Гульнявы клуб, крама цукерак і “Каўбасны буцік” прадаюцца ў Гродне. Таксама можна памяняць аўто на кебабную ў цэнтры горада. Hrodna.life паглядзеў, які гатовы бізнес прадаюць у Гродне і колькі ён каштуе.

“Шэф-кебаб” гатовыя памяняць на аўто

На вуліцы Савецкай, 7 за дагаворную цану прадаюць “Шэф-кебаб”. Бізнес прапануюць адразу з рамонтам, абсталяваннем, лагатыпам і штатам супрацоўнікам.

Як варыянт, уладальнік гатовы абмяняць бізнес на аўто з даплатай у абодва бакі. 

Міні-кафэ на “Юбілейцы”

На Юбілейным возеры прадаюць два гатовыя міні-кафэ. Побач размяшчаецца пляж, прыпынак грамадскага транспарту і стаянка. Туды праведзена электрычнасць, водазабеспячэнне і каналізацыя. 

Мяняюць кебабную на аўто: які гатовы бізнес можна набыць у Гродне?
Міні-кафэ на Юбілейным возеры. Крыніца: kufar.by

Паводле ўладальнікаў, у кафэ ёсць усё неабходнае: паверхня для смажання, лядоўні, сталы, фрыцюрніца – усё ў працоўным стане. Таксама аформлены дамовы з пастаўнікамі.

Цана дагаворная.

Кветкавыя крамы

У гандлёвым цэнтры прадаюць кветкавую краму, якая працуе з 2020 года. Паводле ўладальнікаў – адзіная кветкавая крама на вялікі жылы раён. Бізнес прадаюць разам з халадзільным абсталяваннем, мэбляй, тэхнікай і часткай тавара. Цана дагаворная.

Выглядае на тое, што гэта крама Topflowers.by (яна ж “Про Букет”) на Суворава, 308.

Яшчэ адну кветкавую краму прадаюць за 16 тыс. рублёў. Яна працуе з 2015 года і паводле апісання, мае добрую кліенцкую базу. У бізнесу нізкая арэнда і ёсць сайт. У самой краме ўсталявана новая лядоўня. 

Студыя прыгажосці

У гандлёвым цэнтры Kazarma Mall прадаюць студыю прыгажосці плошчай 36 кв.м. У бізнесу ёсць аформленая старонка ў Instagram, дзе больш за 1800 падпісчыкаў, а таксама база кліентаў на больш чым 1800 чалавек.

У студыю ёсць магчымасць правесці ваду. Камуналка ў месяц каля 1100 рублёў. Ёсць усё абсталяванне для функцыявання студыі: фатэлі, лямпы, відэасвятло, вешалкі, шафы для матэрыялаў, рэсэпшн, падстаўкі. У памяшканні студыі можна праводзіць мерапрыемствы да 45 чалавек. 

Мяняюць кебабную на аўто: які гатовы бізнес можна набыць у Гродне?
Студыя прыгажосці. Крыніца: kufar.by

Цана бізнесу – 42 тыс. рублёў. У гэтую суму закладзена асабістае суправаджэнне ўладальнікаў студыі на працягу месяца. Яны ўвядуць у кантэкст бізнесу, каманднай працы, маркетынгу, а таксама стратэгіі павелічэння абароту штомесяц. 

Студыя касметалогіі

Побач з гандлёвым цэнтрам OldCity прадаюць студыю касметалогіі і эпіляцыі. Яе цана – 35 тыс. рублёў.

У памяшканні ёсць мэбля, гідраўлічная кушэтка, касметалагічныя апараты, касметыка, расходнікі, тэрмінал, профіль у Instagram, праграма анлайн-запісу з базай кліентаў, а таксама брэндаванне бізнесу. 

Пункты выдачы заказаў OZON 

На вуліцы Белыя Росы, 77 за 9000 рублёў прадаюць пункт выдачы заказаў OZON. Штомесячная арэнда памяшкання – 1200 рублёў. Паводле апісання, у гэтым месцы нізкая камуналка, абароты растуць штомесяц і “зусім хутка стабільна будзе ў плюс”.

Яшчэ адну кропку выдачы заказаў прадаюць на вуліцы Суворава. Гэта кропка танней на 1,5 тысячы рублёў — 7500. Штомесячная арэнда памяшкання – 475 рублёў.

Каўбасны буцік

Краму мясных вырабаў “Каўбасны буцік” плошчай 45 кв.м. прадаюць за 51 тыс. рублёў.  У будынку тры памяшканні: гандлёвая зала, халадзільная камера і офіснае памяшканне з пераапранальняй. 

У краме ўсталявана новае халадзільнае абсталяванне і сістэма кандыцыянавання з летнім і зімнім рэжымамі працы. Ёсць новы бойлер і сантэхніка, мэбля і абсталяванне. 

Мяняюць кебабную на аўто: які гатовы бізнес можна набыць у Гродне?
Каўбасны буцік. Крыніца: kufar.by

У краму штодзённа прывозяць прадукцыю з кааператываў “Абухава” і “Капцёўка”. Бізнес прадаюць пад ключ з захаваннем персаналу і без перапынку ў працоўным працэсе. 

Крама цукерак “Спартак”

У цэнтры Гродна на плошчы Савецкай 2А за 16 тыс. рублёў (цана “без тавару”) прадаюць краму, якая працуе па франшызе фабрыкі “Спартак”. Памяшканне плошчай 44 кв.м арэнднае – стаўка €20 за квадрат.

Мяняюць кебабную на аўто: які гатовы бізнес можна набыць у Гродне?
Крама “Спартак”. Крыніца: kufar.by

Крама працуе са студзеня 2023 года. У памяшканні зрабілі рамонт, набылі новую мэблю. У краме працуюць два прадаўцы. З красавіка 2024 года крама пачала выходзіць на прыбытак, напісана ў апісанні.

Гульнявы клуб

У мікрараёне Альшанка прадаюць гульнявы клуб за 26 тыс. рублёў. Ён працуе з 1 лютага 2024 года. 

У клубе:

  • чатыры прыстаўкі Play Station 5;
  • чатыры тэлевізары з дыяганаллю 55 цаляў;
  • восем бесправадных геймпадаў;
  • восем крэсла-мяхоў;
  • гульні на дысках.

Студыя адбельвання зубоў

На вуліцы Шчорса, 11Б прадаюць студыю адбельвання зубоў Smile Bar. Цана бізнесу – 29 тыс. рублёў. 

У памяшканні плошчай 16 кв.м. зрабілі рамонт, таксама ёсць новая тэхніка і мэбля. Паводле апісання, сярэдні чэк за дзень 250-350 рублёў, а сам бізнес прыбытковы і не патрабуе шмат часу. У бізнесу ёсць свой таргетолаг і сторымэйкер, а таксама старонка ў Instagram.