«Добра адпачываць у нядзельны дзень на беразе роднага Нёмана. Асабліва пасля 19-гадовай разлукі з гэтымі месцамі», — так пачынаецца невялікі відэасюжэт пра сям’ю Сімановічаў, якая ў 1956 годзе вярнулася ў Гродна з Аргентыны. Рэдакцыя Hrodna.life хоча адшукаць нашчадкаў гэтай сям'і, каб даведацца, як склаўся лёс гродзенскіх рээмігрантаў.

Сімановічы з’ехалі з Гродна ў даваенны перыяд, калі горад быў у складзе Польшчы. Тады гродзенцы нярэдка з’язджалі за акіян: у ЗША, Канаду, Аргенціну, Бразілію і іншыя краіны. Некаторыя, зарабіўшы грошай, вярталіся.

У другой палове 1950-х пачалася хваля вяртанняў беларусаў у БССР пад уплывам агітацыі савецкіх пасольстваў.

У сюжэце 1956 года (кіначасопіс «Новости дня / хроника наших дней»), які быў зняты ў Гродне, распавядаецца, што Іван Сімановіч з’ехаў у Аргенціну ў пошуках лепшага жыцця, «але знайшоў яго тут, на радзіме».

«Малодшы сын Андрэй адпачывае ў піянерскім лагеры. Уся сям’я цяпер працуе на Гродзенскім тонкасуконным камбінаце. Усталі за ткацкі станок сыны Альберт і Пётр. Жонка Пятра Яўгенія таксама атрымала тут спецыяльнасць. Іван Якаўлевіч цяпер спакойны за будучыню сваіх дзяцей. Ім не пагражае больш беспрацоўе», — кажа дыктар.

Гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч расказвае, што ў пачатку 2000-х выйшла кніга «Беларусы ў Аргенціне: Грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930−1960-я гг.)». У ёй прыведзены ўспаміны некалькіх рээмігрантаў, якія вярнуліся ў 1950-я гады ў Беларусь.

«Да вайны многія выхадцы з Заходняй Беларусі ехалі на заробкі за акіян, — распавядае гісторык. — Яны актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці краіны, дапамагалі Савецкаму Саюзу ў час вайны: збіралі грошы. У пасляваенныя гады некаторыя вырашаліся вярнуцца на радзіму. Ведаю, што сем’ям з Аргентыны ў Гродне давалі кватэры ў новым доме на Гарнавых. Многія з іх, расчараваўшыся ў савецкіх рэаліях, з’язджалі назад. Некаторыя па прыездзе ў СССР захоўвалі за сабой аргентынскае грамадзянства, таму маглі з’ехаць».

«Станаўленне да савецкіх рэаліяў і паводзіны рээмігрантаў у новых абставінах не былі аднолькавымі, піша ў кнізе «Беларусы ў Аргенціне» Сяргей Шабельцаў.

«Хтосьці імкнуўся вярнуцца назад у Аргенціну, хтосьці заставаўся жыць на тым месцы, куды прыехаў, хтосьці пераязджаў у Мінск ці Маскву, дзе жыццё было больш камфортным. Кіраўніцтва БССР сачыла за перасяленцамі з першых дзён іх знаходжання ў рэспубліцы, асабліва за тымі, хто звярнуўся з хадатайніцтвам аб вяртанні ў Лацінскую Амерыку. Урад СССР праводзіў мерапрыемствы па паляпшэнні жыцця рээмігрантаў, уладкоўваў іх на больш прыбытковую працу, а потомы сачыў за змяненнямі іх настрояў і стаўлення да савецкай рэчаіснасці».


На працягу трох гадоў Hrodna.life збірае гісторыі людзей, якія ў даваенны перыяд эмігравалі з Гродна. Іх нашчадкі час ад часу прыязджаюць у наш горад. Калі вы ведаеце нешта пра гісторыю сям'і Сімановічаў з Аргентыны — звяжыцеся з рэдакцыяй па email info@hrodna.life.

Чытайце таксама:

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.