Аказваецца, драўляную статую Вітаўта ў 1992 годзе павінны былі ўсталяваць у Лідзе, але па збегу абставін помнік апынуўся ў Гродне і быў усталяваны каля замкаў. Гісторыю ўстаноўкі скульптуры Вялікага князя распавёў Hrodna.life былы старшыня гродзенскай краязнаўчай асацыяцыі Андрэй Майсяёнак.
У канцы лістапада пасля аднаўленчых работ драўляную статую Вітаўта вярнулі да гродзенскіх замкаў. Ратаваў скульптуру разьбяр па дрэве Мікалай Скляр. Ён адзначыў, што помнік яшчэ 5 гадоў дакладна прастаіць. Да аднаўлення ён прастяў каля замкаў 25 гадоў, але часткова згніў.
Вядома, што драўляны Вітаўт быў зроблены ў пачатку 1990-х гадоў і быў падораны Гродзенскаму рэгіёну літоўскім Фондам культуры. Усталяваць помнік павінны былі ў 1993 годзе ў былым маёнтку Востраў пад Лідай напярэдадні юбілейнай даты — 600-годдзя падпісання Востраўскага пагаднення.
«Набліжалася юбілейная дата. Для нашага рэгіёну гэта сапраўды была важная падзея, бо на тэрыторыі Гродзеншчыны акурат адбывалася падпісанне саюза паміж двума варагуючымі братамі Вітаўтам і Ягайлам. Я задумаў увекавечыць гэту падзею. Ад свайго імя напісаў у літоўскі Фонд культуры, каб яны нас падтрымалі ў задумцы з помнікам Вітаўту. Яны імгненнем адказалі: мы падорым вам помнік, вы толькі пастаўце яго. У іх, напэўна, ужо быў такі Вітаўт, бо не паспеў я азірнуцца, як драўляны помнік прывезлі ў Ліду».
Драўлянага Вітаўта рабіў вядомы літоўскі народны майстар Іпалітас Ушкурніс. Ён зрабіў падобнага Вітаўта і для Трокаў, дзе і дасюль стаіць. Ушкурніс памёр у 2006 годзе.«Кніга Кастуся Тарасава была галоўным штуршком». 29 гадоў таму ў Гродне адкрылі знак «Пагоня на Грунвальд«
На скульптуры быў зроблены надпіс аб юбілейнай даце і Вялікім князі Вітаўце на дзвюх мовах: беларускай і літоўскай. Заставалася ўзгадніць і ўсталяваць.
«Помнік быў гатовы і я пайшоў да тагачаснага старшыні Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрыя Арцымені. Прапанаваў ставіць, бо рашэнне краязнаўчай асацыяцыі было і камісія абласнога савета народных дэпутатаў лічыла мэтазгоднай устаноўку помніка ў Лідзе ў сувязі з юбілейнай датай. Але чамусьці мясцовыя краязнаўцы сталі блытацца ў месцы для ўстаноўкі і ў выніку ўлады сталі ўстаўляць палкі ў колы — вырашылі адмовіцца ад помніка. Я стаў чакаць і верыў, што прыйдзе час Вітаўта. Прайшоў некаторы час і нечакана забіваюць Арцыменю. Новым старшынёй абралі Сямёна Домаша. Я зразумеў, што трэба дзейнічаць, і зноў пайшоў да старшыні з пытаннем аб усталёўцы помніка».
Домаш зацікавіўся драўлянай скульптурай Вітаўта і прапанаваў гарвыканкаму разгледзець устаноўку ў Гродне. Помнік увесь гэты час знаходзіўся на аўтабазе ў Лідзе. Ён ляжаў на зямлі пад плотам.
«Справу перадалі ў гарвыканкам. У той час пасаду намесніка старшыні па культуры займаў Аляксандр Мілінкевіч. Разам з ім мы паехалі ў Ліду і прывезлі помнік у Гродна. Ён там проста валяўся і нікому не быў патрэбны. Гарадскі савет прыняў рашэнне ўстанавіць помнік у Гродне. Запыталіся ў мяне: дзе б ён лепш глядзеўся? Я прапанаваў месца каля Каложы, але сказалі, што там небяспечна — могуць падпаліць драўляную скульптуру. Тады выбралі месца каля замкаў.
Я быў вельмі задаволены, што гэтае пытанне здолелі вырашыць і Вітаўта ўсё ж такі ўсталявалі ў канцы 1993 года. У гэтым вялікая заслуга Мілінкевіча. Так, помнік прызначаўся для Ліды, але ўсталяваць там не атрымалася. У Гродне ён добра глядзіцца і заняў годнае месца. Вітаўт мае вялікае гістарычнае значэнне для Гродна. Літоўцы, калі прыязджалі ў 1990-х да нас у горад, то заўсёды захапляліся помнікам, казалі што падобны ў іх у Троках стаіць. Два помнікі гэта творы аднаго майстра".
Андрэй Майсяёнак шкадуе, што не паспеў рэалізаваць планы ўстаноўкі помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Максіму Багдановічу. Да рэалізацыі гэтых праектаў было практычна ўсё падрыхтавана.
«Было прынята рашэнне абласнога савета аб усталяванні ў Гродне двух помнікаў: Кастусю Каліноўскаму замест Сакалоўскага з пераносам апошняга на вуліцу Перамогі і Максіму Багдановічу ў невялікім скверы на Тэльмана. Рашэнне было, але пытанне чамусьці падвісла ў часе. Яго ніхто не адмяняў, але помнікі не з’явіліся ў Гродне. Мы не паспелі, памянялася ўлада.
Да гэтага мы вялі вельмі актыўнае жыццё: праводзілі канферэнцыі, усталёўвалі памятныя дошкі, папулярызавалі нашу гісторыю па ўсіх напрамках. Да спадчыны былі зусім іншыя адносіны. Прайшло столькі гадоў і пасля працяглага прастою ў нас зноў ідзе адраджэнне беларускай культуры. Аднаўляюцца замкі і ўсталёўваюцца помнікі. Дзяржава зразумела, што турызм вельмі важны артыкул даходаў, а каб ён быў, трэба мець турыстычны прадукт. Хочацца верыць, што помнікі вядомым дзеячам, якія павінны былі быць усталяваны яшчэ 1990-х, усё ж з’явяцца ў цэнтры Гродна".
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…