Змяніліся маршруты, зменшылася колькасць рэйсаў, павялічыўся час у дарозе і выраслі цэны білетаў - вось вынік закрыцця з 1 сакавіка пункта пропуску «Райгардас» — «Прывалка». Якія варыянты дабрацца з Гродна ў суседнія гарады Польшчы і Літвы засталіся? Hrodna.life даведаўся, як планаваць маршрут з улікам змен.

Як цяпер даехаць з Гродна ў Беласток, Варшаву і Вільню: рэйсаў стала ў разы меней

Закрыццё «Прывалкі» прымусіла перавозчыкаў пераарыентавацца на пункты пропуска «Беняконі» і «Брэст». Некаторыя рэйсы, якія заязджалі ў Гродна па дарозе, больш праз яго не едуць. Прамых рэйсаў з Гродна ў Беласток стала менш — некаторыя пасля Брэста ідуць адразу ў Варшаву.

З Гродна ў Беласток зараз ездзяць перавозчыкі Jaćwing, «Гродно Экспресс» (або іх польскі аналаг «Białystok Express»), DND Group (рэйс Мінск — Варшава), SG BUS (білеты прадаюць Gaja Express і Трансагенцтва «Фаварыт»), «Зэт» і некалькі індывідуальных прадпрымальнікаў. Большасць рэйсаў ідзе праз Брэст. У залежнасці ад дня можа быць да шасці ці нават васьмі рэйсаў.

Пры гэтым раней у аднаго толькі перавозчыка «Гродно Экспресс» («Białystok Express») было сем рэйсаў у Беласток у суткі - усе ішлі праз Прывалку. Цяпер, з 4 сакавіка, у гэтага перавозчыка толькі адзін рэйс — праз Брэст з пазнакай «у тэставым рэжыме». У фірмы «Зэт» былі тры рэйсы ў Беласток у суткі - зараз застаўся адзін — у той бок аўтобус ідзе праз Літву, а вяртаецца праз Брэст.

Некаторыя перавозчыкі пераарыентаваліся. «Інтакс», які раней меў некалькі рэйсаў у дзень у Беласток, цяпер ездзіць толькі ў Вільню — тры рэйсы ў дзень.

Чытайце таксама: «Жалезная заслона» апусцілася пад Гродна: што нясе закрыццё межаў беларускай эканоміцы і грамадству

А вось рэйс Трансагенцтва «Фаварыт» у Вільню, які пасля змен 1 сакавіка без праблем праязджаў мяжу, з 18 сакавіка больш не ездзіць. Літоўскі бок перастаў прапускаць гэты маршрут, не даўшы фірме дазволу на выконванне рэгулярных рэйсаў. Вядома, што дазволы на рэгулярныя рэйсы па змененых маршрутах зараз не могуць атрымаць і некаторыя польскія фірмы. Ёсць складанасці з узгадненнем новых рэгулярных рэйсаў праз Брэст і з беларускага боку.

За год — рост у два разы. Як змяніліся цэны білетаў з Гродна ў Беласток, Варшаву і Вільню

Білеты на рэйсы з Гродна ў Беласток і Варшаву каштуюць зараз аднолькава — 120 рублёў. На некаторых агрэгатарах яны могуць быць крыху даражэйшымі за кошт камісіі.

Цэны раслі паступова цягам года. У лютым 2023 года набыць білеты з Гродна ў Беласток можна было за 60 рублёў. Пасля закрыцця пункта пропуска «Баброўнікі» цэны падняліся да 80 рублёў. Далей сума паступова расла: у студзені 2024 білет каштаваў 90 рублёў, пазней паднялася да 100 рублёў. У выніку крыху больш чым за год квіткі на гэты рэйс падаражэлі ў два разы.

Аналагічная сітуацыя і з маршрутам Гродна — Варшава: раней квіток на такі рэйс каштаваў каля 75 рублёў, восенню 2023 — 100 рублёў, а ў лютым 2024 — за месяц да закрыцця «Прывалкі» — 120 рублёў. Такая цана захоўваецца і зараз.

У Друскенікі яшчэ год таму можна было даехаць з Гродна за 35 рублёў. Пазней цэны выраслі да 40 рублёў. Цяпер рэйсаў з Гродна ў Друскенікі няма наогул — ехаць трэба з перасадкай у Вільні. Паездка з Гродна ў Вільню каштавала летась 70 рублёў, а цяпер — 100.

Які варыянт лепш абраць, колькі можа заняць дарога і пра што трэба памятаць

Галоўнае ў выбары маршрута — не арыентавацца на час, пададзены ў аператара продажу білетаў. На «Атласе» і іншых сэрвісах час у дарозе паміж Гроднам і Беластокам можа быць дагэтуль пазначаны, быццам адкрытыя «Кузніца» і «Баброўнікі» — каля дзвюх гадзін. У рэальнасці дарога займае нашмат больш часу.

Найбольш прывабным варыянтам застаецца пункт пропуску «Брэст» — «Цяраспаль», які за суткі здольны прапусціць да 1700 легкавых машын.

Удзельнікі Telegram-чата «ГраницаBY Беларусь-ЕС» адзначаюць, што ў сярэднім праходжанне мяжы на пункце «Брэст» — «Цяраспаль» займае каля чатырох гадзін.

Аўтобус можа праходзіць мяжу даўжэй: у залежнасці ад сітуацыі на мяжы — ад 4 да 10 гадзін. Паводле паведамлення адной з удзельніц чата, на зваротнай дарозе з Польшчы ў Беларусь праходжанне мяжы заняло 8,5 гадзін, з іх дзве гадзіны заняло чаканне людзей, якіх на беларускай мяжы забралі на допыты і асабісты дагляд.

Для аўтобусаў і маршрутак працуюць дзве асобныя чэргі: для рэйсавых і турыстычных. Чаканне ў іх можа істотна адрознівацца. Напрыклад, рэйс SG BUS з Гродна ў Беласток ідзе як турыстычны, бо не атрымаў дазвол на рэйс — і чаканне ў чарзе ў найгоршым выпадку можа скласці нават суткі. Справа ў тым, што звычайна прапускаюць тры рэйсавыя аўтобусы запар і толькі пасля адзін турыстычны. Перад пакупкай білета на канкрэтны рэйс праз Брэст варта спраўдзіць у перавозчыка, ці лічыцца ён рэйсавым ці турыстычным.

Прапускная здольнасць легкавых аўто ў літоўскіх пунктах ніжэйшая. «Беняконі» — «Шальчынінкай» прапускае да 390 аўто ў суткі, «Каменны лог» — «Мядзінінкай» — да 600.

Хуткасць праходжання мяжы залежыць ад некалькіх фактараў. Як адзначаюць удзельнікі Telegram-чата, найбольш выгадны перыяд — раніца ў буднія дні. У такіх выпадках мяжу можна прайсці нават за паўтары-дзве гадзіны.

У пятніцу і выхадныя сітуацыя напружваецца, некаторыя з удзельнікаў чата паведамляюць аб 15−20 гадзінах, праведзеных у прапускных пунктах.