Журналістка Марыя прачнулася ў чатыры гадзіны раніцы 24 лютага ад удару ў вайсковую частку побач з яе домам у Кіеве. Відэааператара Данііла 25 лютага падняла паветраная трывога ў Львове. Алесь з’ехаў з Ірпіня каля Кіева — а пасля туды прыйшлі расійскія вайскоўцы і стралялі па цывільных. Беларусы ўцякалі ад вайны, пакінуўшы дома кніжкі, сукенкі і купленую духоўку. Наперадзе іх чакалі дзясяткі кіламетраў чаргі на мяжы, пешая дарога з дзіцём і натоўпы валанцёраў, гатовых дапамагчы.

«Я не спаў суткі і плюс яшчэ палову»

Відэаператар з Беларусі Данііл Гаёў апошні час жыў ў Львове. У першы дзень вайны 11 чалавек, з іх чатыры — сям’я актораў, мама, тата і двое дзяцей — сустрэліся. «Абмеркавалі, што нам рабіць і распрацавалі тры планы. На другі дзень мы прачнуліся ад паветранай трывогі, ад трох сірэн. І калі мы ўсе выйшлі з бункера, стэлефанаваліся і вырашылі, што збіраем рэчы і валім. Я як прачнуўся, то заснуў толькі сёння (27 лютага — Hrodna.life) уначы. Я не спаў суткі і плюс яшчэ палову. Спачатку думалі ехаць аўтобусам, але туды не пускалі ніякіх мужчын. У прыярытэце жанчыны і дзеці. Тады вырашылі паехаць на цягніку. Гэта была тыповая электрычка, як ходзіць з Мінска ў Маладзечна», — расказаў Данііл Hrodna.life.

У беларусаў было некалькі варыянтаў: Кракаў, Лодзь, Варшава, Труймяста (аб'яднаная назва для гарадоў Гданьск, Гдыня і Сопат — Hrodna.life). Данііл вырашыў ехаць у Варшаву, бо там ёсць знаёмыя. «Я пагаварыў з блогерамі, яны рэпостнулі маю сторыз, і ў мяне з’явілася шмат кантактаў беларусаў, якія гатовыя прытуліць на нейкі час. Мы вырашылі „кінуць косці“, перадыхнуць і выдыхнуць тут», — кажа Данііл.

"Нашы мужыкі тут паміраюць, а вы сваіх вывозіце”. Як беларусы ўцякалі ад вайны ва Украіне
Цягнік ва Украіне падчас вайны. Фота: герой Hrodna.life

15 кіламетраў машын на мяжы

«Там гіганцкі затор на мяжы. Калі мы ехалі, у мяне была інфармацыя, што там +25 кіламетраў. Нашая чыгунка пралягала ўздоўж трасы, побач. Мы на вочы бачылі, як шмат машын стаіць. І мы едзем, а яна ўсё не сканчаецца. Па маіх прыкідах там было 15 кіламетраў, таму я спакойна веру, што там больш за 20 кіламетраў».

Па стане на 27 лютага ў некаторых знаёмых няма сім-карты, расказаў Данііл. З некаторымі спадарожнікамі пакуль няма сувязі. У бліжэйшых планах Данііла — прывесці сябе ў парадак і сустрэцца са знаёмымі. «Складана будзе тым, хто ўвогуле не ведае польскай мовы. Я нарадзіўся ў Гродне. У мяне бацькі час ад часу размаўлялі па-польску. Я не думаю, што згублюся з перакладчыкам і гугл-мапамі, спраўлюся», — лічыць хлопец.

«Бачыў абстрэл з вакна»

Беларускі журналіст Алесь апошні час жыў у Ірпіні (горад каля Кіева — Hrodna.life). «Вырашыў „цікаць“, калі пачалі абстрэльваць аэрадром на Гастомлі. Гэта на поўначы ад Ірпіня — хлопец, у машыне якога я ехаў, жыве на поўначы Ірпіня. Ён бачыў абстрэл з вакна. Неўзабаве пасля таго, як мы з’ехалі, па вуліцах пачалі хадзіць расейскія вайскоўцы — пішуць, стралялі па цывільных», — перадаў Алесь.

Ён выехаў на аўтамабіле са знаёмым каля 14:00 24 лютага. Кіроўца — украінец з жонкай-украінкай і дзіцём 1 года 4 месяцаў. «Яны родам з Данбаса, ад адной вайны ўжо ўцякалі. Муж хацеў выправіць жонку, самога яго ўжо не выпусцілі б, бо па ўзросце павінен служыць. Паўдні дабіраліся да Жытоміра, затораў амаль не было, але была „цягучка“ па 10 км/г. Бачылі над сабой верталёты з незразумелай сімволікай (не падобнай да ўкраінскай). Да ночы даехалі толькі да Хмяльніцкага — пачыталі, што там абстрэльвалі мала. У Роўна маглі даехаць хутчэй, але там бліжэй да Беларусі, маглі пайсці войскі. Месцы былі толькі ў саўковым гатэлі, якога няма на Booking», — расказаў Алесь.

Да цемры спадарожнікі даехалі ў памежны затор на трасе са Львова і «намертва» спыніліся ў 15 км ад мяжы. На двухпалоснай дарозе быў затор у чатыры паласы. Яго вырашылі аб’ехаць па сельскіх дарогах. «Там танкам было б праблематычна праехаць, — усміхнуўся Алесь. — Але блокпасты стаялі ўжо, накідалі мяшкі з пяском і ўсялякае жалезабетоннае ламачча. Выбраліся амаль пад самую мяжу, пакінулі машыну».

«Make a line», «step back»

На пераходзе Краковэць (украінска-польская мяжа — Hrodna.life), па словах Алеся, было некалькі соцень людзей, якія хацелі перайсці пешшу. Іх спрабавалі арганізаваць у чаргу, але не здолелі.

 — Памежнікі ведалі па-англійску толькі «make a line» (устаньце у чаргу — Hrodna.life) і «step back» (адыдзіце назад — Hrodna.life), а чарга як толькі ўтваралася, адразу развальвалася. Прапускалі раз на хвілін 10 па 10 чалавек — у выніку чарга станавілася толькі большай. На маю прапанову цэнтралізавана сказаць людзям, каб разбівалі лагер, памежнікі адказалі пафігізмам: хочаш — паспрабуй, make a line, step back. Казалі, спачатку ідуць жанчыны з дзецьмі, але і яны чакалі па шмат гадзінаў пад брамай. Жонку кіроўцы з дзіцём літаральна запхалі ўкраінскім памежнікам, яе выпусцілі, муж з’ехаў назад на Львоў. Людзі пачалі распальваць вогнішчы, у страхавой кампаніі пад мяжой пусцілі людзей у памяшканне паспаць на падлозе, — расказаў Алесь.

Ён пазнаёміўся з амерыканцам з Нью-Джэрсі, які з’язджаў з Кіева. Амерыканец стаяў пад мяжой каля 15 гадзін. «На раніцу пайшлі з ім па чарзе машынаў, каб нас пасадзілі перайсці мяжу: чарга пешых не змяншалася, а пад самой брамай мы стаялі некалькі разоў — не прайшлі. У чарзе нас узяў немец, які хацеў забраць са Львова свайго мужа-ўкраінца, які не хацеў ваяваць. Не здолеў, бо не выпусцілі б, то вырашыў з’ехаць сам і дыстанцыйна кансультаваць, дзе, як хавацца».

"Нашы мужыкі тут паміраюць, а вы сваіх вывозіце”. Як беларусы ўцякалі ад вайны ва Украіне
Украінска-польская мяжа падчас вайны. Фота: герой Hrodna.life

«Адным. курва. пальцам. друкавалі»

Украінскія памежнікі здзівіліся беларускаму пашпарту Алеся, распыталі яго пра мэты візіту і выпусцілі, калі пабачылі часовы від на жыхарства.

 — На ўкраінскім памежным пераходзе гамон як павольна правяралі дакументы, літаральна адным, курва, пальцам друкавалі пашпартныя звесткі, працавалі не ўсе пункты кантролю. Палякі прапусцілі хутчэй. Але знаёмая, якая пераходзіла пазней, казала, што наадварот украінцы ўжо хутка прапускалі, тармазілі ўжо з польскага боку. На польскім баку былі НАТОЎПЫ валанцёраў, гатовых падвезці ці пакарміць, — расказаў Алесь.

"Нашы мужыкі тут паміраюць, а вы сваіх вывозіце”. Як беларусы ўцякалі ад вайны ва Украіне
Украінска-польская мяжа падчас вайны. Фота: герой Hrodna.life

«Першае, што я зрабіла — абзваніла калег, і мы пачалі працаваць»

Журналістка Марыя Грыц з сям’ёў жыла ў Кіеве. Яны вырашылі з’язджаць адтуль у першы дзень вайны. «Ён быў такі доўгі, гэты першы дзень, што нават губляюся, як усё адбывалася. Мы прачнуліся — быў першы ўдар па Браварах [ускраіна Кіева — Hrodna.life]. У нас побач з домам была вайсковая частка — траплялі ў яе. Я прачнулася, адразу не зразумела, што адбываецца, бо ноччу было, напэўна, гадзіна чацвёртая па Мінску — так сімвалічна, без абвяшчэння вайны, а чацвёртай гадзіне ўдарылі па Браварах», — узгадала Марыя.

 — Першае, што я зрабіла — я абзваніла калег, якія ва Украіне, і мы пачалі працаваць, польскія калегі яшчэ спалі. Па шчырасці, мы не думалі з’язджаць адразу, бо і так ніхто не чакаў вайны, а сабірацца і бегчы зусім было непажадана. У нас была валізка напагатове яшчэ з вечара, каб адразу бегчы ў бомбасховішча ў нас у доме. Не класічнае бомбасховішча, а часовае ўкрыццё. Мы туды спускаліся, былі, а потым нічога не адбывалася, людзі расслабіліся, павыходзілі, хто паліў, хто па сабаку пайшоў, з дзецьмі на пляцоўку павыходзілі. Потым яшчэ адзін удар быў па Браварах, мы зноў вярнуліся ва ўкрыццё і стала зразумела, што гэтая вайсковая частка нам жыць не дасць і мы ўжо бачылі навіны, што з беларускага боку танкі едуць. А Бравары — гэта як раз паміж Кіевам і беларускім напрамкам. Стала, па-шчырасці, так страшна, нават не за сябе, а за дзіцё. Мы-та яшчэ ладна, а для яе, калі мы былі ў бамбасховішчы, было вельмі цяжка — мала прасторы, вельмі шмат людзей. Сховішча выглядала проста як падземны паверх, дзе крамы адкрываць, яно не прадугледжвае доўгага знаходжання.

Марыя з’язджала з Кіева з дзіцём, мужам і калегам. Пра «суперэвакуацыю» яны не думалі, таму «што сунулі ў машыну, то і павезлі з сабой».

«Зараз узгадваю — блін, можна было бы навушнікі забраць хаця бы, ці сукенку, кніжак беларускіх там засталося мора, духоўку нядаўна купілі. То бок рэальна ўклаліся, каб нармальна абжыцца, і трэба было цягам гадзіны сабраць ўсё, што можна знесці. Гэтыя зборы разрывалі сэрца, калі хадзіла па хаце, там раскіданыя алоўкі засталіся, я думала: божа, няўжо мы сюды не вернемся».

Чытайце таксама: Гродзенцы паехалі ва Украіну ў адпачынак і не могуць вярнуцца праз вайну

«Горад, які рыхтаваўся да вайны»

Як расказвае Марыя, ехалі ў Польшчу, асабліва не прадумаўшы іншыя варыянты. «Гэта не так выглядае, што ты сеў, халоднай галавой падумаў, усё прааналізаваў і паехаў. Не, гэта было такое — божа, што рабіць, што рабіць, давай хаця бы вось гэта возьмем, хаця бы трусы забярэм з сабой».

Вялікай цяжкасцю, па словах Марыі, была ўся дарога. «Мы, як выехалі, яшчэ з Ірпеня забіралі калегу, таму трэба было ехаць праз горад, які рыхтаваўся да вайны. Гэтае відовішча вельмі гнятушчае з аднаго боку, з другога — давала надзею, што ніхто лёгка сталіцу не здасць. На гэта глядзець было і ўсцешна, і страшна адначасова. Мы праязджалі па прыгарадах, там хлопцы прам рыхтаваліся», — расказала яна.

Людзі пачалі з’язджаць раніцай, калі пачаліся першыя выбухі. Пазней дарогі «забіліся» і за першы дзень спадарожнікі праехалі каля 200 км. Вечарам яны засяліліся ў апошні вольны нумар у гатэлі. Марыя лічыць, што ім пашанцавала, бо першую ноч яны не спалі на ўздарожжы.

«Дачка пытае, дзе тата, а тата пакуль у нас стаіць на мяжы»

За другі дзень атрымалася праехаць 50 км. Чарга рухалася з хуткасцю каля 5 км на гадзіну. «Гэта было жутка, мы баяліся, што наогул нікуды ніколі не даедзем. Таму мы ехалі проста да ночы, і калі людзі пачалі раз’язджацца, спыняліся, і людзі спалі проста на ўздарожжы. Тады дарога стала больш вольная, і мы ноччу ехалі да мяжы, прыехалі да яе раніцай і стаялі за 25 км ад мяжы», — узгадвае Марыя.

Потым з’явілася інфармацыя, што мужчын не будуць прапускаць. Таму яна ўзяла дачку на рукі і пайшла пешам. «Яна аказалася вельмі класнай маёй спадарожніцай. Трэба ісці - ну давай. Адно што сваімі нагамі не дужа хочацца, таму ў асноўным я яе несла», — расказала эмігрантка.

"Нашы мужыкі тут паміраюць, а вы сваіх вывозіце”. Як беларусы ўцякалі ад вайны ва Украіне
Дачка Марыі Грыц. Фота: гераіні

Віза не спатрэбілася — польскі бок прымаў мігрантаў без візы і без ПЦР. «Калі мы дайшлі - гэта заняло ў нас цэлы дзень — з рознымі прыгодамі жэстачайшымі. Хутка прайшлі ўкраінскі бок — яны проста праверылі, хто мы, што мы. Польскі бок трошачку больш пільна правяраў дакументы. Гэта заняло некалькі гадзін — украінцы фарміравалі людзей па 50 у такія як бы атрады, яны называлі гэта каробкамі, і так прапускалі. Польскі бок трошачку марудней працаваў. Але было дужа прыемна, што людзі, пакуль мы чакалі сваю праверку дакументаў, прыносілі цукеркі для дзяцей, сокі, дзіцячае харчаванне, бо, канешне, пераход пешы шмат для каго даўся дужа цяжка», — кажа Марыя.

Сітуацыю дачцэ беларуска ніяк не тлумачыла. «Яна пакуль што не задаецца нейкімі экзістэнцыйнымі пытаннямі. Адно што яна пытае, дзе тата, а тата пакуль у нас стаіць на мяжы ў чарзе. Казала, хутка прыедзе, трэба пачакаць».

«Дарога заняла ўсяго суткі»

У ноч на 24 лютага ў тэлевядоўцы Кацярыны Ваданосавай была бяссонніца. Тры выбухі яна пачула роўна ў пять раніцы. «Адразу стала ясна, што ўсё пачалося», — расказала яна Hrodna.life. З 17-га паверху яна бачыла знішчальнікі. У сем пачалі гучаць сірэны — паветраная трывога, ад якой прачнуліся дзеці. Кацярыне стала зразумела, што трэба збіраць рэчы, — з’язджаць з Кіева вырашылі ў той жа дзень. «Гэта быў трындзец», — не можа Кацярына падабраць іншага слова.

Калега давёз яе з дзецьмі і мужам да Львова. Дарога заняла роўна суткі, хаця звычайна займае гадзін сем. На заднім сядзенні ехалі чатыры чалавекі з заплечнікамі і дзецьмі на руках. Частка трасы, якая вяла з Кіева, была вельмі загружаная, а тая, што вяла назад — была пустой. «Людзі выходзілі з машынаў у корку, проста рукамі адрывалі адбойнікі паміж бакамі і выязджалі на супрацьлеглыя поласы. Потым там таксама рабіліся заторы, і яны зноў аддзіралі адбойнікі, і спрабавалі вяртацца назад на правую частку трасы. Так сабе відовішча».

У Львове сям’я пераначавала ў сябра і пайшла на вакзал. Там была «процьма, неверагодная колькасць народу». Былі людзі з маленькімі дзецьмі, шмат замежнікаў. Падчас паветранай трывогі раніцай давялося бегчы ў бамбасховішчы, а на вакзале — хавацца ў тунэлях паміж перонамі.

«Едзеш ты на трамвайчыку, і дом такі прыгожанькі, а тут хоба — сірэна»

«Мы зразумелі, што мы не з’едзем на цягніку: па-першае, народу вельмі шмат — мы б не праціснуліся. Па-другое, цягнік, якога мы чакалі па раскладзе, — яго не было. Кацярына паехала дадому да сябра шукаць іншыя варыянты шляху. «Зноў пачалася паветраная трывога, мы выскачылі з трамвая і проста пад прыпынкам нейкім дом быў - такі прыгожы, ампірны. Мы заляцелі ў пад’езд. Адразу ўбачылі там паперку, што тут можна перачакаць паветраную трывогу, мы па стрэлачках прайшлі ў сутарэнні. Там патырчэлі. Потым выпаўзлі адтуль, зноў селі ў трамвай. Такая троху сюррэалістычная карціна: едзеш ты на трамвайчыку, і дом такі прыгожанькі, а тут хоба — сірэна, гучны голас аб’яўляе, што ўсім хавацца, і мы хаваемся, потым зноў садзімся на трамвайчык, едзем, усё прыгожа, сонейка такое класненькае».

"Нашы мужыкі тут паміраюць, а вы сваіх вывозіце”. Як беларусы ўцякалі ад вайны ва Украіне
Стэфанія і Ян у Львове. Фота: Кацярына Ваданосава

У сябра Ваданосавай сабраліся каля 10 чалавек. Шмат часу Кацярына шукала транспарт, але сям'і з чатырох чалавек было складана знайсці спадарожнікаў. Былі і тыя, што за пераезд прасілі 5000 грыўняў (350 рублёў). Сям’я Кацярына не магла іх заплаціць — у іх былі заблакаваныя рахункі. У выніку з пераездам дапамаглі супрацоўнікі тэлеканала «Б**сат». Яны знайшлі валанцёраў, якія падвезлі сям’ю да мяжы. Карэнныя жыхары Львова і бліжэйшых вёсак павезлі іх лясамі і палямі, каб трапіць не ў канец аўтамабільнай чаргі на 20 км, а бліжэй да пешай чаргі.

«Мы ўжо думалі, што нас вязуць у турму»

«І тут пачаліся прыгоды. Там паставілі КПП (людзі з тэрытарыяльнай абароны — Hrodna.life) і нас спынялі на гэтых КПП пастаянна. Там стаяць 20 азлобленых мужыкоў, якія нас выводзяць з машыны і пачынаюць пытаць, мы дыверсанты ці хто. А потым бачаць беларускія пашпарты і проста ўзрываюцца. Крычалі: «Чего вы не в своей Беларуси, а вы знаете, что вы нас щас убиваете, что вы в нас стреляете?» Гэта так агідна, крыўдна, і не дакажаш жа нічога, таму што па сутнасці так і ёсць. Не будзеш жа казаць, што выходзіў за нашу і вашу свабоду. А яны і не слухаюць нічога. Ты кажаш: «Я — журналіст», а яны: «Видали мы в гробу журналистов, горите все в аду». <…> Нашы кіроўцы пастаянна спрачаліся, яны нас так адстойвалі, яны за нас проста гарой стаялі. Я вельмі-вельмі ім удзячная. Яны крычалі, што беларусаў і так пабілі, а вы на іх бочкі коціце. Калі яны [мужчыны на КПП] бачылі мужыкоў у машыне, проста звярэлі. «Нашы мужыкі тут паміраюць, а вы тут сваіх вывозіце».

Сям’я Кацярыны прайшла праз тры КПП. На іх выклікалі паліцыю, якая забрала дакументы і ў суправаджэнні якой яны ехалі да мяжы. «Мы ўжо думалі, што нас вязуць у турму», — кажа Кацярына. Але іх вывезлі да трасы і выгрузілі. Там іх падабраў мікрааўтобус з чырвоным крыжам, падобны да амапаўскага. На ім сям’я і даехала да пачатку пешай чаргі.

«У сына разбалелася галава — а мы нічога не можам зрабіць»

У чарзе стаялі жанчыны з дзецьмі. Мужчынаў было няшмат, з большага гэта былі замежнікі. «Там былі тысячы жанчын і тысячы дзяцей. І яны ідуць уздоўж гэтай трасы да памежнага пункта. Марудна перасоўваюцца. Хто з валізамі, хто — без, хто — з заплечнікамі. Там былі жанчыны з вазочкамі. Там былі дзеці, якім месяц, паўтары месяцы. І гэтыя дзеткі няшчасныя — халодныя, галодныя. Там былі валанцёры, якія раздавалі то сырнікі, то бліны нейкія. Але ўсё роўна пад канец у сына майго пачалася мігрэнь ад холада. У яго дзіка разбалелася галава. А мы нічога не можам зрабіць. І я вось бачыла, як жанчыны, якія самі замярзалі, здымалі курткі і дзетак сваіх у гэтыя курткі хуталі», — на гэтых словах Кацярына заплакала.

"Нашы мужыкі тут паміраюць, а вы сваіх вывозіце”. Як беларусы ўцякалі ад вайны ва Украіне
Кацярына Ваданосава пасля перасячэння мяжы. Фота: гераіні

Дзецям Кацярыны Яну — 7 гадоў, Стэфе — 11. Паводле Кацярыны, самая страшная частка шляху — канец, калі дзеці пачалі замярзаць. «Дзеці ад холаду пачалі засынаць. Яны клаліся на валізкі і адключаліся. <…> Былі моманты, калі мой сын казаў: „Лепш бы мы сядзелі дома і глядзелі мульцікі“. Яны не зусім усведамляюць, што адбываецца. Трэба было проста супакойваць: хутка ўсе скончыцца, хутка мы паядзім, хутка мы пап’ем».

Дарога заняла ў яе сям'і пяць гадзін. Па словах Кацярыны, гэта вельмі хутка. Памежнікі, паводле яе, нічога не правяралі, а проста праштампавалі пашпарты. Каля 3.00 25 лютага яны ўжо былі ў Польшчы. Цягам тыдня сям’я збіраецца вырашыць, дзе будуць жыць зараз.

Чытайце таксама: Глядзіце ўсё! Як «мірнае неба над галавой» беларусаў змянілася вайной ля межаў