Ганна надразае цюбікі, каб выкарыстоўваць крэм да канца, Ірына больш не купляе новыя рэчы, а Сяргей лічыць, што абмяжоўваць сябе не варта, бо жывем адзін раз. Чытачы Hrodna.life распавялі, як змянілася іх жыццё з узмацненнем жорсткасці санкцый, і на чым даводзіцца эканоміць у новай рэальнасці.

На чым цяпер эканомяць ў Гродне: бьюті працэдуры, паходы ў кафэ і адзенне

Шугарынг, вейкі, «100 500» параў туфляў і сукенак — Кацярына (імя зменена) цяпер адносіць да марных выдаткаў.

«Усё гэта не мае сэнсу. Лепш дапамагчы камусьці. Добрыя справы ўпрыгожваюць чалавека лепш, чым цацкі», — мяркуе дзяўчына.

Праўда, на добрых справах таксама даводзіцца эканоміць. Кацярына рэгулярна носіць перадачы ў турму, але праз рост коштаў зараз робіць гэта радзей.

Чытайце таксама: Капуста — на 137%, гречка — на 68%. Как изменились «замороженные» год назад цены на продукты: проверили в гродненском магазине

Перастала купляць сабе і дачцэ новае адзенне Вольга: «Гэта складала прыкладна 25% у месяц ад даходу, калі падзяліць пароўну на год. Замест куплі новага адзення перагледзела гардэроб. Расхламілася, так бы мовіць».

Па словах чытачкі Hrodna.life, прайшло не так шмат часу, каб адчуць скарачэнне спажывання. Пакуль Вользе больш складана адмовіцца ад звыклага прадуктовага кошыка.

У Беларусі паводле дадзеных МАРГ на люты 2022 года, мяса і мясапрадукты за 12 месяцаў падаражэлі на 15,9%, малако і малочныя прадукты — 7,1%. У лютым адзначылі паскарэнне гадавога прыросту коштаў на сінтэтычныя мыйныя сродкі (да 12,9%), а таксама асобныя бакалейныя тавары (макаронных вырабы, крупы, гарбаты).

Моцна паўплываў на кошты ў Беларусі рост коштаў у асноўнага гандлёвага партнёра краіны, Расіі (на 11,5%) і павышаны рост коштаў ва ўсім свеце. Мяса на сусветным рынку падаражэла на 13,4% за 2021 год, малако — на 22,7%, злакі - на 12,9%, алей — на 34,5%, цукар — на 8,6%.

Адмовілася ад розных «нішцякоў» і паходаў у кафэ і Ірына. Каб не стаяць усе выхадныя каля пліты, гродзенка заказвала гатовую ежу кожную пятніцу. Сушы, піца, шаўрма — выдаткі на такія прадукты складалі прыкладна 200 рублёў на месяц на дваіх. «Практычна кожную суботу кудысьці выходзілі ў горад: кіно, кафэ і іншыя забаўкі. Гэта прыкладна 400 рублёў на месяц на дваіх. У агульным даходзе 2600 рублёў такія выдаткі складалі каля 23−25%. Цяпер даход пары скараціўся да 1700 рублёў на месяц. Прыйшлося пачаць эканоміць.

Чытайце таксама: Цены на технику начали расти на фоне войны и санкций: сколько сейчас стоит последний iPhone в Гродно

Перайшлі на закаткі і «расцягваем» польскія запасы

Каб скараціць свае выдаткі, гродзенцы прыдумляюць розныя варыянты. Бацькі Марыі Галабурды «расцягваюць польскія запасы» і пакуль не куплялі бытавую хімію па новых коштах або беларускай вытворчасці. «Бытавая хімія ў нас зусім „не тое“. Касметыку неяк можна замяніць, гэта не настолькі вялікі артыкул выдаткаў, як парашкі, а якасць адрозніваецца», — напісала Марыя.

Чытачка Hrodna.life Ганна стала надразаць цюбікі з крэмам, каб выкарыстоўваць іх да апошняй кроплі. «Гэта больш звязана з імгненнай сітуацыяй. Але я спадзяюся, што ўсё вернецца ў ранейшае рэчышча», — патлумачыла дзяўчына.

Чытайце таксама: Санкции, ограничения и отмены. Чего лишилась Беларусь из-за российской агрессии против Украины

Таксама гродзенка адмовілася ад свежай гародніны. Па яе словах, гэта скараціла выдаткі на прадукты на траціну.

Замест свежага салату да асноўнай стравы перайшла на закаткі - марынаваныя гуркі і квашаную капусту. «Спачатку было складана, потым звыкла, — распавяла Ганна Hrodna.life. — Але ніколі не адмоўлюся ад якасных зерняў кавы».

Адмовіліся ад "нішцякоў", веечак і адпачынку. Як гродзенцы эканомяць на фоне росту коштаў і санкцый
У адной з кавярняў Гродна. Фота ілюстрацыйнае

З імпартных прадуктаў у Беларусі больш за ўсё падаражэлі бананы (на 9,5% у параўнанні з папярэднім месяцам) і яблыкі (на 4,6%). Працягваюць павышацца цэны на мяса (на 0,7%), кандытарскія вырабы (на 2%), малако (на 0,8%).

У лютым знізіліся цэны на бульбу — 3,4%, капусту — 21,5%, буракі - 4,2%.

Стала купляць толькі бульбу і цыбулю гродзенка Марына (імя зменена). Ад астатніх садавіны і гародніны прыйшлося адмовіцца праз рост коштаў і падзенне зарплаты. «Я працую ў крэатыўным сектары, у цяперашняй сітуацыі праца такіх спецыялістаў страчвае ранейшую запатрабаванасць, — распавяла яна Hrodna.life. — Менш заказаў і працы агулам, а канкурэнцыя расце». Цяпер Марына закупляецца «празапас» таварамі на акцыі. Раней так не рабіла.

«Вядома, дапамагаюць бацькі сваімі прадуктамі з вёскі, без іх падтрымкі было б зусім кепска».

Частку звыклай імпартнай касметыкі дзяўчына замяніла на беларускія брэнды. Таксама ў мэтах эканоміі прыйшлося адмовіцца ад паходаў у кафэ. Раней хадзіла 1−2 разы ў тыдзень.

«Добрая замена звыклым забавам — унутраны турызм. Зараз з’ездзіць у цікавыя месцы Гродзенскай вобласці каштуе зусім танна, але уражанняў дакладна больш, чым ад паходу ў кіно», — кажа Марына.

Чытайце таксама: Палац у лясных джунглях, пешы мост і найвышэйшы млын Беларусі: падарожжа на 12 цікавостак за 1 дзень

Менш даступнымі для беларусаў сталі і магчымасці падарожнічаць: пасажырскі паветраны транспарт падаражэў на 7,1%, а турыстычныя паслугі - на 4,2%.

Цэны на жыллёва-камунальныя паслугі выраслі на 9,8%.

«Пашанцавала, што я і дзве мае коткі любім недарагую ежу»

«Раней у кавярню хадзіла 1−2 разы на тыдзень і пакідала па 10−30 рублёў», — распавяла Ульяна (імя зменена). Зараз скараціла выхады да двух разоў на месяц. Цалкам давялося адмовіцца ад алкаголю і адмяніць выдаткі на адпачынак. У астатнім, па словах дзяўчыны, нічога не змянілася. «Проста пашанцавала, што я і дзве мае коткі любім недарагую ежу».

Чытайце таксама: Поднимают цены, режут расходы и сохраняют штат. Как гродненский общепит работает во время санкций и войны

Яшчэ адзін артыкул выдаткаў, якім прыйшлося ахвяраваць — праязны білет на грамадскі транспарт. «Раней купляла праязны на месяц, зараз толькі на пяцідзёнку, — распавяла Ульяна Hrodna.life. — Па выхадных, калі куды трэба, іду пешкі».

Чытайце таксама: В Гродненской области дорожает проезд: рост больше, чем планировали (обновлено)

«Жывем адзін раз»

Асноўныя выдаткі ў сям'і Ганны прыпадаюць на прадукты. «Пра жменьку крэветак раз на месяц ужо размова не ідзе. Адмовіліся ад садавіны, добрай кавы і сыру. Перайшла на беларускую касметыку. Пра куплю адзення, абутку зараз нават не думаю», — кажа жанчына.

Гродзенка распавяла, што адкласці ад заробку не атрымліваецца, і што цяжка і непрыемна адмаўляць сабе ў тым, што раней дазваляў. «Пакуль не адмаўляюся ад рэпетытараў для дзіцяці. І хачу часам песціць яе паходамі ў піцэрыю і рабіць падарункі на святы», — кажа Ганна.

Паводле дадзеных Белстата за 2021 год каля 65,1% хатніх гаспадарак Беларусі заявілі, што іх матэрыяльнае становішча не змянілася ў параўнанні з 2020 годам. Сярод хатніх гаспадарак без дзяцей тых, хто не заўважыў змены матэрыяльнага становішча, выявілася 66%, з дзецьмі да 18 гадоў - 62,6%, сярод хатніх гаспадарак пенсіянераў - 68%.

У Гродзенскай вобласці 13,5% апытаных распавялі пра паляпшэнні матэрыяльнага становішча, а 12,2% — пра пагаршэнне. Гэта адзіная вобласць краіны, дзе пераважаюць станоўчыя ацэнкі жыхарамі свайго ўзроўню жыцця.

Сярод чытачоў Hrodna.life не ўсе сталі зацягваць паясы:

«Калі чалавек меў грошы на італьянскія макароны, наўрад ці ён пацерпіць праз рост коштаў», — лічыць Наталля.

«Якая эканомія? — дзівіцца Сяргей, — жывем адзін раз».