Hrodna.life працягвае публікаваць успаміны сталых гродзенцаў, чые гісторыі войдуць у другую кнігу ўспамінаў. Кніга пад назвай «Гісторыі з гродзенскіх вуліц» выйдзе да канца года. Пакуль прапануем пазнаёміцца з успамінамі Змейко Чэслава Адальфавіча.

Чэслаў Адольфавіч нарадзіўся ў 1926 годзе на вуліцы Францішканскай (сёння на месцы гэтай вуліцы месціцца Гарадская клінічная бальніца № 2). Каталік. Усё жыццё жыў у Гродне. Памёр у красавіку 2019 года.

«Я нарадзіўся ў доме, які знаходзіўся каля Францішканскага касцёла. Хадзілі туды часта. У 1930-х гадах мае бацькі разышліся. Бацька паехаў у Варшаву, а мама са мной і сястрой засталася ў Гродне. Жыць было цяжка, бацька не дапамагаў. З намі жыў дзед — бацька маці і мы трымалі вялікую гаспадарку. Мама пры паляках адзін час працавала прадаўцом у нейкай краме, а пасля звольнілася і стала дома глядзець за намі.

Я вучыўся ў школе імя Адама Міцкевіча, яна знаходзілася на беразе Нёмана. Вучыўся бясплатна, скончыў 7 класаў. Калі прыйшлі саветы, яны ў мяне два класы адкінулі і прымусілі пайсці зноў у школу. Толькі ўжо вучыцца прыйшлося на рускай мове. Нічога, хутка прывыклі. Як-ніяк дзяды размаўлялі на гэтай мове, ці, як тады казалі на простай, сённяшняй беларускай".

Праца ў гета

Чэслаў Адольфавіч расказваў, што вераснёўскія падзеі 1939 года сям’ю абышлі бокам. З яго слоў, рускія хутка занялі горад — прыйшлі з танкамі і вайны, як такой, у горадзе не было.

«Была перастрэлка нейкая, але больш нічога я не памятаю. У маёй памяці больш за ўсё адклаліся моманты з нямецкай акупацыяй 1940-х гадоў. Памятаю, што ў дзень пачатка вайны раніцай усталі і пачулі, як ад мяжы пачаліся стрэлы. Пасля на матацыклах немцы прыехалі і на нашу вуліцу.
Як яны ўвайшлі ў горад, мяне ж маглі адразу вывезці на працы ў Нямеччыну, але мама выправіла ў маім пасведчанні аб нараджэнні дату з 1926 на 1928 год. Так я застаўся ў Гродне.

Каб не сядзеў без справы і дапамагаў маме, сусед уладкаваў мяне на завод на тэрыторыі гета. А знаходзілася яно ў цэнтры Гродна: ад Віленскай, па абрыве ракі і да пажарнай вежы. Вялікае гета было. Завод, дзе я працаваў, меў назву «Індустрыверк», ён размяшчаўся ў былой навучальнай установе на сучаснай вуліцы Вялікая Траецкая, побач з універмагам. Я працаваў у інструментальным цэху — выдаваў інструменты. Сам завод працаваў на фронт, толькі ў летні перыяд там рамантавалі сельгасмашыны.

Побач са мной працавалі яўрэі - вязні гета, хтосьці з іх быў токарам. З яўрэямі я сябраваў яшчэ да вайны, яны жылі побач са мной і на святы запрашалі да сябе, мацой частавалі. У выпадку неабходнасці я дапамагаў людзям у гета. Гэта было нармальнай з’явай, бо працавалі разам. Калі мяне прасілі нешта прынесці з-за межаў гета, я гэта прыносіў. Вядома, маглі расстраляць, але мы маладыя былі, вось і рызыкавалі. У гета я не бачыў, каб немцы расстрэльвалі людзей, іх напэўна, ноччу вывозілі.

Чыста па-хлапчукоўску мы глядзелі на яўрэйскіх дзяўчат з гета, абмяркоўвалі - вунь якая прыгожанькая пайшла, цікавая, а вунь гэтая паглядзі якая і г. д. Ніхто не ўсведамляў, што ў яўрэяў будзе такі канец".

Чэслаў у цэнтры Гродна, 1930-я гг.

Калі б штаны спусцілі, то расстралялі б

У Чэслава Адольфавіча была адна праблема, па якой яго маглі прыняць за яўрэя. Па медыцынскіх паказаннях ён быў абрэзаны. Гэты факт мог адыграць з ім злы жарт.

«Было страшна. Маглі затрымаць і праверыць. Неяк пасля каменданцкай гадзіны мы вярталіся дадому з працы і мяне спынілі для праверкі. А я чарнявы быў, такі як яўрэй, а калі б яшчэ штаны спусцілі, то ўсё — расстралялі б на месцы, бо знаходзіўся за межамі гета. Але пранесла. Праверылі дакументы і адпусцілі. Тады, падчас акупацыі, смерць была на кожным кроку».

Прывёз першы экскаватар для горада

Працаваў гродзенец на заводзе «Індустрыверк» амаль да апошняга. Але ў ліпені 1944 года, калі пачалася бамбёжка горада і савецкія войскі былі на подступах да горада, ён не выйшаў на працу.

«Я схаваўся, а калі б выйшаў, то сапраўды б пагналі разам з войскамі на захад. Немцы абсталяванне з завода вывозілі. І рабочых маглі забраць разам. Я хаваўся ў вёсцы недалёка ад горада і бачыў, як немцы беглі. Мы тады ў склепе сядзелі і некалькі нямецкіх салдат таксама забягалі хавацца. Як немцы сышлі, я вярнуўся ў горад. Цэнтр Гродна быў моцна разбураны. Асабліва ад Старога маста да плошчы дамы пацярпелі. Я пайшоў працаваць на будоўлю. У 1945 годдзе адвучыўся на кіроўцу і ў 1950-я сам ездзіў у Маскву за першым экскаватарам для горада».

На месцы, дзе ў будучыні з’явіцца драмтэатр. Чэслаў справа. Фота 1950-х гг.
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life