Доктар Нэльсан Хамершлак з бразільскага Сан-Паўлу шмат год марыў прыехаць у Гродна, адкуль родам яго бацька. У маі 2018 года, пасля паездкі ў Швецыю, у мужчыны выпаў рэальны шанец патрапіць на зямлю продкаў. Скарыстаўшыся бязвізавым рэжымам, Нэльсан са сваёй жонкай Ганнай прыехаў у Гродна і распавёў журналісту Hrodna.life гісторыю, як ягоны бацька Ізраіль у разгар Першай сусветнай вайны ўцёк з дому і апынуўся ў Паўднёвай Амерыцы.

Нэльсан першы з сям'і Хамершлак, хто прыехаў з-за акіяна ў Гродна. Апошні раз яго бацька быў тут у 1916 годзе, калі Еўропа была ахоплена Сусветнай вайной. Мужчына прыехаў у Гродна, каб даведацца, што магло насамрэч прымусіць маленькага Ізраіля пакінуць родны горад.

«Мой бацька Ізраіль нарадзіўся ў Гродне ў 1903 годзе. Калі яму было 13 гадоў ён збег ад бацькоў. Усё жыццё ён мне распавядаў, што зрабіў гэта з-за мачахі. Паводле яго слоў, ён адплыў з горада на лодцы, але я проста не ўяўляю, як ён мог гэта зрабіць. Магчыма, гэта быў чыйсьці карабель і ён там схаваўся, — разважае Нэльсан. — А калі ён апынуўся пасярод акіяна, яго выявілі. Высаджваць яўрэйскага хлапчука не было куды і яму далі працу: мыць падлогу цягам усяго падарожжа. Канчатковым прыпынкам карабля была сталіца Аргенціны — Буэнас-Айрэс».

З Аргенціны перабраўся ў Бразілію

Па прыездзе ў Аргенціну малады Ізраіль доўгі час бадзяўся. Вельмі часта яго будзіла паліцыя на вуліцах і вакзалах. Нэльсан кажа, што будзілі яго, як розных п’яных людзей.

«З часам бацьку дапамаглі добрыя людзі і навучылі фарбаваць сцены. Ён стаў маляром. Калі бацьку было 26 гадоў ён перабраўся ў Бразілію ў горад Сан-Паўлу і я нават не ведаю чаму. Там ён хадзіў у яўрэйскі клуб, пазнаёміўся з маёй мамай і закахаўся. Яны ажаніліся ў 1927 годзе. У мамы ж аўстрыйскія карані і яе бацька быў камуністам. Ён часта ў Бразіліі выступаў на вуліцах з лозунгамі. За гэта яго арыштоўвала паліцыя. А мой бацька Ізраіль хадзіў і забіраў яго з участка».

"Бацька ўцёк з Гродна ў 1916 годзе". Доктар з Бразіліі прыехаў знаёміцца з зямлёй продкаў
Нэльсан Хамершлак працуе доктарам у Бразіліі

30 гадоў таму сустрэўся са сваякамі

Нэльсан распавядае, што з цягам часу яго бацька дапамог перабрацца з Гродна ў Аргенціну свайму брату і сястры. Але ці падтрымліваў ён сувязь з бацькамі, мужчына так і не даведаўся.

«Мой дзядзька і цётка перабраліся праз акіян у 1920-х гадах. Атрымліваецца бацька неяк падтрымліваў сувязь з роднымі. Ці была ў яго размова з дзедам за вар’яцкі ўчынак, я нават і не ведаю. 30 гадоў таму мне ўдалося сустрэцца са сваімі сваякамі ў Аргенціне, але нешта даведацца мне так і не ўдалося. Сувязь у нас з часам абарвалася. А бацька памёр у 1986 годзе».

Зразумець і адчуць гэты горад

Гісторыя сям'і Хамершлак агорнутая таямніцамі, якія Нэльсан спрабуе разгадаць ужо не адзін год. У Гродне бразілец спадзяваўся знайсці адказы на некаторыя свае пытанні, але пакуль гэта праблематычна.

«Галоўная прычына чаму я ў Гродне — я не ведаю шматлікіх дэталяў з таго, як мае бацькі апынуліся ў Аргенціне. А пра свайго гродзенскага дзеда Юзэфа і бабулю Геню я практычна нічога не ведаю, а яны жылі і памерлі ў Гродне. Мы прыехалі сюды з жонкай, каб зразумець і адчуць гэты горад».

"Бацька ўцёк з Гродна ў 1916 годзе". Доктар з Бразіліі прыехаў знаёміцца з зямлёй продкаў
Дакумент выдадзены Ізраілю Хамершлаку ў 1927 годзе ў Аргенціне

Будуць шукаць адказы далей

Ізраіль свайму сыну Нэльсану пра Гродна распавядаў мала. Казаў, што не хадзіў у школу і яму выкладалі дома. Калі да яго прыходзілі настаўнікі, то магчыма, сям’я была не з бедных, думае Нэльсан. А можа і дзед яго вучыў.

«Усё жыццё я марыў пра паездку ў Гродна і вось гэта здарылася. Я шчаслівы, што трапіў на зямлю продкаў. Пачуцці мяне перапаўняюць і я разумею, што Гродна — гэта мой горад. Ёсць у мяне і невялікая расчараванасць — мы не знайшлі пакуль інфармацыі па сваяках. Для мяне важна было даведацца прычыну, па якой бацька пакінуў Гродна — мачыха ці ўсё ж такі Першая сусветная вайна. Будзем шукаць адказы на свае пытанні далей».

"Бацька ўцёк з Гродна ў 1916 годзе". Доктар з Бразіліі прыехаў знаёміцца з зямлёй продкаў