Некалькі дзясяткаў іншаземцаў удзельнічаюць у праекце “Жыць у Беларусі”, які ініцыяваў ланкіец Дэні, што ўжо каля трох гадоў жыве ў Гродне. Замежнікі вучацца хадзіць у краму, карыстацца грамадскім транспартам і банкаўскімі паслугамі – набываюць неабходныя веды і навыкі, якіх не даюць ва ўніверсітэтах. Ініцыятыву падтрымала арганізацыя народнай адукацыі “Актыўным Быць Файна”.

Дапамагае ўласны досвед і жонка

“Я памятаю, як мне было складана ў першыя месяцы пасля прыезду. Я не размаўляў па-руску, не ўмеў карыстацца грамадскім транспартам, не ведаў простых беларускіх прадуктаў у краме, не мог набыць SIM-карту… Цяпер, калі я адчуваю сябе тут як дома, маю патрэбу падзяліцца сваімі ведамі і дапамагчы іншым замежнікам адаптавацца ў нашым горадзе”? – распавядае Дэні.

Чытайце яшчэ:  Прыехаў вучыцца і завёў сям'ю. Як жывецца шрыланкiйцу Дэні ў беларускiм Гродне

Падтрымала інітыатыву Дэні і яго жонка Даша. Яна беларуска і ёй прасцей знаходзіць патрэбную інфармацыю. Ды і з методыкамі народнай адукацыі дзяўчына добра знаёмая. Гэта дапамагае зрабіць навучальныя імпрэзы больш інтэрактыўнымі і цікавымі. Каб удзельнікі не толькі маглі атрымліваць новыя веды, але і далучацца да культуры.

Дэні са Шры-Ланкі дапамагае замежнікам у Гродне адаптавацца да беларускага жыцця
Дэні і Даша

Навучанне праходзіць у форме гурткоў

Рэалізуецца праект на дэмакратычных асновах – самі ўдзельнікі вырашаюць, якія веды ім партэбны і чым варта займацца. Навучанне праводзіцца ў форме гурткоў. Найбольш запатрабаваныя з іх: “Карыстанне грамадскім транспартам”, “Інтэрнэт і тэлефон у Гродне”, “Банкаўскія паслугі”. Падчас практычных заняткаў гурткоўцы наведвалі музей Януша Паруліса, “Цудоўню”, выставы і кірмашы беларускіх майстроў.

Чытайце яшчэ:  Уразілі не экспанаты, а гаспадар: у музей Януша Паруліса прыйшлі наведвальнікі з Афрыкі і Азіі

“На Масленіцу для нас арганізавалі вячэру, – распавядае студэнт з Індыі Сэмуэл. – Я навогул люблю смачна і шмат паесці і мне было цікава пакаштаваць нацыянальныя стравы. Мы частаваліся дранікамі, вялізнымі блінамі з мачанкаю і аладкамі з чарнічным сочывам”.

Заняткі ў навучальных гуртках праводзяцца ў нефармальнай абстаноўцы. Напрыклад, на гуртку “Руская размоўная мова” ўдзельнікі развучваюць песні, граюць у гульні на чытанне і запамінанне слоў.

“Мне даволі складана даецца руская мова ва ўніверсітэце, – тлумачыць Сэмуэл – А тут я нават не заўважыў, як вывучыў 12 новых слоў. Я ніколі раней не сутыкаўся з навучаннем праз гульні, гэта выдатна!»

Карысна не толькі для замежнікаў

Навучэнцамі праекта “Жыць у Беларусі”сталі прадстаўнікі больш дзясятка краін Азіі і Афрыкі. Большасць з іх – студэнты, што прыехалі ў Гродна, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Сярод іх ёсць выхадцы з Пакістана, Індыі, Шры-Ланкі, Мальдываў, Гааны, Нігерыі, Самалі, Камеруна, Узбярэжжа Слановай Косці і іншых краін. Час ад часу заняткі наведваюць замежнікі з Польшчы і Украіны, шмат удзельнікаў з Беларусі прыходзяць на гурткі, каб дапамагчы сябрам.

Дэні са Шры-Ланкі дапамагае замежнікам у Гродне адаптавацца да беларускага жыцця
Маргарыта Чайкоўская, старшыня грамадскай арганізацыі “Актыўным быць файна”

“Праект “Жыць у Беларусі” карысны не толькі для замежнакаў, але і для нашых грамадзян, – кажа Маргарыта Чайкоўская, старшыня грамадскай арганізацыі “Актыўным быць файна”. – Удзел у праекце, ці нават проста назіранне за яго працай, дазваляе беларусам убачыць гасцей з замежжа, як кажуць, “на ўласныя вочы”, а не рабіць высновы паводле стэрэатыпаў. Замежнікі, якія свабодна размаўляюць, разумеюць культуру і традыцыі Беларусі, дапамогуць нашым суайчыннікам стаць талерантней”.

Заняткі дапамагаюць эканоміць і арыентавацца ў сітуацыі

“Веды, якія мы стараемся даць, дапамогуць замежнікам істотна зэканоміць бюджэт. Гэта зробіць навучанне ў Беларусі для іх больш прывабным, – разважае адна з арганізатарак гурткоў у Гродне Дар’я Нячай. – Штодня большасць замежных студэнтаў марнуюць на таксі ад 15 рублёў і болей, а пры падліках за месяц ці ўвесь час навучання сума атрымліваецца важкай».

Дэні са Шры-Ланкі дапамагае замежнікам у Гродне адаптавацца да беларускага жыцця

“Мой агент у Беларусі не адказваў на тэлефаванні і проста знік, – распавядае Рэнэ з Камеруна. – Ва ўсіх, хто пыехаў у адзін час са мной, навучанне ўжо пачалося, а я нават не ведаў, куды павінен ісці. Я патэлефанаваў да Дэні, таму што ў Гродне на той час пражыў толькі два тыдні і акрамя ўдзельнікаў праекта нікога не ведаў. Разам звярнуліся ў дэканат і высветлілі щсю неабходную інфармацыю. Таксама ён дапамог мне памяняць тарыф на мабільным на больш зручны і разабрацца з банкаўскай карткай”.

Сваякі ўдзельнікаў перадаюць падзякі, прывітанні і падарункі

“Я шчаслівая, што патрапіла на праект, – кажа Чандрыка са Шры-Ланкі – Прыехала ў мінулым годзе і да сёлета мела складанасці ў камунікацыі, па горадзе магла перамяшчацца толькі на таксі. Зараз, дзякуючы ўдзелу ў гуртку, навучылася карыстацца грамадскім транспартам. Яшчэ ў мяне з’явіліся сапраўдныя сябры, яны мне дапамагаюць ва ўсім – арэндаваць кватэру, атрымаць паштовую пасылку. Мая маці заўсёды, калі тэлефануе, перадае Дэні падзякі, бо я расказваю ёй аб усіх сваіх справах. Мой муж сёлета нават даслаў невялікі падарунак для Дэні і яго жонкі. Кажа: “Гэта саме малое, што я магу зрабіць для іх у падзяку”.