У Навагрудку каля музея яўрэйскага супраціву ўрачыста адкрылі Мемарыяльны мур — помнік, прысвечаны ўцёкам яўрэяў у верасні 1943 года з Навагрудскага гета — людзі потым далучыліся да яўрэйскага партызанскага атрада братоў Бельскіх.

Фото: Екатерина Гордеева, TUT.BY

У мерапрыемстве прымаў удзел і міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей з сынам Арцёмам, піша tut.by. Для іх правялі экскурсію па Музеі яўрэйскага супраціву, паказалі рэчы партызан, знойдзеныя пры археалагічных раскопках. Стваральніца музея Тамара Вяршыцкая распавяла міністру, што экспазіцыя з’явілася дзякуючы былому вязню гета Джэку Кагану.

Фото: Екатерина Гордеева, TUT.BY

На адкрыццё помніка прыехалі таксама прадстаўнікі саветніка і зяця прэзыдэнта Трампа Джарэда Кушнера, амбасадарка Велікабрытаніі Фіёна Гіб, дзеці і ўнукі братоў Бельскіх, якія арганізавалі ў вайну яўрэйскі партызанскі атрад. Усяго на адкрыцці мура было 150 чалавек.

Фото: Екатерина Гордеева, TUT.BY

Міністр пагутарыў з прадстаўнікамі сям'і Кушнер. Хелена Кушнер распавяла міністру гісторыю выратаваньня сваёй сям'і: яе бацькі разам з іншымі вязьнямі Навагрудскага гета капалі тунэль, праз які і змаглі ўцячы. Прадстаўнікі яўрэйскіх абшчын Беларусі ў размове з Уладзімірам Макеем пашкадавалі, што пра гісторыю Навагрудскага гета мала хто ведае, пра гэты эпізод не распавядаюць у школах, і было б нядрэнна пра людзей, якія былі ўратаваныя дзякуючы тунэлю жыцця, зняць фільм. Уладзімір Макей пагадзіўся, што гэта нядрэнная ідэя, і распавёў, што і сам даведаўся аб яўрэйскім супраціве ў Навагрудку ўжо дарослым.

Фото: Екатерина Гордеева, TUT.BY

Да вайны ў Навагрудку пражывала больш за 6 тысяч яўрэяў. З гета выратаваліся 250 чалавек.