У гродзенскай і ваўкавыскай польскіх школах з новага навучальнага года выкладаць прадметы будуць на рускай мове. Гэта не першая ў нашым рэгіёне хваля русіфікацыі. Першы старшыня Саюза палякаў Беларусі, доктар гістарычных навук і адзін з заснавальнікаў польскай школы ў Гродне Тадэвуш Гавін расказаў тэлеграм-каналу «Hrodna 11:27» пра доўгую гісторыю барацьбы з польскімі школамі на тэрыторыі Беларусі.
Да падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг.) дзяцей на тэрыторыі Беларусі навучалі на польскай мове. Але нават праз 30 гадоў пасля апошняга падзелу адукацыю не перавялі на рускую мову цалкам.
«Калі ў 1827 годзе на пасаду віцэ-губернатара у Віцебск прыехаў Міхаіл Мураўёў, ён быў здзіўлены, калі заўважыў, што край „решительно в польской окраске“. То бок амаль 30 год пасля падзелу Рэчы Паспалітай, навучанне, нават у Віцебскай і Магілёўскай губерніі, заставалася на польскай мове», — сказаў тэлеграм-каналу «Hrodna 11:27» Тадэвуш Гавін.
Усё змянілася пасля паўстанняў 1831 года і паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863−1864 гадах. Рускія ўлады выдалі ўказ, які забараняў у публічных месцах і дзяржаўных установах размаўляць па-польску.
«Закрылі школы, дзе адукацыю вялі на польскай мове. За размову ў публічных месцах наказвалі штрафам і нават адпраўлялі ў турму. Палякі не паддаваліся. Яны пачалі арганізоўваць тайныя польскія школы», — сказаў Гавін.
Адной з арганізатарак тайнай польскай школы ў Гродне ў 1896 годзе была Эліза Ажэшка. Яна арганізавала заняткі ў адным з пакояў свайго дома.
У тайных школах навучалі арганізованыя групы дзяцей. У іх было ад некалькіх да некалькіх дзясяткаў чалавек. Звычайна яны размяшчаліся ў доме аднаго з бацькоў. Там дзяцей навучалі польскай граматыцы і малітвам на польскай мове.
«Улады бязлітасна змагаліся з гэтай з’явай. Яны выяўлялі школы і закрывалі настаўнікаў, якія вялі адукацыю. Іх наказвалі штрафам ці садзілі ў турму. У Гродзенскай губерніі былі гады, калі выяўлялі і закрывалі 100 і больш школ. Але замест іх адкрывалі новыя школы ў новым месцы», — сказаў Тадэвуш Гавін.
Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года новыя ўлады знялі абмежаванні на адукацыю на польскай мове. Гэта паспрыяла адкрыццю новых школ. У 1917−1918 гадах толькі ў Мінскай губерніі адкрылі 243 польскія школы.
«На V пленуме ЦК КПБ у жніўні 1934 года гаварылі пра непрапарцыйна вялікую колькасць польскіх школ у параўнанні з рускімі. Два працэнты палякаў у БССР мелі 337 школ, 7,3% рускіх - толькі 194. Пленум абавязаў улады усіх узроўняў у рэспубліцы пераглядзець сетку польскіх школ і польскіх сялянскіх саветаў. Палякі дорага заплацілі за сваю прывязанасць да польскай мовы і культуры. Падчас антыпольскай аперацыі 1937−1938 гадоў у БССР растралялі 50 тыс. палякаў, а 10 тыс. саслалі ва ўсходнія раёны СССР. Усе польскія школы былі ліквідаваны», — заўважыў Гавін.
У 1939 годзе Чырвоная армія ўвайшла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Польскія школы працягвалі функцыянаваць, хоць і былі ў значнай колькасці ўрэзаны. Пасля вайны, калі Чырвоная армія ў 1944 годзе зноў увайшла ў Беларусь, у Гродзенскай вобласці ў 1944−1945 навучальным годзе было 114 польскіх школ. У той жа час 88 школ было ў Брэсцкай вобласці, тры у Пінскай і дзве у Баранавіцкай. Школы, якія раней знаходзіліся ва Усходняй Беларусі, ужо не існавалі.
«Такую колькасць можна патлумачыць тым, што ў савецкай улады не было настаўнікаў, каб перавесці школы на рускую альбо беларускую мову», — сказаў Тадэвуш Гавін.
З 1944 года савецкія ўлады пачалі палітыку знішчэння і закрыцця польскіх школ. У 1948 годзе закрылі апошнюю польскую школу ў Гродне. «Закрываючы яе ўлады абяцалі, што польскую мову будуць выкладаць як школьны прадмет. Але абяцанне не стрымалі», — сказаў Гавін.
У перыяд з 1948 па 1988 год у ніводнай беларускай школе польскую мову не выкладалі.
«У 1954 годзе, пасля смерці Сталіна, была спроба аднавіць польскую школу. У Гродзенскую вобласць нават прыехала камісія з ЦК КПСС. Але ўлады зрабілі ўсё, каб сустрэча з арганізаванымі групамі палякаў не адбылася. А мясцовыя сакратары выказаліся катэгарычна не толькі супраць школ, але і выкладання польскай мовы ў Беларускай ССР».
Гродзенскі і Маладзечанскі абкомы партыі патлумачылі гэта тым, што ў Беларусі палякаў няма. Маўляў, гэта апалячаныя беларусы, хай сабе яны і лічаць сябе палякамі.
На думку Гавіна, аднавіць школы тады было яшчэ дастаткова лёгка. Бо было 233 настаўніка, паляка, якія працавалі ў беларускіх школах. 124 з іх працавалі ў польскіх школах перад вайной.
Была яшчэ адна магчымасць беларускім палякам вывучаць польскую мову як родную ў школьнай праграме. Такую магчымасць давала Распараджэнне Савета Міністраў СССР ад 9 траўня 1955 г. «Гэты дакумент, нягледзячы на тое, што паступіў ў Гродзенскі аблвыканкам, да зацікаўленых асобаў не дайшоў. Іншымі словамі, улады Гродзенскай вобласці яго схавалі глыбока пад „сукно“. Можна сказаць, засакрэцілі», — распавёў Гавін.
Імпульсам для адраджэння польскіх арганізацый у Беларусі стала палітыка перабудовы. У 1988 годзе ў Гродне стварылі Польскую культурна-асветніцкую суполку імя Адама Міцкевіча. У 1990 годзе з яе паўстаў Саюз палякаў на Беларусі. Арганізацыі выступалі не толькі за выкладанне польскай мовы ў школах, але і за адраджэнне школы з польскай мовай навучання .
«Гэта дазваляла канстытуцыя БССР і СССР. Але на паперы дэкларавалася адно, а на практыцы амаль нічога нельга было вырашыць».
У сакавіку 1993 года Беларусь і Польшча падпісалі дамову «Аб добрасуседстве і прыязным супрацоўніцтве». «У артыкуле 16 гэтай дамовы сказана, што «бакі будуць імкнуцца, даваць асобам названым у арт.14 [нацыянальным меншасцям — заўв. Hrodna 11:27] суадносныя магчымасці для навучання на іх роднай мове і адукацыі на гэтай мове ў агульнаасветніцкіх установах», — сказаў Гавін.
«З'явілася магчымасць мець школы, чым і заняўся адразу Саюз палякаў Беларусі. Былі арганізаваны сустрэчы і з кіраўніцтвам Гродна, і ў Мінску. Але спрыяльная абстаноўка склалася, калі вырашылі правесці прэзідэнцкія выбары ў 1994 годзе».
Кандыдаты ў прэзідэнты не маглі не лічыцца з Саюзам палякаў у Беларусі. Кожны хацеў сустрэцца з меншасцю, каб заваяваць галасы. У Гродна прыязжаў Вячаслаў Кебіч. Ён паабяцаў, што дазвол на будаўніцтва польскай школы ў Гродне і Ваўкавыску будзе. Тое ж самае абяцаў Аляксандр Лукашэнка. «Палякі будуць мець столькі школ, колькі неабходна, казаў Лукашэнка», — заўважыў Тадэвуш Гавін.
У адкрыцці польскай школы ў Гродне дапамагло кіраўніцтва Гродзенскага гарвыканкама. Яго тады ўзначальвалі Сямён Домаш, Генрых Крупенка і намеснік старшыні гарвыканкама Аляксандр Мілінкевіч. «Яны былі кіраўнікамі новага пакалення, якія думалі па новаму. Яны ўзяліся за адраджэнне беларускай мовы і беларускіх школ, але лічылі, што адна польская школа не толькі не перашкодзіць беларускай культуры, а будзе яе дапаўняць», — сказаў Гавін.
Такую ідэю падтрымліваў дэпутат ад Беларускага Народнага Фронту Мікалай Маркевіч і прафесар ГрДУ Аляксей Пяткевіч. «Яны падтрымлівалі ідэю, якую раней падтрымліващ і пісьменнік Аляксей Карпюк. Што калі адрадзіць польскія школы, то адродзяцца і беларускія. Гэта светлыя беларусы, якія думалі не толькі аб адраджэнні сваёй мовы і сваіх школ, але і польскіх», — сказаў Тадэвуш Гавін.
У вёсцы Дзевятоўка Верцялішкаўскай гміны 5 лютага 1893 года ў хаце селяніна Барталамея Саўко царскія ўлады выявілі тайную польскую школу. Шляхціч Ежы Маціеўскі навучаў мясцовых дзяцей малітвам і граматыцы на польскай мове.
«Саўко і Маціеўскага пакаралі, але праца не прайшла дарма. Праз 103 гады ў 1996 годзе на месцы былой вёскі Дзевятоўка пабудавлі першую ў Беларусі польскую школу», — сказаў Тадэвуш Гавін.
У жніўні 1995 года Саюз палякаў Беларусі падпісаў дамову з Гродзенскім гарвыканкамам. У дамове пазначылі, што пасля будаўніцтва школу перадауць Гродзенскаму гарвыканкаму для мэтавага прызначэння — адукацыі дзяцей на польскай мове.
«У пункце 1.3 гэтай дамовы пазначана, што будынак павінен выкарыстоўвацца як школа з польскай мовай навучання. Змяніць гэта можна толькі па пагадненні бакоў. Але зараз такой згоды ніхто даваў. На такіх жа ўмовах у 1999 годзе адкрылі школу ў Ваўкавыску», — сказаў Гавін.
«Улады ўжо з 2017 года „насіліся“ з думкай перапрафіляваць школу ў рускую. У 2017 годзе мы накіравалі ліст [Старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміру Андрэйчанку — заўв. Hrodna 11:27] за маім подпісам, а таксама подпісамі Сямёна Домаша і Генрыха Крупенкі. Тых, хто стаяў ля вытокаў школы», — сказаў Гавін.
На гэты ліст чыноўнікі адказалі, што змены ў адукацыю на мове нацыянальнай меншасці, якія плануюць унесці ў Кодэкс аб адукацыі, не закрануць сярэднюю школу № 36 у Гродне і сярэднюю школу № 8 у Ваўкавыску.
«Я лічу, усё што зараз плануюць зрабіць беларускія ўлады, спасылаючыся на кодэкс і так далей, гэта ўсё супрацьпраўныя дзеянні. Яны не маюць пад сабой ніякіх прававых падстаў для змены профілю школы з польскай мовай навучання на школу з рускай мовай навучання», — лічыць Тадэвуш Гавін.
На думку Гавіна, гэта рашэнне абмяжоўвае правы палякаў, грамадзян Беларусі. «Якія жывуць, якія з’яўляюцца карэннымі жыхарамі Рэспублікі Беларусь, якія працуюць, плацяць падаткі. І пры гэтым ушчымляюць іх правы. Гэта проста дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце».
На думку Гавіна, бацькі, педагагічны калектыў школы і польскія арганізацыі не павінны апускаць рук. Школу пабудавалі згодна з дзейнымі беларускімі законамі і перапрафіляваць яе нельга. Трэба весці перамовы і прадпрыняць усе меры, якія могуць паўплываць на тое, каб школа і далей функцыянавала так, як гэта напісана ў дамове аб яе будаўніцтве.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…