Дзясяткі чалавек затрымалі ў Гродне 27 лютага — у асноўны дзень галасавання на рэферэндуме. Такога ў Гродне не было з акцый пратэсту ў 2020 годзе. Затрыманых дастаўлялі ў ізалятар на Кірава, 1 і, паводле інфармацыі з суда Кастрычніцкага раёна, у ІЧУ на вул. Гая, 4. Па словах работнікаў суда Ленінскага раёна, іх ужо пачалі судзіць у ізалятарах. Перадачы ў турму прынялі.

Каля 14.00 27 лютага каля мінімум пяці выбарчых участкаў сабраліся людзі. Да гэтага заклікалі некаторыя дэмакратычныя сілы. Людзей разганяў і затрымліваў АМАП. У цэнтры затрымалі некалькі чалавек на антываенным пікеце.

У рэдакцыю Hrodna. life 28 лютага пачалі пісаць і пытацца пра затрыманых: дзе яны знаходзяцца і ці будуць іх судзіць. Такую інфармацыю падаюць толькі сваякам і адвакатам затрыманых. Тэлефанаваць варта ў Кастрычніцкі або Ленінскі РАУС — у залежнасці ад таго, на тэрыторыі якога раёна чалавека затрымалі. А потым — у ізалятары часовага ўтрымання.

Таксама дадзеныя можна шукаць у спісах праваабаронцаў. Але, як правіла, праваабаронцы атрымліваюць звесткі ад сваякоў затрыманых жа ці ад людзей, якіх адпусцілі з ізалятара. Паводле інфармацыі Hrodna.life, пакуль нікога не адпускалі.

Суды пачаліся

У судзе Ленінскага раёна паведамілі, што ў расклад затрыманыя 27 лютага не ўнесеныя. Па словах работнікаў суда, 28 лютага пачаліся выязныя судовыя паседжанні ў ізалятары на Кірава, 1. У іх прымаюць удзел суддзі суда Ленінскага раёна.

У судзе Кастрычніцкага раёна ў раскладзе на 28 лютага затрыманых у дзень рэферэндуму таксама няма. Разглядаць адміністрацыйныя справы суддзі суда Кастрычніцкага і Ленінскага раёна будуць у залежнасці ад тэрыторыі раёна, на якім прайшло затрыманне. Работнік суда назваў затрыманых 27 лютага «сутачнікамі».

Як правіла, затрыманых на акцыях пратэсту або па «палітычнай» адміністрацыйцы ў Гродне і раней не ўносілі ў расклад на стэндзе ў судах і ў анлайн-расклад. Людзей судзілі дзяжурныя суддзі ў выязным судовым пасяджэнні. Напрыклад, так было з аўтарам Hrodna.life Ірынай Новік. Па законе, калі па адміністрацыйным артыкуле могуць пакараць адміністрацыйным арыштам, затрыманага могуць утрымліваць да суда на працягу 72 гадзін. Як правіла, суды над такімі затрыманымі праходзяць на першы ці другі дзень пасля затрымання.

«Не выпусцілі»

Сястру чытачкі Hrodna. life затрымалі на выбарчым участку каля СШ № 8. Яе адвезлі ў Ленінскі РАУС. «Першапачаткова казалі, што каля 17.00 пачнуць выпускаць. Не выпусцілі. А 19.00 сказалі, што ўсіх павязуць у ІЧУ, а 28 лютага будзе суд. У ІЧУ месцаў не было, і іх адвезлі ў турму на Кірава. Сёння сказалі, што суда не будзе — РАУС не перадаў матэрыялы. Суд будзе заўтра і, хутчэй за ўсё, будуць даваць суткі», — паведаміла чытачка.

Сярод затрыманых — і маці непаўналетніх дзяцей. Пры гэтым згодна з ПВКаАП міліцыя не можа затрымліваць па адміністрацыйнай справе маці непаўналетніх дзяцей больш, чым на тры гадзіны.

Колькасць затрыманых

Па краіне затрымалі каля 800 чалавек. У дачыненні да іх праводзяць праверку. Некаторых затрыманых раней судзілі па тым жа артыкулах, паведамляе МУС Беларусі.

Праваабаронцам «Вясны» вядомыя дадзеныя больш за 730 затрыманых па краіне. З іх 16 — затрыманых у Гродне. Спасылку на спіс затрыманых мы не можам размясціць, так як рэсурсы «Вясны» прызнаныя экстрэмісцкімі.

Міліцыя Гродна не паведаміла аб колькасці затрыманых у горадзе. Рэдакцыя Hrodna.life не стала ўдакладняць колькасць — раней нас заўсёды прасілі адправіць пісьмовы запыт, адказ на які можа расцягнуцца да месяца. Мы паспрабавала палічыць колькасць затрыманых па тых дадзеных, якія нам дасылалі. Па нашых падліках, дакладна затрымалі каля 15 чалавек — гэта тыя выпадкі, аб якіх нам вядома.

Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы па ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Паводле версіі СК, у рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі, публікавалі заклікі да здзяйснення дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, арганізацыі масавых несанкцыянаваных акцый і дзеянняў, накіраваных на зрыў рэферэндуму, які праводзіцца ў краіне. Затрыманыя 10 «арганізатараў».

Перадачы

Раніцай 28 лютага пад ізалятарам на Кірава, 1 людзі спрабавалі аддаць перадачы затрыманым. Туды прыйшлі блізкія з прыкладна шасцю перадачамі. Як мінімум для некаторых іх прынялі.

У чытачкі Hrodna.life перадачу ў турму для затрыманага прынялі праз ІЧУ на вул. Гая, 4. Што можна перадаваць затрыманым, рэдакцыя Hrodna.life пісала яшчэ ў 2017 годзе.