“У мяне заўсёды былі сабакі, праўда, меншыя, пекінэсы”, – Ірына Ісачанка гладзіць аўчарку Альфу па холцы, сабака зазірае ёй у вочы. Альфу ёй падарылі два гады таму маленькім шчаняткам, каб запоўніць эмацыйную пустэчу ў жыцці сталай жанчыны. Маўляў, дзеці выраслі і жывуць сваім жыццём, а з такой сяброўкай будзе весялей і больш бяспечна. Толькі сяброўства напачатку не складвалася. “У сем месяцаў ужо думала, як ад яе пазбавіцца, бо вялізным сабакам стала немагчыма кіраваць”, – прызнаецца Ірына. І невядома, як бы магла скончыцца гэта гісторыя, калі б выпадкова не убачыла аб’яву на плоце.

3

Пачала дзеля Альфы

Выгульваць сабаку Ірына вадзіла на адмысловую пляцоўку ў раёне вуліцы Дамброўскага. Аднаго разу заўважыла там аб’яву, што Чырвоны Крыж разам з МЧС набіраюць валанцёраў з сабакамі ў атрад ратавальнікаў. “Шчыра кажучы, вырашыла пайсці паспрабаваць больш дзеля Альфы”, – прызнаецца яна. Аказалася – знайшла кампанію шчырых людзей, з каторымі і працаваць і адпачываць прыемна. А атрад ратавальнікаў стаў для абедзьвюх  неад’емнай часткай жыцця. “Як хлеб”.

Амаль два гады, што яны разам займаюцца ў прафесійнага кінолага з МНС Міхаіла Гатоўчыца, ператварылі даму з непаслухмяным сабачкам у сапраўдных пашукавікоў. Альфу зараз – не пазнаць, яна шмат чаму навучылася. Ад простых каманд “сядзець” ці “ляжаць” да працы ў пошуку. Сабака можа знайсці чалавека па згубленай рэчы і упэўнена ходзіць па следзе.

12

Ад дамы з сабачкам да надзейных напарнікаў

У жыццё Ірыны такі “ўніверсітэт” таксама прыўнёс змены. Найперш, трэніроўкі з сабакам – гэта не проста шпацыр. Тры-чатыры кіламетры – тая яшчэ фізічная нагрузка. То і сама загартавалася, стала адчуваць сябе здаравей. Яшчэ – стала больш дысцыплінаванай і пачала паспяваць тое, на што раней не хапала часу. Заняткі двойчы на тыдзень, абавязкова. Гэта стымулюе навесці ў жыцці парадак, раскласці ўсё па палічках. Калі з’яўляецца сапраўднае захапленне, то на яго заўсёды пастараешся знайсці час. Тым больш, калі карысна гэта не толькі для сябе.

4

Так і атрымалася, што праз валанцёрскі атрад і жыццё напоўнілася, і сябры-аднадумцы знайшліся, і Альфа стала ўзорным сабакам.

Сакрэты маладосці

“У атрадзе я маладзею душой, – з радасцю расказвае Ірына Ісачанка аб сваіх калегах і сумеснай працы. – Раней і не задумвалася, як многа вакол харошых людзей сярод моладзі. Неяк прывыкла звяртаць увагу на негатыў, ён часцей кідаецца ў вочы. А тут бачу добрых і шчырых людзей, што заўжды гатовы прыйсці на дапамогу, падставіць плячо ў цяжкай сітуацыі”.

Гэта, з яе словаў, стымулюе быць “заўжды ў першых шэрагах”, каб не было сорамна перад калегамі. Калі б такімі былі ўсе навокал, то, жартуе Ірына, “даўно б ужо пабудавалі камунізм”.

“Знаёмыя і калегі на працы ведаюць, што я валанцёр-ратавальнік, – расказвае жанчына. – Але асабліва я гэта не афішую, неяк саромеюся. Проста, калі трэба дапамагчы – то так і зраблю. Зараз мы з Альфай ужо многа ўмеем”.

9