Не толькі аднаўляць строі і зброю, але і жыць у лесе як паўстанцы 1863−1864 гг. плануюць беларусы Беластока. Беларускі клуб гістарычнай рэканструкцыі стварае гродзенец пад псеўданімам В.Шэры. Чым яшчэ зоймуцца «паўстанцы», ён расказаў Hrodna.life.

Не толькі косамі і шаблямі махаць: гродзенец арганізуе ў Беластоку рэканструктарскі клуб па эпосе паўстання Каліноўскага
Паўстанцы 1863−1864 гадоў. Крыніца: wikimedia.org

Паўстанне — тэма малавядомая, нават для свядомых беларусаў, якія ведаюць гісторыю, сцвярджае Шэры. «Я не з’яўляюся гісторыкам, я, хутчэй, аматар гісторыі. І разумею, што тых павярхнёвых звестак, якія ёсць у інтэрнэце і кнігах, не дастаткова. Мы амаль нічога не ведаем пра побыт паўстанцаў. Мы нічога не ведаем дакладна пра тактыку, пра ўзбраенне, пра перамяшчэнне», — лічыць В.Шэры.

Ідэя з’явілася, як толькі патрапіў у асяроддзе беларусаў

Гістарычнай рэканструкцыяй гродзенец цікавіўся заўсёды. Ідэя стварыць клуб у Беластоку з’явілася ў яго, як толькі восенню 2022 ён патрапіў у асяроддзе беларусаў у Польшчы.

Тэма паўстання — лакуна ў беларускай свядомасці, лічыць Шэры. «Яна заўсёды была, проста мы не звярталі на яе ўвагу ў Беларусі, тым больш, што яна была пад негалоснай забаронай».

Будуць жыць ва ўмовах паўстанцаў і ладзіць лясныя рэйды

У клубе гістарычнай рэканструкцыі ўдзельнікі будуць адпрацоўваць веды пра паўстанне на практыцы. У планах клуба: рэканструкцыя і пашыў паўстанцкіх строяў, стварэнне і наданне аўтэнтычнага выгляду зброі. Таксама плануюць вывучаць манэўры і рабіць рэканструкцыі баёў паўстанцаў.

«Будзем спрабаваць пажыць ва ўмовах, у якіх маглі жыць паўстанцы. Гэта кшталту лясных рэйдаў, нейкага паўстанцкага бушкрафту [веды і ўменні для жыцця ў дзікай мясцовасці - Hrodna.life]. Таму што паставіць той самы табар пасля пераходу — таксама мастацтва. А гэтыя ўсе моманты праходзяць міма тых, хто чуе пра паўстанне 1863 года».

Не толькі косамі і шаблямі махаць: гродзенец арганізуе ў Беластоку рэканструктарскі клуб па эпосе паўстання Каліноўскага
Ад’езд паўстанцаў з вёскі. Мастак: Максіміліян Герымскі

Запрашаюць не толькі мужчын

У баях удзельнічалі мужчыны, але Шэры не плануе ствараць чыста мужчынскі клуб. «Ёсць яшчэ глыбейшая тэма — жанчыны ў паўстанні, — кажа ён. — Гэта не будзе толькі плутон касінераў, якія будуць маршараваць, махаць косамі і шаблямі, страляць з пістоляў ці з рушніцаў. Гэта больш шчыльнае і дасканалае паглыбленне ў гісторыю. Гэта і ўдзел жанчын. Тых, хто падтрымліваў, і тых, хто змагаўся на ідэалагічным фронце паўстання, праз свой знешні выгляд і праз распаўсюд нейкіх наратываў. Усё гэта было і гэта трэба паказваць беларусам».

Не толькі косамі і шаблямі махаць: гродзенец арганізуе ў Беластоку рэканструктарскі клуб па эпосе паўстання Каліноўскага
1863 год. Мастак: Ян Матэйка

Добры чыннік для камунікацыі з палякамі

«Польскі погляд на гісторыю паўстання ў асноўным абмяжоўваецца Польшчай. Але значная частка паўстання была на беларускіх землях з удзелам беларусаў», — кажа В.Шэры. Таму клуб можа стаць добрым чыннікам для камунікацыі з палякамі, лічыць ён.

Першы сход клуба адбудзецца 17 чэрвеня 2023 года ў беларускім хабе «Новая зямля» на вуліцы Wyszyńskiego, 6A ў Беластоку. Зацікаўленых клубам пакуль каля 30 чалавек.

«Але зацікаўленыя гэта не значыць, што абавязкова далучацца. Я спадзяюся, што калі далучыцца чалавек 10−15 — гэта будзе бомба на старце. Але рэчаіснасць можа быць розная, таму я не будую нейкіх там ружовых мараў. Колькі збярэцца, столькі збярэцца, а далей мы ўжо будзем папулярызвацаь гэты напрамак і спрабаваць неяк у гэтым развівацца».

Чытайце таксама: