мне пастаянна хацелася хадзіць, прыціснуўшы руку да гэтага месца. Нібы абдымаючы сябе. Нібы там штосці пастаянна не ў парадку».
Нараніцу Кацярына звярнулася ў медпункт у цэнтры бежанцаў, дзе жыла на той час. Там атрымала накіраванне ў Цэнтр анкалогіі і, як сама кажа, — закруцілася.
«Не магу сказаць, што я да гэтага была гатовая, — узгадвае пра тагачасны стан Кацярына. — Не. Я не ведаю, якім моцным духам чалавекам трэба быць, каб быць да яго падрыхтаваным. Але, ў прынцыпе, чакала. Гэта было вельмі ўзрушвальна — пачуць яго».
Слова «рак» яшчэ не гучала. І Кацярына, ўзгадваючы той перыяд, найчасцей ўжывае займеннік — кажа «ён». У той жа час адзначае, што спробаў ігнараваць рэальнасць не рабіла: «Мне было з сабой усё больш-менш зразумела. Калі на ўласныя вочы бачу пухліну, то ўжо няма сумневаў. Нават да выстаўлення афіцыйнага дыягназу».
«Што будзе з дзецьмі?»
Гэта пытанне ўзнікла ў галаве першым, калі лекары дакладна вызначыліся з дыягназам. «Не тое, каб я разглядала сітуацыю «што рабіць, калі мяне не стане». Хаця — разглядала. Як і любы чалавек у складанай сітуацыі разглядае такі варыянт, як патэнцыйна магчымы.
Найперш мяне цікавіла, што рабіць у больш блізкай перспектыве — калі ў мяне будзе аперацыя і хіміятэрапія. Як вырашаць штодзённыя пытанні, як вадзіць дзяцей у школу і на музыку, як іх забіраць. Трэба было зразумець, як з усім гэтым даць рады".
Складанасці дадавала і тое, што муж Кацярыны для яе дзяцей — айчым. І гэта магло дадаць сітуацыі больш юрыдычных і лагістычных складанасцяў. «Мой муж — цудоўны чалавек. Але я не ўяўляла, як бы ён адзін спраўляўся з сітуацыяй. Пытанні легалізацыі, шмат розных паперак, якія трэба падпісваць, усё залежыць у першую чаргу ад мяне, як ад мамы».
Зараз, калі ўжо прайшла аперацыя і нават першы сеанс хіміі, Кацярына кажа: «Усё нармальна. Мы спраўляемся».
«Мама працуе на целіку і ў яе рак»
У Кацярыны двое дзяцей — школьнікаў. Сказаць ім, што мама захварэла, аказалася проста — у сям'і не прынята нешта хаваць. «Гэта быў настолькі праходны момант, нават няма што расказваць. Калі ўжо мне дыягназ выставілі, проста сказала. Нармальна яны гэта ўспрынялі, — кажа Кацярына.
«У іх няма такога разумення, што з мамай можа штосьці быць ненармальнае. Я ж такая, што — ух! „Коня на скаку и в горящую избу…“. Яны, дзецi, не разглядаюць варыянта, што нешта можа пайсці не так».
Сыну, па словах Кацярыны, ўвогуле «зайшло нармальна». «Зараз ён кажа пра мяне: „Мая мама працуе на целіку і ў яе рак“. Ён гэта успрымае, як штосьці абсалютна шэраговае. Папросту, не ўсведамляе, што гэта такое».
Старэйшая дачка выслухала і сказала, што шкадуе маму. «Яна такая, як я, — тлумачыць Кацярына. — У нас у сям'і не былі прыняты розныя сю-сю і мі-мі-мі. Не. Яна ніколі не называла мяне «мамачка», як і я сваю маму, дарэчы. І гэта ніяк не звязана з тым, што мы не любім адна адну. Проста такія, вельмі дарослыя, адносіны ў нас. Але зараз яна спрабуе падтрымліваць мяне нейкімі жартачкамі. Кшталту
«М-м-м-м, мама! Я так абажаю салёныя гуркі! І цябе!»
«Арганізм падклаў мне свіню»
Як будзе ісці лячэнне і ці доўга гэта працягнецца, Кацярына пакуль дакладна не ведае. З аднаго боку, перашкаджае недасканалае веданне мовы. Не так проста адразу ўсё ўсвядоміць і зразумець. «Ты сядзіш на гэтым кансіліуме, спрабуеш улавіць усе акалічнасці і зразумець, што цябе чакае. Але моўны бар’ер перашкаджае», — кажа Кацярына.
З іншага боку, лекары і самі не маюць пэўнасці па сродках і тэрмінах лекавання на больш працяглую перспектыву.
«Алгарытм лячэння я даведваюся перад кожным новым крокам на гэтым шляху, — кажа Кацярына. — Напачатку меркавалі, што будзе толькі аперацыя і гарманальнае лячэнне. Пасля першай аперацыі, калі выцягнулі пухліну, аказалася, что там не так усё пазiтыўна, як напачатку спадзяваліся — арганізм падклаў мне свіню».
Давялося рабіць яшчэ адну аперацыю і паўтараць аналізы. Аказалася, што патрэбна хіміятэрапія.
«Цешыць крышку той факт, што напачатку казалі пра восем сеансаў хіміі, а зараз ідзе гаворка пра шэсць. Потым — радыётэрапія, — расказвае Кацярына. — Шэсць — не восем. І тое добра.»
Чытайце таксама: «Ужо памерла б ад чумы». Кацярына Ваданосава пра жыцце памiж XV і XXI стагоддзямі, музыку і натхненне
Боль, трызненне, галюцынацыі. Хімія — гэта вельмі цяжка
«Больш за ўсё я баялася, што будзе моцна ванітаваць. Але мне далі нейкія ўдарныя таблеткі, я іх піла і ваніты былі не так, каб зусім-зусім, — кажа Кацярына i ўдакладняе, што самым цяжкім аказалася іншае:
«Было вельмі-вельмі балюча. Мяне муж насіў у прыбіральню на руках, бо я нават не магла самастойна ўстаць з ложка. Некалькі дзён не магла нават умыцца. Мне балела ўсё — вочы, скура, пазногці, жывот, вены. Настолькі моцна, што былі панічныя атакі».
Пасля кропельніц хіміятэрапіі Кацярына была дома. Даглядаць яе заставалася дачка, бо муж хадзіў на працу. Дзяўчынцы давялося прагульваць урокі, каб не пакідаць маці адну.
«Аднаго разу мне настолькі балюча, што не магла нават уздыхнуць. І ў мяне такое адчуванне, што я зараз памру, што я проста раскладаюся нажыва і я не магу нават нікога паклікаць, бо не маю сіл ні закрычаць, ні штосці сказаць. Было такое адчуванне, што я паміраю. Да, страшнавата, канечне. Нават не ад таго, што я зараз памру, а ад таго, як гэта будзе для іншых. Вось зараз прыйдзе муж з крамы, а я тут валяюся. І што са мной рабіць у чужой краіне», — расказвае Кацярына.
Яна ўзгадвае страшныя сюжэты сваіх трызненняў і галюцынацый — то жанчыны з начосамі, ад якіх не ўцячы, то гнілыя чарапы, што растуць наўпрост з ноўтбука, як грыбы-порхаўкі. «Такія абсалютна неадэкватныя вобразы. Разумееш галавой, што ты ляжыш у ложку і не спіш. Але пры гэтым мозг прадукуе розныя прыкольныя карцінкі. Прычым, не вельмі прыемныя. І так — цэлы тыдзень», — успамiнае Кацярына.
Не так шкада грудзей, як валасоў
Ад доўгай Кацярынінай грывы за месяц лекавання засталося менш за палову. «Гэта нязручна вельмі, бо валасы паўсюль — на адзенні, пад нагамі, у ежы,» — уздыхае Кацярына. Валасы — ці не самая пазнавальная дэталь вобразу Ваданосавай — і на сцэне, і ў жыцці.
«Для мяне гэта цяжка, — прызнаецца яна. — Рэальна, прасцей было прыняць, што мне грудзь адрэжуць, чым што я буду лысая. Ніколі не была такой. Я нават нарадзілася з валасамі. Абсалютна не ўмею паводзіць сябе ў іншым выглядзе», — кажа яна i даде, што нават шнары, што назаўжды застануцца на целе, не так кранаюць. — Абсалютна не пераймаюся. Мне на гэта пляваць. Не ведаю чаму. Можа, каб грудзі былі маёй гордасцю, я б хвалявалася. А так — я да яе заўжды ставілася вельмі утылітарна".
Кацярына спрабуе знаходзіць пазітыўныя бакі ў тым, што валасы выпадаюць. Кшталту, што выпадаюць яны на ўсіх частках цела і не трэба будзе рабіць дэпіляцыю.
Але журба па страце ўсё ж пераважвае:
«Я нават калі проста валасы збіраю ў хвост ці у касу, адчуваю сябе аголенай. Таму што яны заўсёды ў мяне на спіне, таму што мне цёпленька пад імі, харашо. А зараз … сумна. Хутчэй за ўсё, мне будзе вельмі цяжка крыўдна і балюча [пагаліць галаву]. Буду круціць на сабе гэтыя хусткі і рыдаць, напэўна. А з гэтым я змірылася».
Клубок бабуліных нітак
«Мне заўсёды здавалася, што я з шэрагу тых людзей, якім добра пішацца ў моманты жалю, пакутаў і ўсяго такога, — расказвае пра сябе Кацярына. — Але зараз не даю рады. Не магу зараз выціснуць з сябе нічога у плане музыкі ці вершаў. І гэта не звязана з ракам. Так пачалося ад пачатку вайны. Масштаб усяго гэтага такі вялікі, што не ведаю, як гэта можна сублімаваць у творчасць».
Па словах Кацярыны, больш выручае руціна — больш рамесніцтва, чым творчасць: «Я зараз занураюся ў шытво, у вышыўку. З клубочка, што праз усю эміграцыю з сабой пранесла, яшчэ бабуліны ніткі».
На канцэрты ці выступы планаў пакуль няма.
«Не тое, каб я была не гатова спяваць. Выходзіць на сцэну я гатовая. Было б дарэчна нават. Мяне б гэта падпітвала. Але я не магу займацца арганізацыйнымі справамі. Не магу знайсці ў сабе сілы прадаваць квіткі, запрашаць людзей. Я ніколі не ўмела гэтага рабіць і зараз не хачу гэтым займацца. Калі б нехта прыйшоў і сказаў: „Каця, ці хочаш сыграцць канцэрт?“ Я б пагадзілася», — удакладняе Кацярына.
«Каб скончылася вайна, вярнуцца дадому і … вышыць фартух»
«Раней, калі я засталася адна з двума дзецьмі, мне вельмі хацелася даказаць, што я не старая, не страшная і чагосці вартая. Тады магла нешта здзяйсняць, на розныя вар’яцкія здымкі згаджацца. Зараз — не, мне не хочацца нікому нічога даказваць. Зусім. Ніякіх глабальных праектаў і перформенсаў», — расказвае Кацярына.
Самае цяжкае ў сёняшняй сітуацыі для яе — адсутнасць дома, ці прынамсі, звыклага камфорту ў хатнім асяроддзі.
Чытайце таксама: «Нашы мужыкі тут паміраюць, а вы сваіх вывозіце». Як беларусы ўцякалі ад вайны ва Украіне
«Я не пераймаюся адносна майго цела, успрымаю яго як інструмент, як сродак для дасягнення мэтаў. А вось атачэнне… Хочацца каб было прыгожа, рамантычна і ваў, а ў мяне тут канапа з Ікеі і пластыкавы шэзлонг. Цяжкавата даваць сабе рады, бо не так эстэтычна, як бы мне хацелася. А дома… Дома усё зроблена сваімі рукамі. Усё, што было маёй гордасцю».
Кацярына расказвае пра мары і планы:
«Хачу, каб адраслі валасы. Хачу вандраваць… І гэта — не кажучы пра тое, як хочацца вярнуцца дадому. Хачу, каб скончылася вайна, каб дзеці хадзілі ў нармальную беларускую школу з беларускай мовай, — расказвае Кацярына, — Хачу ролікі зрабіць пра беларускія строі і сярэднявечнае адзенне. Во, я фартух вышываю! Як скончу, у мяне будзе гатовы поўны калінкавіцкі строй — ад андарака да галаўнога убора. Вельмі хацела б весці курс па традыцыйных строях у Беластоку.
А так…
Я баюся не тое, што марыць, нават планы баюся будаваць. Я не ведаю, што будзе праз тыдзень, праз два. Таму стараюся ні ў якім выглядзе нічога не загадваць".