Гродна-Парыж. Гродзенец вучыцца ў GOBELINS і марыць адкрыць у Беларусі школу анімацыі

Ці магчыма беларусу зрабіць у Парыжы кар’еру рэжысёра-мультыплікатара? Ці можа і, галоўнае, ці хоча ён пасля адкрываць сваю школу анімацыі ў Беларусі? Чаго не хапае ў нашай краіне для паўнавартаснага развіцця індустрыі мультфільмаў на ўзроўні Disney і Pixar? Высветляў budzma.by. 

Эдвард Курчэўскі нарадзіўся і вырас ў Гродне, але ў 17 гадоў з’ехаў вучыцца ў Польшчу – у кінашколу ў Лодзі. Пасля вырашыў, што “гэтага мала”, і перабраўся ў Парыж: тут ён жыве і вучыцца ўжо тры гады ў адной з найлепшых анімацыйных школ у свеце – GOBELINS L’école de l’image.

Сёння 26-гадовы хлопец акрамя самастойнага развіцця гатовы дзяліцца сваімі ведамі і з іншымі. А вось ці патрэбныя ягоныя веды і талент у Беларусі?

Пра свой шлях да мары расказвае сам Эдвард.

OORC5481.JPG

“Польская кінашкола для мяне была як Хогвартс”

Ці былі ў мяне праблемы з мовай? Былі. Паўсюдна (смяецца). Польскую я вучыў на курсах “Палонікі” пры амбасадзе ў Гродне, але не ведаў слэнгу, не было досведу ўвесь час гутарыць па-польску. Мне гэта было патрэбна, бо я любіў сваю вучобу і месца, дзе знаходжуся. Польская кінашкола для мяне была як Хогвартс з “Гары Потара”: бегаюць людзі з камерамі, акторы рэпетуюць адразу на вуліцы, поўная свабода!

У галаве круцілася: “Гэтага мала!”

Год за годам, крок за крокам і веды з’яўляліся, і мова рабілася лепшай – проста адчуваў сябе больш упэўнена. Але ўвесь час у галаве круцілася: “Гэтага мала!” Таму пасля чатырох курсаў вырашыў паступаць у Парыж, у GOBELINS L’école de l’image. Гэта адна з найлепшых анімацыйных школ у свеце. Калі маеш мэту, якую сабе паставіў, трэба ўвесь час думаць, як быць найбольш прадуктыўным, ды ісці да яе простым шляхам, а не вакольнымі сцежкамі.

Вучыўся на анлайн-курсах і цяпер там выкладаю

Паралельна вучобе ў Польшчы я шукаў сабе яшчэ ментара па-за межамі школы: такім настаўнікам стала Надзя Міра, дзяўчына з Расіі, якая раней скончыла GOBELINS L’école de l’image, а пасля стварыла анлайн-курсы. Мяне гэта вельмі натхняла. Трапіўшы на гэтыя курсы, праз пяць месяцаў вучобы я атрымаў з іх больш, чым за гады навучання ў Лодзі.

Цяпер я вучуся на трэцім курсе GOBELINS і ўжо два гады таксама выкладаю анімацыю ў 2D у анлайн-школе Animationschool.ru. Вучу людзей, як ствараць жыццё на экране. Таксама маю паблік у “Вконтакте”, дзе дзялюся вопытам і працамі, якія выконваў цягам апошніх месяцаў. На старонцы ў Vimeo можна зірнуць на ўжо скончаныя працы, а ў Instagram – на моманты з працэсу стварэння мультфільмаў.

“Зранку ўключаў французскае радыё, перад сном – выключаў”

Яшчэ ў Лодзі пачаў шукаць, дзе вучаць французскай мове. Калі знайшоў, то хацеў праз 7 месяцаў атрымаць сертыфікат В1 (калі можаш падтрымліваць размову на розныя тэмы). Мне не падыходзіла: патрэбныя былі вялікія грошы, ды і заняткі тры разы на тыдзень… Знайшоў жанчыну-рэпетытара, з якой мог дамаўляцца, калі мне было зручна. Зранку ўключаў сабе французскае радыё, калі спаць клаўся – выключаў… Неістотна, ці ўсё я разумеў, галоўнае было занурыць галаву ў мову. У выніку праз 7 месяцаў я ўсё ж здаў на сертыфікат!

“Праз боль і неразуменне…”

Таксама я валодаю ангельскай мовай, але наўмысна не карыстаўся ёй у Францыі, бо менавіта французская мелася быць мовай майго навучання. Праз боль і неразуменне трэба было ісці наперад: казаў людзям, каб паўтаралі фразу па 3-4 разы, на пальцах паказвалі мне. Нічога я не разумеў, але мне хацелася разумець!

“Я выбраў Еўропу, а не Маскву”

Не лічу эміграцыю катастрофай. Гэта нармальна – паехаць за мяжу ў пошуках ведаў, туды, дзе людзі могуць і хочуць нешта даць. Нешта такое, чаго не знойдзеш у Гродне ці Мінску. Ёсць беларуская Акадэмія мастацтваў, але, на жаль, усе найбольш таленавітыя мастакі, якія практыкуюць анімацыю і зарабляюць на гэтым грошы, таксама з’язджаюць. Бо выкладаць за капейкі ніхто не хоча. Таму нашы едуць у Маскву ці на Захад. Я выбраў Еўропу – гэта мой культурны і цывілізацыйны выбар.

Фото 16.10.2018, 10 25 43.jpg

“Няма свабоды – няма мастацтва”

Калі яшчэ вучыўся ў Польшчы, думаў з часам адкрыць школу анімацыі ў Беларусі. Праз гадкоў 20 гэта будзе магчыма. Чаму не раней? Няма свабоды, каб усё атрымалася, знойдуцца людзі, якія будуць ставіць палкі ў колы, кантраляваць ды ўказваць. А мастацтва – гэта свабода. Няма свабоды – няма мастацтва. Інакш людзі не могуць размаўляць на поўны голас, ствараць тое, што іх хвалюе.

“Хто пагодзіцца памяняць Парыж на Мінск?”

Хто найлепшы ў свеце ў плане анімацыі? Гэта ЗША (Disney, Pixar, Dreamworks etc), Японія і Францыя – тры краіны. У Беларусі людзі вельмі таленавітыя, але адукацыі ў анімацыі вельмі мала. Я надалей хацеў бы падтрымліваць беларусаў у развіцці айчыннай анімацыі. Але каб гэта зрабіць, патрэбныя грошы, лакацыя і кадры. І акурат тут пачынаюцца складанасці…

Напрыклад, я маю грошы і лакацыю, нават дамовіўся з мясцовай адміністрацыяй, а дзе ўзяць кадры? У Францыі штогод выпускаецца безліч таленавітых у анімацыі студэнтаў, а ў Беларусі? Напрыклад, я буду запрашаць выкладчыкаў з Еўропы, але гэта і лагістыка, і яшчэ большыя грошы. А яшчэ пытанне матывацыі: ці пагодзіцца чалавек прамяняць Парыж на Мінск ці Гродна? І тут пытанне таксама ў развіцці нашых гарадоў, камфорце і свабодзе.

“У Беларусі акцэнт па-ранейшаму робіцца на фабрыкі і заводы”

Мяркую, што сітуацыя – сацыяльная і палітычная – мае спрыяць таму, каб людзі прыязджалі ды адчувалі сябе камфортна. Зразумела, я бачу і пазітыўныя змены: у Гродне больш турыстаў, адкрываюцца новыя кавярні, нават петыцыі патроху змяняюць гарадскую прастору. Разам з тым мала жывой музыкі, крэатыўных і творчых людзей на вуліцах. У Беларусі, на жаль, акцэнт па-ранейшаму робяць не на творчасці, а на фабрыках і заводах, але гэта ўжо аджыло. Беларусам варта было б цвяроза і аб’ектыўна паглядзець на рэаліі ХХІ ст. і – змяняцца.

“Бацькі хацелі, каб я вярнуўся… Але я вырашыў”

Зразумела, бацькі хацелі, каб я вучыўся за мяжой, але з тым, каб пасля вярнуўся. Ніхто ж не хоча, каб дзеці жылі недзе далёка-далёка. Пазней яны зразумелі, што я сам абіраю сваё месца і мне так будзе лепей. Я ў жыцці імкнуся рабіць тое, што хачу: вырашыў і зрабіў. З перспектывы 9 гадоў, якія я пражыў за мяжой, адчуваю, што гэта быў на 100% правільны выбар. Мой дом? У Гродне. Але калі шчыра, цяпер я адчуваю тут сябе крыху турыстам.

Фото 21.10.2018, 17 13 09.jpg

“Патомны парыжанін” гучыць нават неяк… бедна”

Сярод тых, з кім я камунікую ў Парыжы, ніхто не карыстаецца кляймом “мігрант”, а я сам заўжды выбіраю і фільтрую сваю сферу кантактаў. Бывае нават, што збіраемся кампаніяй нейкай, кожны распавядае пра свой няпросты шлях: як прыехаў, як вучыўся, як зарабляў, як шукаў зачэпкі… І нехта аказваецца патомным парыжанінам: тут нарадзіўся – вырас – жыве. Ведаеце, і гэта гучыць нават неяк… бедна. Жарт, канечне, але тым не менш. Бо ягоная гісторыя – гэта інерцыя. А наша – гэта рух і дынаміка. І таму мы маем большы патэнцыял.

Гродна-Парыж. Гродзенец вучыцца ў GOBELINS і марыць адкрыць у Беларусі школу анімацыі

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: