Тры гады таму Воля і Жэня Рамашовы — рабяты з Гродна — запусцілі ў Парыжы прадакшан Kinoproby. За гэты час ім удалося нарабіць шуму хуліганскімі відэа ў парыжскім метро, папрацаваць з сусветнымі брэндамі ўзроўню Adidas, The Attico, Zalando і сабраць вакол сябе інста-аўдыторыю ў 200К. Анлайн-часопіс 34mag.net пагаварыў са стваральнікамі «Кінапроб» і з іх кампазітарам Эмілем Зянько пра тое, адкуль бяруцца мільёны праглядаў, і пра тое, як не адчуваць сябе лайном у Парыжы.

Тэлепорт у Парыж з-за прылаўка з шакаладнымі зайцамі

Воля: Ідэя аб пераездзе з Беларусі прыйшла даўно. Мы з Жэнем думалі пра розныя кірункі, але ў нейкі момант наш сябар Дзіма з Парыжа прапанаваў Жэню працу на будоўлі і магчымасць пажыць у яго першы час. Тады гэта здавалася проста цікавай прапановай, але цяпер мы разумеем, што гэтая была тая самая выпадковасць, якая дапамагла знайсці нашу дарогу.

Жэня: Мы ніколі не разглядалі Парыж — ён здаваўся максімальна клішэйным, больш хацелася ў Берлін, дзе заўсёды быў круты андэграўндны рух. Але змена абстаноўкі, прапанова па працы і разуменне таго, што сітуацыя з артам там дакладна больш бадзёрая, чым у РБ, — чаму не? І вось я ўжо фарбую сцены ў кватэры з вокнамі на Сену і Эйфелевай вежай за вуглом.

Эміль: Я планаваў пераезд, збіраўся ў Германію: Дзюсельдорф, Кёльн, Берлін. Але ў Нямеччыне я бачыў праблему з легалізацыяй, з жыллём, а ў Парыжы рабяты — так я там і апынуўся.

«Мы пераскоквалі праз турнікеты ў метро і ўцякалі ад кантралёраў, каб не плаціць за праезд»

— Чым вы займаліся да пераезду ў Францыю?

Воля: Я працавала ў рэкламным агенцтве, часам пісала крытычныя артыкулы пра кіно і беларускі перформанс, а апошняя мая праца была вельмі авангарднай: я прадавала шакаладных зайцоў у павільёне ChocoArt. Выдатны варыянт «пад прыкрыццём»: з добрым графікам і магчымасцю падрыхтоўкі дакументаў для тэлепартацыі з-за гэтага прылаўка.

Жэня: Я працаваў дызайнерам, паралельна робячы выставы і відэаарт, часцей за ўсё з Эмілем. Аднойчы мы знялі відэа аб праблеме выставачнай прасторы і гледача ў РБ — спалілі на камеру свае акадэмічныя працы. Той ролік «Масленіца» спярша трапіў на фестываль artvideoKOELN, потым — у Torrance Аrt Museum у LA. У Амерыку мы тады не паляцелі, але відэа там круцілася доўга, а пасля дабралася да Індыі.

Эміль: У мяне бацька — музыка, і, калі я паведаміў, што хачу стаць музыкам, ён сказаў: «Сынка, гэта наогул не корміць, выбірай любую прафесію, музыкам ты і без гэтага станеш, калі захочаш». І я, бл*дзь, стаў мастаком! На музыку мяне потым сабралі рабяты.

— Якім быў першы час пасля пераезду? Цяжка было адаптавацца?

Воля: Жэня шмат працаваў на будоўлі, а па вечарах пісаў жывапіс. Я ўвесь час спрабавала кудысьці ўладкавацца, але без дакументаў і французскай мовы можна было рабіць кар’еру толькі прыбіральшчыцы або бэбісітаркі.

Парыж забіраў усе грошы. Доўгі час мы пераскоквалі праз турнікеты ў метро і ўцякалі ад кантралёраў, каб не плаціць за праезд. Але нягледзячы ні на што мы былі зачараваныя гэтым горадам і людзьмі, якіх там сустракалі.

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы
Бэкстэйдж са здымак Adidas «Дурны ўплыў»
Жэня: Для мяне пераезд выклікаў сумленны дыялог з самім сабой, пацягнуў перамены ва ўсім, і ў напрамку жывапісу таксама — я сышоў ад фігуратыву ў абстракт, стаў рыхтаваць новую серыю работ. Дзякуй Дзіму, які дазваляў засіраць яго кватэру фарбамі.

— Як вырашылі пытанне з жыллём?

Воля: Наша першая здымная кватэра была проста фантастычным варыянтам за смешныя для Парыжа € 750.

32 квадраты без дакументаў і дэпазітаў. Здаў яе адзін знаёмы француз, які трымаў пару сквотаў. З плюсаў - 15 хвілін на цягніку да Нотр-Дама, з мінусаў - шэсць палос магістралі за вакном. Матрац, стол і крэслы мы знайшлі на вуліцы. Пліта, унітаз і гарачая вада ў душы — гэтага было дастаткова для існавання.

Эміль: Пару месяцаў я жыў з рабятамі. Я спаў на матрацы каля барнай стойкі, а за кампом сядзеў на куфры з адзеннем. Але, маючы мінімум для існавання, мы бралі ўсё ад прыгажосці самога горада і людзей у ім.

Жэня: Паступова ў Парыж сталі пад’язджаць сябры — і пачаўся рух, які нас занёс у тусоўку да мясцовай рускай дыяспары, звязанай з артам, музыкай, фэшн-індустрыяй. Кола знаёмстваў і магчымасцяў стала пашырацца.

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы

Як Kinoproby пачаліся і як запалілі інсту

Воля: Мы з Жэнем заўсёды здымалі відэа, але гэта было больш home edition для прыемных успамінаў. Менавіта ў Парыжы прыйшла ідэя вывесці хобі ў публічную прастору. Гэта была спроба, плюс мы заўсёды любілі кіно.

Неяк на вечарыне я ўзяла кантакт у мадэлі - яна была на панкаўскім стылі і з прычоскай «пад армейскага хлопчыка». Дамовіўшыся пра месца здымкі, я сабрала look са сваіх вінтажных рэчаў, пазычыла камеру ў знаёмага фатографа і зрабіла нашу першую «пробу». Тады паўстала пытанне: як рэпрэзентаваць тое, што атрымалася? Мы прыдумалі назву і лога, перайменавалі свой асабісты instagram-акаўнт, дзе было каля 800 падпісчыкаў, і сталі выкладваць новы кантэнт. Так пачаліся «Кінапробы».

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы
Скрыншот з першага відэа «Plant»

Воля: Хутка я зразумела, што глядзець у аб’ектыў пры здымцы відэа — гэта не маё, а вось Жэня выдатна адчуваў кампазіцыю кадра, ракурс. Наогул усё, што стварае Жэня, — больш пра пачуццёвае ўспрыманне і часта пра парушэнне тэхнічных правілаў. І гэта было ідэальна.

Калі б мы прытрымліваліся правілаў, нічога б не выйшла.

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы
Бэкстэйдж са здымак «Advice from Clara Berry» з MISBHV

Жэня: Парыж — горад з вялікай канкурэнцыяй, і, каб не адчуваць сябе лайном, ты пачынаеш рухацца хутчэй. Мы ведалі, што прыйдзецца шмат працаваць над сваім партфоліо, перш чым атрымаем сваю долю респекта ў гэтай сферы. «Кінапробы» забралі нас максімальна: мы прачыналіся з думкай пра мантаж, хоць ляглі ўсяго пару гадзін таму. І мы зразумелі, што займаемся любімай справай.

Воля: Першы год быў самым складаным, нас некалькі разоў кідалі на грошы — вядома, у той момант, калі мы больш за ўсё на іх разлічвалі.

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы
Персанальная выстава Яўгена Рамашова «Correlation», Парыж

— Цяпер у вас больш за 200К падпісчыкаў у Instagram. А колькі чалавек у камандзе? Хто і чым займаецца?

Жэня: Склад каманды залежыць ад праекта і краіны. Напрыклад, лакальны асістэнт будзе больш карысны, чым вазіць свайго асноўнага. У нас ёсць свае людзі ў розных гарадах, гатовыя арганізаваць арэнду тэхнікі, святла, скаўтынг лакацый. Таксама ў нас вялікая база прафесіяналаў па бьюці-частцы.

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы
Здымкі кліпа «End of Summer» для Layah

Воля: Мы разам з Жэнем распрацоўваем канцэпт, збіраем усе элементы здымкі. Працуем толькі з арыгінальным гукам, часцей за ўсё з Эмілем, але ў залежнасці ад праекта мы супрацоўнічаем з рознымі музыкамі - да прыкладу, серыя «Метро» цалкам змантаваная пад Super Besse. Перамовы — важную іх частка — бярэ на сябе наша добрая сяброўка Аляксандра Місік.

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы
Здымкі відэа для мадельнага агентцва UNN models, Егіпет
— Эміль, ты спачатку глядзіш, што рабяты адздымалі, а потым накладваеш музыку? Ці наадварот?

Эміль: Канкрэтнай паслядоўнасці няма. У першы раз рабяты знайшлі пару трэкаў, на словах патлумачылі, што ім трэба: зрабі як тут. Гэта было відэа для David’s Road з Аняй Амяльянавай. Я напісаў музыку, і мы спрацаваліся. Зараз да мяне прылятаюць альбо фота, альбо чарнавыя відэа, далей я збіраю кампазіцыю і высылаю. Так мы некаторы час «гуляем у пінг-понг» да атрымання патрэбнага выніку.

— Як узнікла ідэя «Метро»?

Воля: «Метро» мы прыдумалі з мэтай эксперыменту і з-за вялікай любові да эстэтыкі 90-х. Ідэя была вельмі простая: паказаць гісторыі, якія маглі б здарыцца на станцыі метро. Мы самі збіралі лукі ў вінтажных сэкандах, шукалі на барахолках атрыбуты, мантавалі пад постпанк Super Besse (гэта быў ідэальны саюз). Першы ролік, запушчаны ў анты-прайм-тайм, стрэліў. І мы працягнулі.

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы

«Big Dick», праект «Метро»

Воля: Аднойчы мы натыкнуліся на акаўнт мадэлі Клары Бэры і зразумелі, што яна чымсьці падобная на сімвал 90-х — Сіндзі Кроўфард. Клара любіць пахуліганіць, а новы канцэпт патрабаваў такіх навыкаў - так яна стала культавай «Дзяўчынай з плэерам». Дарэчы, касетны плэер знайшлі з цяжкасцю — купілі за апошнія € 25 пры кошце ў € 50. Мы ведалі адзін лайфхак: пад канец рынку большасць работнікаў ужо падшафэ, што выводзіць гандаль на тваю карысць.

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы

«Girl with the music player», праект «Метро»

Жэня: Пасля запуску гэтага роліка інста гарэла. У брэнда штаноў, у якіх была Клара, здарыўся поўны sold out; касметычныя кампаніі посцілі сабе ролік са сваімі лога, падпісваючы, быццам Кларыны валасы былі вымытыя іх шампунямі; рэперы раскручвалі свае саўндклаўды і ютуб-каналы.

Можна толькі здагадвацца, колькі мільёнаў праглядаў у агульнай суме ў гэтага відэа і колькі людзей на ім зарабіла.Мы стварылі «вуаерыстычны» праект: шмат хто любіць падглядаць у замочную адтуліну, у нашым выпадку — камеру назірання.

— Ці былі ў вас праблемы з цэнзурай у інсце?

Воля: Так. Сёлета Instagram вырашыў асабліва жорстка караць тых, хто займаецца распаўсюджваннем парнаграфіі, і, улічваючы тое, колькі пастоў было выдалена ў нас, мы нарэшце даведаліся пра свой «жанр». Насамрэч — найтупейшы алгарытм, які ігнаруе многія рэальна парнушныя пасты і лаяльны да фотак паляўнічых, якія пазіруюць на фоне застрэленай жывёлы. Мы стаміліся ад гэтага і больш не давяраем свой кантэнт Instagram.

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы
Фота «Lena Simonne»

Мільёны праглядаў: як яно?

Воля: Момант, калі мы дакладна зразумелі, што пра нас ведаюць, — гэта гісторыя пра твітар. Неяк нам паказалі ролік «Метро», запушчаны на акаўнце з 1К падпісчыкаў, дзе было ўжо 2,5 мільёна праглядаў. Нас не пазначылі як аўтараў, але вельмі шмат людзей пісалі ў каментарах, што гэта by Kinoproby. Убачыўшы, якая колькасць людзей з розных краін гатова адстойваць нашы правы, мы зразумелі ўсю магутнасць руху.

На працягу апошняга года мы зрабілі вялікую колькасць работ, якія сталі не менш папулярныя, чым «Метро». Наш акаунт вырас на 170К, і для нас гэта самы вялікі доказ таго, што аднойчы тваё «хобі» можа стаць цікавым столькім людзям.

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы
Фота з праекта «Call me back» для The Attico

— Калі героі сюжэтаў - мадэлі з папулярнымі акаўнтамі, то хто каму прыносіць папулярнасць?

Воля: Мы некалькі разоў працавалі з папулярнымі мадэлямі, але ў першую чаргу яны пасавалі па кастынгу.

Часта нам пішуць дзяўчыны з мільённай аўдыторыяй або поп-зоркі, але, калі нашы погляды відавочна розныя, нам не па дарозе.

Вядома, у праекта больш шанцаў быць убачаным, калі ён запускаецца на добрым ахопе. Але, калі кантэнт будзе міма, папулярнасць мадэлі не дапаможа. Мы заўсёды за фактуру і харызму.

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы
Скрыншот з відэа «6 AM»
Воля: Ад нашых праектаў больш шчасціць мадэлям, бо людзі менш цікавяцца тымі, хто стаіць за стварэннем карцінкі. Але скардзіцца нам няма на што: сабралася вялікая аўдыторыя, што ў прадакшанаў бывае рэдка, а гэта значыць, што «Кінапробы» — цэлае кам’юніці.

— Хто вашы заказчыкі і аўдыторыя?

Жэня: Заказчыкі ў асноўным дызайнеры і музыкі. Аўдыторыя больш амерыканская.

Воля: Памятаю, нам нехта напісаў: «Люблю вас з Японіі». Мы гэта апублікавалі, і праз нейкі час наш дырэкт выбухнуў паведамленнямі ледзь не з усіх краін свету. Нам дасылалі «hi!» нават з Непала і Нігерыі.

— Якія адсоткавыя суадносіны праектаў для сябе і на замову?

Жэня: Усе праекты, што мы зрабілі на сённяшні дзень, нават калі гэта быў заказ, мы рабілі як для сябе. Заказчыкі давалі карт-бланш — давяралі нашаму густу і хацелі менавіта наш стыль. Мы не працуем з тымі, каму трэба іх бачанне нашымі рукамі.

— Раскажыце пра самыя ўдалыя іміджавыя і камерцыйныя праекты.

Воля: Іміджавы — «Метро». Кожнае відэа стварала вакол сябе велізарны рух. Быў нават такі жарт: калі вам неабходна прапампаваць свой акаўнт — посціце любое відэа з праекта «Метро».

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы
«Play boy», праект «Метро»

Воля: Год таму ў Фларэнцыі мы адчулі асаблівае пачуццё, стоячы перад велізарным экранам на фасадзе крамы Luisa via Roma. Мы глядзелі відэа, якое знялі для італьянскага брэнда The Attico ў пустыні Сахара з мадэллю з Каіра. Мар’ям толькі зняла хіджаб, пайшла супраць сваёй сям'і і вырашыла пашукаць поспеху ў мадэльнай кар’еры. Яна ў першы раз стаяла перад камерай, і гэта была наша камера. Неверагодны па сваёй энергетыцы і сіле вопыт — і для яе, і для нас. Нядаўна мы сустракаліся з Мар’ям, і ў яе ўсё выдатна: прапановы па працы, новыя сябры, шмат планаў. Яе заўважылі, і яна змагла пачаць новае жыццё. Гэта і ёсць наш самы ўдалы камерцыйны ролік.

«Інста гарэла»: як гродзенцы запусцілі паспяховы прадакшан у Парыжы
Вітрына Luisa via Roma у Фларэнцыі і здымкі відэа ў пустыні Сахара

— Воля і Жэня, вы сям’я. Ці складана працаваць разам?
Воля: Нам часта задаюць гэтае пытанне. Адказ: не! Мы чуем адно аднаго і гарым адной ідэяй.
— Bad advice from Kinoproby?
— Правілы — гэта нечыя фантазіі. Прыдумляйце свае.