Саламяныя павукі запаўзлі ў маё жыццё толькі сёлета, але літаральна захапілі ў палон. Зараз павук ёсць у кожным пакоі майго жытла і ўжо мала засталося сяброў, хто б не атрымаў павука ў падарунак. Гэтыя абярэгі сталі першай з’явай, што абудзіла мой інтарэс да жыцця падчас цяжкага дэпрэсіўнага перыяду. Ухапіўшыся за саламяную павучыную лапку і павуцінку спрадвечнай традыцыі я крок за крокам вяртаюся да жыцця. Не магу трымаць такі скарб у таямніцы — праз канал «Тётя Ира разрешила» дзялюся з усімі. Як у нас дома казалі: «Можа не паможа, але і не зашкодзіць».

Што за штукі - саламяныя павукі?

Гэта канструкцыя з саломінак, нанізаных на нітку. Яна збіраецца ў аб’ёмныя фігуры. Аснова любога павука — актаэдр ці васьміграннік. Па-простаму яго часта называюць ромбам. Таму самыя простыя павукі - рамбічныя. З ромбаў і паўромбаў можна скласці піраміду. Праз тое другі від павукоў - пірамідальны. Вось і ўся тэорыя. Далей да сэнсу.

Навошта рабілі павукоў?

Павук — гэта абярэг. Яго задача — злавіць ўсё злое, што нейкім чынам патрапіла ў ваша асяроддзе. Злыя думкі, крыўды, плёткі, цяжкія развагі ці страшныя сны — ўсё гэта павінна заблытаццца ў саламяным павуцінні. То бок, саламяны павук — наш аналаг лаўца сноў, толькі з шырэйшым профілем абясшкоджвання.

Зрабілі павука — і што далей?

Мабыць, нашы продкі ведалі, што доўга трымаць накоплены негатыў не варта. Ні ў сабе, ні ў саламяным павуку. Таму перыядычна павукоў спальвалі. Такім чынам знішчалі ўсё злое. І далей жылі ў чыстай прасторы ды рабілі новага павука.

Калі іх рабілі?

Часцей за ўсё — узімку, да Калядаў. Але вядома, што і да Пасхі таксама рабілі павукоў. А яшчэ павукі маглі быць вясельнымі ці прымеркаванымі да народзінаў дзіцяці. Гэта я пра што? Калі хацелі - тады і рабілі павукоў. Абмежаванні былі хіба ў часе. Бо калі прыходзіла пара працаваць у полі, было не да забаваў. Не тое, што доўгімі зімовымі вечарамі.

Хто рабіў павукоў?

Мая старэйшая каляжанка, што вырасла ў вёсцы, расказала: часцей за ўсё рабілі павукоў… дзеці. Бо дарослыя займаліся больш сур’ёзнымі справамі - пралі, ткалі, рабілі нешта па гаспадарцы. А вось для малых павукі былі такім сабе беларускім Lego. Памагалі дзецям бабулі ці дзядулі.

Педагогі пацвердзяць, што праца з саломкаю, голкай і ніткаю развівае дробную маторыку, а працэс зборкі лінейных аб’ектаў у аб’ёмныя фігуры фармуе прасторавае мысленне. Калі думаеце пра пра цацкі-развівашкі для падгадаваных дзяцей — не ігнорце беларускіх саламяных павукоў.

Як любая творчая праца, выраб павукоў - гэта палёт фантазіі, засяроджанасць на працэсе і радасць ад атрыманага выніку. А яшчэ — той самы беларускі дзэн, які ў наш час так так цяжка злавіць.

Чытайце таксама: «Павучка ў кожны дом». Ганна з Гродна вучыць рабіць саламяных павукоў - таму што яна беларуска

Што падрыхтаваць да вырабу павука?

Салому трэба замачыць у гарачай вадзе найменш на паўгадзіны. Тады яна не будзе расколвацца па тарцах.

Апроч саломы спатрэбяцца ніткі, цяжкая голка (іх раней называлі шаршаткамі) і нажніцы. Ніткі лепш браць не самыя тонкія, каб не рэзалі тарцы саламінак.

Дэкорам для павука могуць стаць кутасы ці пампоны з нітак, пацеркі з фасолі, сухія галоўкі маку, сухацветы ці птушыныя пёркі. Таксама ўпрыгожвалі павукоў саламянымі фігуркамі - але гэта патрабуе больш высокага майстэрства.

Нарэшце — практыка

Саломку рэжам на роўныя кавалкі, прыкладна па 4−5 сантыметраў. На адзін актаэдр патрэбна 12 саломінак. Уцягваем у голку доўгую нітку, каля метра. Вузел не завязваем. Нанізваем на нітку 4 саломінкі, дацягваем іх да канца ніткі, пакінуўшы край ў 4−5 сантыметраў. Злучаем саломінкі на нітцы ў квадрат і фіксуем гэту фігуру вузельчыкам. Нітку не адрэзваем.

Нанізваем на яе астатнія 8 саломінак і раскладваем іх па дзве трохкутнікамі пры кожным баку квадрата. Край ніткі завязваем за той самы ражок, дзе фіксавалі квадрат.

Далей трэба замацаваць кожны трохкутнік. Трэба пракруціць праз квадрат адзін з іх, а потым тое самае зрабіць з супрацьлеглым. Наступны крок — злучыць супрацьлеглыя трохкутнікі вяршынямі і звязаць кароткімі кавалкамі ніткі. Вось і атрымаўся актаэдр — самы маленькі беларускі павучок.

Далей робім такія ж ці іншыя памерам актаэдры і злучаем разам, як падказвае фантазія.

Лепш раз пабачыць, чым сто разоў прачытаць

Калі вы з тых, каму больш зразумела вучыцца «з рук», то прыходзьце ў госці да Цёці Іры на Youtube. Там ёсць плэйліст з майстар-класамі па саламяных павуках. Глядзіце відэа, захоўвайце спакой і рабіце павукоў.