“Новы Свет я ніколі не бачыў”. Да шпацыру з пахамі і смакамі далучыліся невідушчыя ўдзельнікі

Журналісты Hrodna.life працягваюць знаёміць гараджан з Новым Светам і яго духмянай і смачнай гісторыяй. Чарговы шпацыр прайшоў 29 чэрвеня. Гэтым разам рэдакцыя запрасіла паўдзельнічаць прадстаўнікоў таварыства інвалідаў па зроку разам з суправаджаючымі. Да шпацыру далучыліся  Аляксандр Акулевіч і Алена Валюк. Дапамагалі ім Сяргей Набокаў і Раіса Ланеўская. На думку Аляксандра, прапанаваны інтэрактыў  стварыў для ўдзельнікаў “дапоўненую рэальнасць” і даў магчымасць праз уласныя пачуцці пазнаёміцца з Новым Светам. На памяць ўдзельнікі атрымалі фірмовыя хустачкі з прынтом “дома з цмокамі”.

Аляксандр жыве ў Гродне, але Новы Свет  не бачыў ніколі. Зрок у яго цалкам страчаны. На шпацыр па раёне ён прыйшоў у чорных акулярах, з кійком і сябрам – Сяргеем Набокавым. Па словах Аляксандра, да шпацыру яго веды пра Новы Свет былі ўрыўкавымі. “Нешта пра гэтыя месцы чытаў, нешта чуў ад знаемых, але разрознена. Зараз усё аб’ядналася. Бо прачытаць адно, а прайсціся і дакрануцца рукамі, пакаштаваць на смак… Я ж невідушчы. Так больш западае на душу, іншыя пачуцці ўключаюцца. Думаю, шмат што ў памяці застанецца.”


Як па-новаму адкрываецца Новы Свет, калі закрыць вочы


Удзельнічаць у шпацыры нараўне з астатнімі, па словах Аляксандра, было не складана.  “Што сам не мог разгледзець, Сяргей мне апісваў, тлумачыў, падказваў. Шпацыр уразіў. Гэта вы добра прыдумалі”.

Раіса Ланеўская працуе ў спецыялізаванай бібліятэцы для інвалідаў па зроку. Па яе словах, аўдыакнігі па гісторыі Гродна – адны з самых запатрабаваных сярод наведвальніў. Яна прыйшла на шпацыр па Новым Свеце, каб больш даведацца і прапанаваць шпацыр іншым  чытачам.


Па Новым Свеце з завязанымі вачамі. Прайшліся па Гродне, які нельга пабачыць, але можна адчуць


Раіса расказала, што сама жыла ў Новым Свеце. “Да 25 гадоў жыла на вуліцы Валковіча, усё дзяцінства прайшло ў гэтым раёне. Па 17 Верасня бегалі на стадыён на трэніроўкі, па Міцкевіча і Бялінскага гулялі вечарамі. Гэтыя ваколіцы  – усе мае дзяцінства, блізкае і любімае. Мая настальгія заўжды пахне гарачым хлебам”.

У Алены Валюк з Новым Светам таксама звязаны ўласныя ўспаміны. Калі яна прыехала ў Гродна вучыцца, то пасялілася ў спецыялізаваны інтэрнаце для невідушчых. Тады ён мясціўся на вуліцы 17 Верасня. “Наш раён быў. Цікава было праз шпацыр  больш пра яго даведацца. Пахі і смакі ўсе пазнала. І гарачы хлеб успомніла, і кава спадабалася. А булачка з макам проста клас!”

“Атрымалася дапоўненая рэальнасць”, – абагуліў Аляксандр.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: