Каб пабачыць Гродна, якога больш няма, трэба проста заплюшчыць вочы. Расповед пра горад дамалююць пахі, смакі і гукі. У мінулыя выхадныя, 18 мая, мы прайшліся з сябрамі па Новым Свеце, завязаўшы вочы. Зараз, зняўшы з вачэй павязку, яшчэ можна пабачыць яго драўляныя дамкі і цагляныя камяніцы. Але з кожным годам іх становіцца ўсё менш. Калі не спыніць разбурэнне Новага Свету, то хутка апроч пахаў і смакаў пра былы Гродна нічога больш не нагадае.
Мы спыняемся каля аднаго з драўляных дамкоў вуліцы Горкага і завязваем вочы. Да гукаў гарадскога шума далучаецца сола на скрыпцы. Нябачны выканаўца старанна вядзе мелодыю, а ўдзельнікі шпацыру слухаюць гісторыю пра дзяўчынку, што іграла ў вакне дома і яе бабулю, што папярэджвала мінакоў не перашкаджаць практыкаванням.
Праз некалькі наступных дамоў - яшчэ адна гісторыя са скрыпкай. Яе некалі выкінулі з вакна суседзі-яўрэі, калі іх забіралі ў гета. Мясцовыя забралі скрыпку і захоўваюць да сёння.
«Ад суседзяў засталася толькі скрыпка». Гісторыя дома, які рыхтавалі да прыезду Лукашэнкі
А яшчэ каля гэтага дома пахне бэз. Таксама, як пах і падчас войнаў, і ў старыя добрыя часы.
На рагу Горкага і Міцкевіча мы завязваем вочы і адчуваем пах… спірту. Тут была крама Яблонскіх, дзе, як узгадваяць старажылы, ніколі не разбаўлялі гарэлку.
«Спачатку ўсе смяяліся, але мы мелі вялікі поспех». Дачка Яблонскага пра вядомую краму ў Новым свеце
Кропка на скрыжаванні Горкага і 17 Верасня адзначана на мапе вандроўкі пахам свежага хлеба. Праўда, нават зняўшы павязку з вачэй, краму «Гарачы хлеб» пабачыць усё роўна не немагчыма. Камяніцу знеслі ў кастрычніку 2006 і тая пляцоўка да гэтай пары пустуе.
Смакам духмянай кавы з цынамонам і гваздзікай адзначыны будынак на рагу сучасных вуліц Горкага і 17 верасня. Тут некалі была крама каланіяльных тавараў Канэля. Сюды гродзенцы прыходзілі за чаем, кавай і заморскімі спецыямі.
Зусім недалёка раней мясцілася і аптэка. Удзельнікі шпацыру адгадалі прызначэнне чарговага драўлянага дома па паху зёлкавага сіропу. Праўда, адгадаць саму зёлку ім не ўдалося.
У раёне скрыжавання вуліц Бялінскага і Міцкевіча ёсць адразу два месцы з адметнымі смакамі і пахамі: крама пана Полудня, дзе прадавалі каўбасу з цытрынай, і пякарня Любэга, знакамітая ў ваколіцах сваімі «напалеонкамі» — трохкутнымі булкамі з макам.
Не ведаю, ці ўдалося б угаварыць людзей з адкрытымі вачамі пакаштаваць каўбасу з апельсінам. А з завязанымі - елі і хвалілі.
Шпацыр скончыўся на вуліцы Міцкевіча, пры доме з цмокамі, які з вялікай верагоднасцю будзе зруйнаваны ўжо ў бліжэйшы год. Участак зямлі, дзе ён месціцца, прапанаваны на аўкцыен з умовай зносу існуючай пабудовы.
Гой абяцаў не зносіць! Замест драўляных дамоў на Міцкевіча хочуць пабудаваць гандлёвы цэнтр ці гасцініцу
Калі вам цікава адчуць смакі і пахі даўняга Гродна і пабачыць аўтэнтычную забудову Новага Свету на ўласныя вочы, запаўняйце рэгістрацыйную форму і далучайцеся. Пойдзем на шпацыр разам.