З сярэдзіны XIX стагоддзя, калі ў Еўропе ўспыхнулі рэвалюцыі, тысячы яўрэяў у пошуках новага жыцця пачалі эміграваць за акіян. У ліку тых, хто пакінуў свой дом, быў і рабін з Гродна Мардэхай Сінай. Праз 123 гады яго праўнук Хаўер прыехаў у Беларусь, каб пазнаёміцца з радзімай продка, а таксама расказаць гісторыю гродзенскіх яўрэяў, якія пасяліліся ў Аргенцiне.

Хаўер прыляцеў у Мінск па бязвізавым рэжыме, адтуль прыехаў у Гродна. Малады аргенцiнскі журналіст — першы з нашчадкаў Мардэхая, хто ступіў на гродзенскую зямлю.

Кім быў Мардэхай Сінай?

Мардэхай нарадзіўся ў 1850 годзе ў Аўгустове, але пасля смерці бацькоў дзядзька перадаў трохгадовага хлопчыка сваякам па прозвішчы Скідзельскія ў Гродна. Тут Мардэхай жыў некалькі гадоў, а пасля багаты гродзенец Абрам Фрумкін аплаціў яму вучобу ў ешыве ў Коўне. Адвучыўшся там Мардэхай на рабіна, хлопец вярнуўся ў Гродна. Ён прасоўваў у масы ідэі сіянізму.

Чаму менавіта Аргенціна?

Нашчадак Мардэхая Хаўер прыехаў у Гродна не толькі каб прайсціся па старых вулачках, дзе калісьці гулялі яго продкі, але таксама знайсці адказы на хвалюючыя яго пытанні: чаму Мардэхай, які марыў пра яўрэйскую дзяржаву Ізраіль, паплыў у 1894 годзе з сям’ёй у Аргенцiну?

"Мой продак быў гродзенцам". Аргенцінскі журналіст прыехаў у Гродна - на радзіму прадзеда
Журналіст аргенцінскай газеты «La Nación» Хаўер Сінай прыехаў у Гродна, каб пазнаёміцца з Радзімай сваіх продкаў
«Адзінае месца ў Гродне, куды я мог звярнуцца cа сваiм пытаннем, гэта сінагога. На жаль, там няма інфармацыі аб тых далёкіх часах, калі жыў Мардэхай. У іх усё пераважна тычыцца гісторыі Халакосту. Але гродзенскія яўрэі мне паказалі старыя могілкі і пазнаёмілі з багатай гісторыяй горада. Гродна мне вельмі спадабаўся і я адчуваю, што ў гэтым горадзе ёсць нешта маё, роднае», — кажа Хаўер.

Масавае перасяленне яўрэяў з Расійскай імперыі ў Аргенціну пачалося ў канцы XIX стагоддзя. Караблі, якія адплывалі з сучаснай Латвіі, аплачвала арганізацыя, якую ўзначальваў французскі барон Морыс дэ Гірш. Першыя 130 сем’яў (крыху больш за 800 чалавек), якія прыбылі ў Аргенціну ў 1889 годзе, заснавалі сельскагаспадарчую калонію і гарадок Мойзэсвiль. Гродзенец Мардэхай Сінай са сваёй сям’ёй прыбыў туды ў 1894 годзе. Гродзенскі рабін быў старэйшым у сваёй групе, якая складалася з яўрэяў з Гродна, Вільні і іншых гарадоў.

Лідар паўстанцаў

«Мэтай перасяленцаў было новае жыццё на іншым кантыненце і магчымасць працаваць на зямлі. Пасля барон прадаваў людзям невялікія ўчасткі, за якія яны павінны былі выплачваць падатак каля 20 гадоў. Але была адна праблема — зямля ў тых краях аказалася не плённая. Яўрэі з Гродна і іншых гарадоў не маглі нічога вырошчваць і на гэтым зарабляць грошы», — паглыбляецца ў гісторыю Хаўер.

"Мой продак быў гродзенцам". Аргенцінскі журналіст прыехаў у Гродна - на радзіму прадзеда
Хаўер Сінай каля ўваходу ў былое гродзенскае гета. Менавіта там немцы трымалі тысячы мясцовых яўрэяў, якіх пасля адправілі ў лагера смерці.
З-за гэтага ў 1897 годзе ў Мойзэсвiлі пачалося яўрэйскае паўстанне супраць барона, які патрабаваў выплаты грошай за зямлю. Сярод 1200 пасяленцаў толькі палова падтрымала паўстанне, астатнія працягвалі працаваць. Пасяленцы выбралі трох чалавек, якія б узначальвалі паўстанне і прадстаўлялі іх інтарэсы. У ліку гэтых лідараў апынуўся і Мардэхай Сінай.

«Усе лідары пакляліся на Торы, што зробяць усё магчымае, каб вырашыць праблемныя пытанні. На савеце было вырашана, што яны адправяцца на перамовы ў Парыж да самога барона. Але пасля прыезду ў Францыю адбылося нечаканае — барон Морыс дэ Гірш памёр. Новы дырэктар сказаў, што ніякіх змен не будзе. Мардэхай з іншымі лідарамі вярнуўся ў Аргенціну і быў вымушаны пакінуць паселішча ў Мойзэсвiлі з-за няўдалых перамоваў у Парыжы. Разам з сям’ёй гродзенец пачаў вандраваць па розных яўрэйскіх паселішчах, а пазней пасяліўся ў Буэнас-Айрэсе, дзе памёр у 1918 годзе», — расказвае Хаўер.

"Мой продак быў гродзенцам". Аргенцінскі журналіст прыехаў у Гродна - на радзіму прадзеда
Здымак на тэлефоне арыгінальнага часопіса «Рэха Гродна», які выпускалі гродзенскія яўрэі ў Аргенцiне. Арыгіналы выдання журналiст прывёз у гродзенскую сінагогу.

«Рэха Гродна» ў Аргенціне

Сын Мардэхая, які ўжо раней перабраўся ў сталіцу Аргенціны, заснаваў там першы яўрэйскі часопіс. Ён рабіў яго з калегамі ўручную на лiтаграфным станку.

«Гэты сын і ў Гродне быў журналістам, а пасля працягнуў пісаць у Аргенцiне. Менавіта дзякуючы яму я сёння ведаю гісторыю сям'і і яўрэяў Гродзеншчыны. Пісалi спачатку на ідыш, але літарамі з іўрыту. Пасля з’явіўся часопіс „Рэха Гродна“, які доўгі час быў папулярны і выпускалі яго ажно да 1985 года».

Два арыгінальныя выпускі часопіса хлопец я перадаў у сінагогу ў якасці экспаната для Музея яўрэяў Гродзеншчыны. Ён спадзяецца, што так гродзенцы хоць трохі даведаюцца пра гродзенскі род Сінай з Аргенцiны i іншых тамтэйшых яўрэяў.