Да паездкі ў Гродна дзве блізкія сям'і з Аргентыны — Салніцкія і Кураш — пачалі рыхтавацца ў лістападзе мінулага года. Гродна для іх — асаблівае месца. Адсюль іх карані, тут цудам падчас вайны выжылі іх бацькі, якія пасля перабраліся за акіян. Перад далёкай дарогай аргентынцы вывучалі ўспаміны бацькоў, шукалі дакументацыю і старыя карты, каб знайсці патрэбныя дамы на гродзенскіх вуліцах. У першыя выходныя ліпеня яны нарэшце прыехалі на зямлю продкаў і ўбачылі горад, які не хацелі ўспамінаць іх бацькі.

У Гродна аргентынцы прыехалі толькі на два дні. За гэты час ім удалося выканаць задуманае: знайсці бацькоўскія дамы, а таксама пабываць не тэрыторыі былога гета. А яшчэ яны аддзячылі сям'і з вёскі Кукалі, якая дапамагала хавацца яўрэям-уцекачам. Каштоўным падарункам, які яны прывезлі ў Гродна, былі запісы ўспамінаў іх бацькоў, якія збіраў фонд «Шоа» Стывена Спілберга. Іх яны перадалі ў сінагогу і рэдакцыю Hrodna.life.

«Мама збегла да Бельскіх»

Хасэ Пяскоўскі шукаў дом сваёй маці ў раёне вуліц Вялікай Траецкай і 1-й Працоўнай, дзе да вайны быў габрэйскі квартал з маленькай вуліцай Таваровай (Towarowa).

«Мая мама, дачка Ефраіма Рахіль Кураш нарадзілася ў 1924 годзе ў Гродне і жыла на вуліцы Таваровай. Добра памятала жыццё ў горадзе, калі ён быў пад Польшчай. Тады яна часта на вуліцах падвяргалася абразам і знявагам. Калі ў 1939 годзе прыйшла савецкая ўлада, жыццё ў горадзе змянілася ў горшы бок, але мама сябе стала адчуваць больш свабодна, чым пры паляках.

«Мама забараняла ўзгадваць гэты горад». У Гродна прыехалі нашчадкі ўцекачоў з гета
Хасэ Пяскоўскі
У 1941 годзе прыйшлі немцы. Мама са сваёй сям’ёй, як і іншыя яўрэі Гродна, трапіла ў гета. Але ў адзін момант ёй удалося ўцячы, бо працавала на немцаў па-за гета. Бегла ў лес, адтуль і перабралася да яўрэйскага партызанскага атрада Бельскіх. Там пазнаёмілася з бацькам і яны пакахалі адзін аднаго. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе тата працягнуў ваяваць і быў сур’ёзна паранены. Мама тым часам вярнулася ў Гродна і нікога са сваякоў не знайшла — ад даваеннага жыцця нічога не засталося.


Уладзімір Макей і прадстаўнікі дарадцы Трампа адкрылі мемарыял уцекачам з гета ў Навагрудку


Пасля вайны мае бацькі дамовіліся пакінуць Гродна. Спачатку з’ехалі ў Паўднёвую Еўропу, а адтуль на караблі за акіян. У мамы застаўся сур’ёзны асадак пасля ўсіх падзей у Гродне, яна старалася больш ніколі не гаварыць на польскай мове і забараняла нам распытваць яе пра Гродна і тым больш туды ехаць. Яна не хацела вяртацца ў мінулае і калі прапанавалі запісаць яе ўспаміны, доўга не згаджалася, але мы яе вельмі папрасілі. Для яе гэта было цяжка".

«Мама забараняла ўзгадваць гэты горад». У Гродна прыехалі нашчадкі ўцекачоў з гета
Сямейнае фота з Гродна. З архіву сям'і Кураш.

«Мама забараняла ўзгадваць гэты горад». У Гродна прыехалі нашчадкі ўцекачоў з гета
Гродзенскія фатаграфіі з архіва сям'і Кураш.

Хаваліся на могілках і ў добрых людзей

Сабрына Салніцкая са сваім бацькам Пабла шукалі дом сваёй гродзенскай сям'і на сучаснай вуліцы Васілька. У 1930-х гг яна насіла імя Рыдза Сміглага.

«Мая мама Пола Вініцкая нарадзілася ў 1925 годзе ў Гродне, — расказвае Пабла. — Жыла з двума сёстрамі, братам і бацькамі на сучаснай вуліцы Васілька, 29. Жылі добра і шчасліва, у яе бацькі была свая лесапільня ў Рыбніцы. Мама вучылася ў школе Каралевы Ядвігі. У досыць маладым узросце яна пазнаёмілася з бацькам Якабам Салніцкім, ён таксама быў гродзенцам. Тата жыў у яўрэйскім квартале, яго бацька быў рэлігійным, займаўся засолкай і продажам агуркоў».

Пабла распавядае, што з прыходам немцаў усе яўрэі Гродна патрапілі ў гета, у тым ліку і іх сям’я.

«Бацька меў магчымасць выйсці з гета, ён працаваў на нейкай мясной фабрыцы ў Гродне. Ён краў мяса і патроху праносіў у гета, каб пакарміць іншых. Калі ён мог, то выводзіў дзяцей на працу, тым самым ратаваў іх. Ён пакідаў малых у розных цэрквах, некаторыя з іх пасля мянялі веру. А хтосьці пасля вайны не забываў пра свае яўрэйскія карані і знаходзіў бацькоў.

У адзін дзень бацька ўзяў на працу свёкра і разам з ім збег. Спачатку хаваліся ў лесе, недалёка ад дзедавай лесапільні. Служачы хаваў іх у нейкім калодзежы. Другая частка сям'і - бабуля, мама і яе сястра таксама здолелі збегчы. Два тыдні хаваліся на могілках, а потым знайшоўся чалавек, які дапамог нашым жанчынам. Ён іх хаваў на гарышчы дома вядомай пісьменніцы. Каля года там яны прабылі. Потым сям’я ўз'ядналася і ўсе пяць чалавек хаваліся ў вёсцы, недалёка ад Гродна. Слушным рашэннем было падзяліцца".

«Мама забараняла ўзгадваць гэты горад». У Гродна прыехалі нашчадкі ўцекачоў з гета
Гродзенскія фатаграфіі з архіва сям'і Салніцкіх.

Эміграцыя за акіян

Пасля вызвалення бацькі Пабла вярнуліся ў Гродна, але іх сямейны дом быў заняты. Яго для іх вызвалілі, але сям’я прыняла рашэнне пакінуць горад.

«Вельмі шмат было страчана. Старога Гродна ўжо не было, яўрэі, што выжылі, разбягаліся па свеце. Казалі, што пасля вайны іх было крыху больш за сотню. І сёння нам цяжка зразумець, як нехта з гродзенскіх яўрэяў застаўся жыць у гэтым горадзе пасля такіх жахаў вайны.

Нашы бацькі спачатку з’ехалі ў Польшчу, а ўжо адтуль паплылі за акіян. Была праблема — Аргенціна не хацела пускаць яўрэяў да сябе пасля вайны. Але адной яўрэйскай арганізацыі ў Адэсе прадалі 50 тысяч нямецкіх пашпартоў і яны пакідалі Еўропу з падробленымі дакументамі. Была такая хітрая сістэма. І нашы бацькі ёй скарысталіся. Спачатку яны прыплылі ў Парагвай, там зрабілі новыя пашпарты. А ўжо пасля перабраліся ў Аргенціну".

Вяртанне ў Еўропу

Сем'і Кураш і Салніцкія, якія былі знаёмыя ў Гродне да вайны, сустрэліся ў Аргенціне і дапамагалі сабе. Агульнымі намаганнямі гродзенцы арганізавалі паспяховую фабрыку па пашыве абутку. Пра Гродна імкнуліся не ўспамінаць і ніхто не хацеў туды вяртацца.

«Але ў 1970-х нашым сем’ям прыйшлося ўсё ўспомніць. Дзядуля адправіўся ў Еўропу, каб сведчыць на судзе ў Кёльне супраць злачынстваў начальніка гродзенскага гета Курта Візэ. Гэты злачынец сядзеў увесь важны і прыгожа апрануты, і дзядулі хацелася забіць яго ўласнымі рукамі. На судзе ён успомніў усё зверствы ў гета і за яго межамі. Візэ ў выніку асудзілі. Але пасля гэтай цяжкай паездкі дзядуля памёр. Бацька вельмі перажываў і праз некалькі гадоў скончыў жыццё самагубствам.

«Мама забараняла ўзгадваць гэты горад». У Гродна прыехалі нашчадкі ўцекачоў з гета
Аргентынцы ў пошуках бацькоўскіх дамоў
Сваё падарожжа ў Гродна аргентынцы пачалі арганізоўваць яшчэ ў лістападзе 2018 года. Збіраліся дома і абмяркоўвалі моманты і будучыя пошукі. Цяпер яны выканалі задуманае.

«Мы прыехалі сюды, убачылі Гродна, дамы, дзе жылі нашы бацькі, тэрыторыю гета, людзей, якія дапамагалі ім ратавацца. Цяпер нарэшце ўсё склалася ў нашай гісторыі - мазаіка сабрана», — сказаў Пабла.


Да Другой сусветнай вайны ў Гродна жыло каля 29 000 яўрэяў, з іх да 1945 году выжыла каля 200 чалавек. Жыць у горад вярнуліся ўсяго некалькі дзясяткаў. Сёння ў Гродне жыве некалькі сотняў яўрэяў, але толькі адзінкі з іх могуць сказаць, што іх сваякі былі вязнямі гродзенскага гета.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life