«Пры ім тут былі залатыя гады». Сямёна Домаша ўспамінаюць сябры, калегі і чыноўнікі

Грамадзянская паніхіда па былым старшыні аблвыканкама і кандыдаце ў прэзідэнты прайшла ў пахавальным доме раніцай 11 лютага. З Сямёнам Домашам прыйшлі развітацца сябры і знаёмыя, калегі, прадстаўнікі гарадской улады і апазіцыі, а таксама былыя старшыні Гродзенскіх аблвыканкама і гарвыканкама. Напрыклад, гродзенскія экс-мэры Аляксандр Антоненка і Анатоль Пашкевіч. TUT.BY запісаў некаторыя выказванні.

“Будуць браць з яго прыклад”

— Перастала біцца сэрца вельмі яркага чалавека. Ён быў вядомы не толькі ў нашай вобласці, краіне, але і далёка за яе межамі. Сямён Мікалаевіч пражыў яркае, разнастайнае жыццё. І калі б мы маглі спытаць яго зараз, то ён сказаў бы, што жыццё яго было цікавым. Пачаўшы свой працоўны шлях майстрам-механікам аўтатранспартнага прадпрыемства, ён пасля стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета і кіраўніком нашай вобласці, потым працаваў кіраўніком розных прадпрыемстваў. І што б ён ні рабіў, паказваў сябе як высокі прафесіянал і працавіты чалавек. Яму было важна, каб прадпрыемства квітнела і было лепшым у сваёй галіне. Ён стараўся знайсці нешта новае. У яго было проста шмат планаў. І што цікава, ён, у сваім ужо досыць сталым узросце, захоўваў нейкі дзіцячы запал… Я ведаю адно – і сённяшнія кіраўнікі, і тыя, хто прыйдзе пазней, будуць браць з яго прыклад, – сказаў старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Барыс Фёдараў.

“Апярэджваў свой час”

Успомнілі былога палітыка і яго калегі па выбарчай кампаніі 2001 года.

—  Я думаю, што ён самы выдатны і значны гродзенскі палітык часоў перабудовы і першых гадоў беларускай незалежнасці. Сапраўдны лідар. Ён мог стварыць каманду з зусім розных людзей і спецыялістаў. Не баяўся паставіць побач тых, хто ведаў больш за яго. Ён прыслухоўваўся да меркавання тых ці іншых спецыялістаў, мяркуючы, што яны ведаюць у сваёй галіне лепш за яго. Ён ніколі не падвышаў ні на каго голас, але быў сапраўды жорсткім і вельмі патрабавальным кіраўніком, — казаў палітык Аляксандр Мілінкевіч.

І успамінае з сумнай усмешкай выпадак: на адной з планёрак у аблвыканкаме Сямён Мікалаевіч вырашыў, што далей сходы будуць праходзіць на беларускай мове, бо тады, у пачатку 1990-х, ва ўладзе быў курс на беларусізацыю.

— Ён пытае ў прысутных: «Вы ў якіх школах вучыліся? У беларускамоўных? Ну вось, калі мы хочам, каб людзі пачалі размаўляць на беларускай мове, мы самі павінны даць ім такі прыклад». Так планёркі пачалі праходзіць па-беларуску.

«Пры ім тут былі залатыя гады». Сямёна Домаша ўспамінаюць сябры, калегі і чыноўнікі

Прысутныя на паніхідзе не раз паўтараюць: Сямён Мікалаевіч у сваіх ідэях апярэджваў час, у якім жыў і актыўна працаваў. Напрыклад, яшчэ ў пачатку 1990-х узяў курс на развіццё бізнесу – лічыў, што менавіта прадпрымальнікі, вялікія і маленькія, здольныя «выцягнуць» эканоміку не толькі вобласці, але і ўсёй краіны.

— Паглядзіце, ён пра гэта казаў яшчэ тады. І ўсё роўна мы дайшлі да таго, што трэба падтрымліваць бізнес. Як быццам бы гэта сучасная ідэя, — кажа Мілінкевіч.

Кампанія 2001 года

Успамінаюць прысутныя таксама выбарчую кампанію 2001 года, калі Сямён Домаш зняў сваю кандыдатуру.

– Я была ўпэўненая, што ён стане прэзідэнтам, – раптам досыць гучна кажа адна з прысутных. З ёй адразу ж пачынаюць спрачацца: маўляў, мала было ў Сямёна Мікалаевіча шанцаў.

— Я думаю, што ўсё было магчыма. Але ён даў слова, што, калі ўсе дэмакратычныя кандыдаты прагаласуюць за кагосьці іншага, то ён, няхай гэта і несправядлівае рашэнне, згадзіцца з ім. Ён быў чалавекам слова — таму і зняў сваю кандыдатуру. Хаця рэйтынгі ў яго былі лепшыя. У Ганчарыка было больш грошаў. Грошы і перамаглі тады, на жаль. Ці шкадаваў ён? Не ведаю. Нічога не казаў, жыў і працаваў далей, — кажа Аляксандр Мілінкевіч.

“Быў найлепшым кіраўніком вобласці”

Успамінаюць прысутныя і тое, як, яшчэ быўшы мэрам Ліды, Сямён Домаш паспрыяў з’яўленню там помніка Адаму Міцкевічу.

— Ён тады сказаў: а як помнік можа зрабіць нам горш? А потым дапамог з’яўленню польскай школы ў Гродна. Тады ён казаў: «Чаму ў рассейскамоўнай меньшасці ёсць свае школы, а ў польскамоўнай — няма? Няхай будзе і ў іх». Так з’явілася польская навучальная ўстанова, — успамінае заснавальнік і першы старшыня Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін.

— Практычна, гэта залатыя 1990-я гады, калі ўсё мянялася, калі была надзея на лепшае. [Генрых] Крупенка кіраваў горадам, [Сямен] Домаш кіраваў вобласцю. І ўсё развівалася, кудысьці рухалася, віравала нейкая крохкая, але вельмі ўразная энергія. Пачалі, напрыклад, святы нацыянальныя святкаваць… Гэта быў проста класны чалавек. І ўсё ў яго было класна. Упэўнены, што ён быў лепшым кіраўніком нашай вобласці. Вельмі шкада, — кажа акцёр і бард Віктар Шалкевіч.

Пахавалі Сямёна Домаша на гарадскіх могілках «Сакрэт» у Гродне.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: