29 гадоў таму каля сцен Каложы быў адкрыты помнік «Пагоня на Грунвальд». Паводле гарадской легенды больш за 500 гадоў таму менавіта адсюль пасля ўрачыстай службы ў храме гродзенская харугва вырушыла на поле пад Грунвальдам.

Помнік урачыста адкрывалі 29 лістапада 1990 года пад нацыянальнымі сцягамі. Прыйшло шмат людей. Ініцыятарам падзеі была грамадскаць, мясцовыя ўлады далі згоду.

Палітык, намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама ў сярэдзіне 1990-х Аляксандр Мілінкевіч успамінае, што мясцовая ўлада дала дазвол на ўсталяванне помніка, хаця фармальна патрэбна было ўзгадненне Мінкульта.

«Часы былі такія, мясцовае самакіраванне набірала рэальную сілу. Але гэты помнік з’явіўся перш за ўсё дзякуючы дэпутату аблсавету таго часу Андрэю Георгіевічу Майсяёнку».

Пагоня на Грунвальд
Памятны знак «Пагоня на Грунвальд» каля Каложскай царквы

Твор пісьменніка натхніў на помнік

Сам Андрэй Майсяёнак кажа, что важную роль у адкрыцці памятнага знака каля Каложы сыграў беларускі пісьменнік Кастусь Тарасаў, які выпусціў у 1986 годзе раман «Пагоня на Грунвальд».

«Менавіта Кастусь Тарасаў мяне ўразіў сваёй працай, — кажа Андрэй Майсяёнак. — Ён быў галоўным штуршком для ўсіх нас. Ідэя памятнага знаку нарадзілася пасля яго прыезду ў Гродна. Тады я падумаў: чаму б не выкарыстаць назву яго кнігі ў гэтым знаку?

Тады я быў не толькі дэпутатам, але і намеснікам кіраўніка пастаяннай камісіі па культуры і навуцы. Мы правялі спецыяльнае пасяджэнне з удзелам Гродзенскага аддзялення фонда культуры, таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і дзеючай у той час краязнаўчай асацыяцыі. Мы разгледзелі ўвесь існуючы гістарычны матэрыял і прынялі рашэнне, што помніку быць каля Каложы. І на 50-годдзе Тарасава ў нас з’явіўся знак «Пагоня на Грунвальд»".

Андрэй Майсяёнак асабіста звязаўся з маладым тады гродзенскім скульптарам Алесем Дранцом, які зрабіў і ўсталяваў бронзавую дошку на камяні.

«На адкрыццё помніка прыйшло вельмі шмат людзей, уся гара была запоўненая. Для Гродна гэта была вялікая падзея, бо ўпершыню ў гісторыі горада з’явіўся помнік з пагоняй», — дадаў Майсяёнак.

«Кніга Кастуся Тарасава была галоўным штуршком». 29 гадоў таму ў Гродне адкрылі знак "Пагоня на Грунвальд"
Адкрыццё памятнага знака «Пагоня на Грунвальд», 29 лістапала 1990 года
Падчас адкрыцця помнік асвяцілі каталіцкі, праваслаўны і грэка-каталіцкі святары. На адкрыцці прысутнічалі ўдзельнікі навуковай канферэнцыі «Вітаўт Вялікі і яго эпоха» — гісторыкі з Беларусі, Літвы і Польшчы. Праз нейкі час экскурсаводы каля гэтага помніка ўжо казалі пра тое, што менавіта тут, каля Каложы, праходзілі войскі ВКЛ, якія ішлі на аб’яднанне з Ягайлам і далей разам да Грунвальда.

Першую дошку скралі

Адным са сведкаў тых падзей быў пісьменнік Аркадзь Жукоўскі. Ён згодны, што адкрыццё помніка было знакавай падзеяй.

«Усіх дэталяў я ўжо не памятаю, баюся памыліцца. Адкрывалі помнік урачыста, хоць тады ва ўладзе былі камуністы, як уласна і сёння, — распавядае Аркадзь Жукоўскі. — Не магу сказаць, што было вельмі шмат людзей, некаторыя баяліся прыходзіць. Якая-небудзь сволач магла паведаміць на працы пра ўдзел у мітынгу.

Здаецца, камень каля Каложы стаяў і раней, але да яго дадалі бронзавую бляху — шыльду з надпісам. Яе пасля скралі. Тады быў цяжкі час — ідэалагічная вайна, ды і людзі збіралі маталалом, вось хтосьці і вырашыў зняць бляху з помніка. Неўзабаве паставілі новую дошку, але ўжо з іншага металу.

Добра, што тады помнік з’явіўся, і ў такім памятным месцы. Для гродзенцаў гэта была вельмі важная падзея. Паводле легенды, недалёка ад Каложы ў 1410 годзе праходзіла канцэнтрацыя нашых войскаў, якія потым адправіліся на Грунвальд".

Пагоня на Грунвальд
Адноўленая шыльда на памятным знаку «Пагоня на Грунвальд»

Беларускае месца памяці

Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук у журнале Arche пісаў, што ў 1990-я гады Калажанскае ўзвышша разам з помнікам «Пагоня на Грунвальд» сталася месцам святкавання неафіцыйнага Дня беларускай вайсковай славы, які штогод адзначаецца 8 верасня ў памяць пра пераможную Аршанскую бітву 1514 г.

«Толькі ў постсавецкі перыяд Каложа, сапраўды, ператварылася ў беларускае месца памяці. Вельмі важнай падзеяй стала адкрыццё помніка „Пагоня на Грунвальд“. У гэты ж час, дзякуючы гродзенскім гісторыкам, пашыраецца міф пра магілу славутага ваяра Давыда Гарадзенскага каля Барыса-Глебскай царквы. Прафесар Вячаслаў Швед у артыкуле „Гудзяць гарадзенскія трубы“ распавёў чытачам пра пахаванне Давыда Гарадзенскага „каля царквы Барыса і Глеба ў высокім кургане, на якім зараз шуміць велізарны клён, а Нёман, што цячэ ля падножжа гары гамоніць з князем Давыдам“».

У 2003 годзе паблізу Каложы быў усталяваны вялізны камень з надпісам: «Давыду Гарадзенскаму (каля 1287 — 1326 гг.) — славутаму абаронцу Гродна ад крыжацкай навалы. Ад удзячных нашчадкаў».

«Кніга Кастуся Тарасава была галоўным штуршком». 29 гадоў таму ў Гродне адкрылі знак "Пагоня на Грунвальд"
Помнік Давыду Гарадзенскаму ўсталяваны каля Каложскай царквы
А першы помнік каля Каложы «Пагоня на Грунвальд» стаўся месцам, дзе штогод на Дзень Волі 25 сакавіка ўскладаюцца кветкі ў памяць тых, хто адстойваў незалежнасць Беларусі.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life