Самая знакамітая сямейная пара ў свеце ў лістападзе 2017 адзначыла 70-годдзе супольнага жыцця. Брытанская каралева Лізавета ІІ і яе муж прынц Філіп Маўнтбэтан адсвяткавалі тады юбілей у коле шматлікіх нашчадкаў. А маглі б і на бязвізавым Аўгустоўскім канале, бо з яго будаўніцтвам звязаны быў прапрадзед прынца Філіпа!

Як звязаныя Аўгустоўскі канал і спадкаемцы брытанскай кароны
70 годдзе шлюбу Лізаветы ІІ і Філіпа Маўнтбэтана
Філіп, сам ужо 96-гадовы дзядуля, толькі нядаўна выйшаў на афіцыйную пенсію і перастаў выконваць належныя прадстаўнічыя функцыі. Філіп увайшоў у гісторыю не толькі як бацька будучага брытанскага караля прынца Чарльза, але і як аўтар шматлікіх непаліткарэктных выказванняў. Напрыклад, жонцы нігерыйскага прэзідэнта, якая на сустрэчу з брытанскай каралевай апранула нацыянальны касцюм, ён сказаў: «Вы апрануліся так, быццам збіраецеся ісці спаць».

Але ж якая сувязь у мужа брытанскай каралевы з Гродзеншчынай, а дакладней кажучы, з Аўгустоўскім каналам?

Маўрыцый Гаўке: быў з Касцюшкам, прысягнуў Аляксандру, будаваў канал

Калі ў 1815 г. паўстала аўтаномнае ў складзе Расійскай Імперыі Царства Польскае, уладу ў ім атрымалі былыя напалеонаўскія генералы, якія прысягнулі на вернасць імператару Аляксандру І. Сярод іх быў і Маўрыцый Гаўке, спольшчаны саксонец, які гераічна змагаўся ў шэрагах арміі Тадэвуша Касцюшкі і цэлы год у 1813 г. абараняў ад рускіх крэпасць Замасць.

Як звязаныя Аўгустоўскі канал і спадкаемцы брытанскай кароны
Маурыцы Гаўке як напалеонаўскі афіцэр
У Царстве Польскім Гаўке кіраваў корпусам інжынераў і артылерыяй, а калі паўстаў план будовы Аўгустоўскага канала, то арганізаваць будаўніцтва даручылі менавіта яму. Гаўке спыніў свой выбар на маладым афіцэры Ігнацыі Прандзінскім, якога прызначыў праекціроўшчыкам канала.

Прандзінскі быццам нават сказаў Гаўке: «Я фартыфікатар і не ўмею будаваць каналы», на што атрымаў адказ ад Гаўке: «Я не магу ўстаць перал расійскім імператарам і сказаць, што ў Польшчы няма ніводнага афіцэра, які б не мог запраектаваць нейкі канал».

Застрэлілі ўласныя салдаты

У выніку канал пабудавалі, некаторыя будаўнічыя матэрыялы дастаўлялі нават з асабістага маёнтка генерала Гаўке. Аднак лёс генерала склаўся трагічна.

У лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося антырасійскае паўстанне. Гаўке, які тады ўжо быў вайсковым міністрам, добра ўведамляў на што ідуць паўстанцы, і паехаў іх супакойваць.

На заклікі салдат: «Генерал, вядзі нас у бой» ён запрапанаваў ім вярнуцца ў казармы. Салдаты далі ў генерала залп, пацэліўшы ў яго аж 19 разоў. Гаўке сканаў на месцы.

Як паўстала дынастыя Батэнбергаў

Пасля разгрому паўстання, у якім, дарэчы, прынялі ўдзел тры сыны Гаўке, Мікалай І распарадзіўся паставіць у Варшаве помнік генералам, забітым паўстанцамі. Адзін з львоў на помніку сімвалізаваў акурат Маўрыцыя Гаўке, які быў не столькі прыхільнікам расійскага імператара, колькі не хацеў, каб любімая ім краіна заглыбілася ў чарговую крывавую завіруху.

Як звязаныя Аўгустоўскі канал і спадкаемцы брытанскай кароны
Адзін з львоў на гэтым помніку сімвалізаваў Маўрыцыя Гаўке
Дзвюх асірацелых дачок генерала (а жонку Гаўке паўстанцы таксама забілі) ўзяла на выхаванне жонка Мікалая І Аляксандра. Дзяўчынкі выраслі сімпатычныя і ўвесць час былі пры двары ў якасці фрэйлін.
Як звязаныя Аўгустоўскі канал і спадкаемцы брытанскай кароны
Юлія Гаўке і Аляксандр Гесэнскі пражылі доўгае жыццё
Адна з сясцёр, Юлія Гаўке, трапіла на вочы Аляксандру Гесэн-Дармштацкаму, роднаму брату жонкі будучага расійскага імператара Аляксандра ІІ. Праз нейкі час Юлія зацяжарыла. У такіх выпадках фрэйліну, як правіла, выдавалі замуж за якога-небудзь афіцэра, але князь Аляксандр Гесэн-Дармштацкі вырашыў ажаніцца са сваёй каханай, што было абсалютна незвычайна і ў Расіі бадай немагчыма.

Яны разам уцякаюць з Расіі ў Аўстрыю, дзе доўга жывуць у горадзе Батэнбергу і нараджаюць пецярых дзяцей. Ад іх, Аляксандра і Юліі, пачалася дынастыя Батэнбергаў, адзін з прадстаўнікоў якой нават стаў князем Балгарыі.

З Батэнбергаў у Маўнтбатэны

Напярэдадні Першай сусветнай вайны некаторыя з Батэнбергаў перабраліся ў Вялікабрытанію, дзе краінай кіравалі іх сваякі з Гесэнскай дынастыі. Адзін з унукаў Юліі і Аляксандра Луіс Маўнтбатэн стаў брытанскім адміралам і апошнім віцэ-каралём Індыі пры якім гэтая краіна атрымала незалежнасць.

Як звязаныя Аўгустоўскі канал і спадкаемцы брытанскай кароны
Луіс Маўнтбатэн, праўнук генерала Гаўке, загінуў ад рук ІРА у 1979 г.
У 1917 г. Батэнбергі перайменаваліся ў Маўнтбатэнаў, таксама як і Гесэны сталі Віндзарамі. Не да гонару было насіць англійскім дынастыям нямецкія прозвішчы.

Кажуць, што менавіта Луіс Маўнтбатэн пазнаёміў брытанскую прынцэсу Лізавету са сваім пляменнікам Філіпам, прапраўнукам будаўніка Аўгустоўскага канала, польска-саксонска-французска-расійскага генерала Маўрыцыя Гаўке.

Кроў Гаўке ў венах Віндзараў

Філіп і Лізавета пажаніліся ў 1947 г., праўда, на вянчанне не былі запрошаныя цёткі Філіпа, паколькі іх мужы змагаліся ў гады Другой Сусветнай вайны на баку Германіі. Ды і Філіпу прыйшлося ўзяць дзявочае празвішча сваёй маці - Маўнтбатэн.

Як звязаныя Аўгустоўскі канал і спадкаемцы брытанскай кароны
Заручыны і шлюб прынцэсы Лізаветы і Філіпа Мантбатэна
Менавіта таму цяпер спадкаемцы брытанскага трона носяць падвойнае прозвішча Віндзар-Маўнтбатэн, хаця ў іх венах таксама цячэ кроў генерала Маўрыцыя Гаўке.

Як звязаныя Аўгустоўскі канал і спадкаемцы брытанскай кароны